15 лістапада 1907 г. памёр Юзаф Каліноўскі – удзельнік паўстання 1863—1864 гг., мемуарыст, настаўнік, каталіцкі дзеяч.
Фота: niedziela.pl
Юзаф нарадзіўся 1 верасня 1835 г. у Вільні. У 1856 г. ён паступае навучацца ў Санкт-Пецярбургскую Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію. Паспяхова скончыўшы навучанне, малады ваенны інжынер працаваў на будаўніцтве чыгункі Адэса – Курск, скончыў працу ў 1860 г. і перабраўся ў Брэст. Там служыў вайсковым інжынерам Брэсцкай крэпасці, атрымаў званне капітана. Праз тры гады сышоў у адстаўку і пераехаў у Вільню, дзе далучыўся да паўстання 1863 – 1864 гг. У чэрвені 1863 г. ён збліжаецца з Кастусём Каліноўскім, узначальвае ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы. Па меркаванню некаторых гісторыкаў, Юзаф і Кастусь былі сваякамі, хаця дакладных доказаў і няма, але дваранскі герб «Калінава» належаў абодвум.
Юзафа арыштавалі 13 сакавіка 1864 г., ён, як і Кастусь, былі тымі нешматлікімі кіраўнікамі паўстання, што да апошняга заставаліся ў краіне і спрабавалі ўзняць бунт наноў. Юзафа мусіў напаткаць лёс Кастуся – смерць, аднак прысуд быў потым заменены на 10 год высылкі і катаржнай працы. Яго выслалі на Іркуччыну, але праз 5 год катаргі прысуд змякчылі і дазволілі Юзафу перабрацца на вольнае пасяленне ў Іркуцк і потым у Перм.
Пазней ён браў удзел у накуковых даследаваннях Сібіры, а ў 1873 г. вярнуўся на Радзіму. Потым перабраўся ў Парыж, каб апекавацца нашчадкам князя Уладзіслава Чартарыйскага. Глыбокае захапленне хрысціянствам прывяло да таго, што Юзаф адправіўся ў Аўстрыю, каб там сысці ў манаства. Абраў ён Ордэн кармялітаў (босых), атрымаў манаскае імя Рафал. У 1880 г. быў накіраваны ў ролі прыёра ордэнам да Чэрна, а з 1899 г. быў прызначаны генеральным вікарыем кармелітаў на Галіччыне. У часы манаства пісаў успаміны пра падзеі паўстання 1863 – 1864 гг. і публікаваў іх.
Памёр ад сухотаў 15 лістапада 1907 г. Беатыфікацыя Рафала адбылася пры Папе Яне Паўле II – 22 чэрвеня 1983 года ў Кракаве. 17 лістапада 1991 года ў Рыме Юзаф Рафал Каліноўскі быў абвешчаны святым. У каталіцтве ўзгадваюць малітваю Святога Рафала 20 лістапада, з’яўляецца патронам вайскоўцаў і заступнікаў у цяжкіх справах.