15 прыемных рэчаў, якія варта зрабіць вясной

01.03.2024 Забавы

Каб гэтая вясна запомнілася надоўга, неабавязкова рабіць нешта грандыёзнае. Невялікіх, але цікавых заняткаў будзе цалкам дастаткова. Мы сабралі для вас спіс простых і рэалістычных ідэй, якія напоўняць гэты час года цікавымі падзеямі, зблізяць вашу сям’ю і запомняцца як прыемны і вясёлы час.


abudzennie.jpg

1. Паназірайце за абуджэннем прыроды

Першае і самае відавочнае — паназіраць за тым, як абуджаецца прырода. Часцей выбірайцеся з дому і проста шпацыруйце, каб заўважыць, як растае снег, расцвітаюць дрэвы і вяртаюцца птушкі.

2. Пачніце працаваць над сабой

Калі не вясной, дык калі яшчэ? Прачынайцеся раней, займайцеся спортам ці нарэшце пачніце размаўляць па-беларуску — успомніце пра тое, што даўно хацелі зрабіць, але не даходзіла да гэтага. Вы можаце пачаць весці дзённік са сваімі планамі і ўвесці здаровыя звычкі ў сваё паўсядзённае жыццё. Усё атрымаецца!

Глядзіце яшчэ: 

Дзе вучыць беларускую мову без гвалту і суму? Падборка анлайн-рэсурсаў

natatnik.jpg

3. Рэарганізуйце прастору

Гэта можа быць як генеральная ўборка або перапланіроўка дома, так і проста замена шпалер на працоўным стале. Галоўнае, каб змены былі прыемнымі і радавалі вас асабіста.

4. Працуйце па-за домам або офісам

Вядома, калі работа дазваляе. Змена абстаноўкі можа добра адбіцца на працоўным настроі, варта паспрабаваць.

picnic.jpg

5. Пікнік

Гэта занятак для цёплага надвор’я. Вы можаце сабрацца з сябрамі або сям’ёй, навучыцца гатаваць нешта новенькае і частаваць адно аднаго. Прыдумайце актыўныя гульні або вазьміце з сабой настольныя. А можна проста наведаць кавярню з адкрытай тэрасай і таксама паабедаць на свежым паветры.

fotapalavanne.jpg

6. Арганізуйце фотапаляванне

І спаборніцтва паміж сябрамі. Фатаграфаваць жывёл, птушак, расліны ці нават насякомых падчас абуджэння прыроды надзвычай цікава і захапляльна. У працэсе можна нават карміць жывёл, але перад гэтым варта пацікавіцца, якая ежа для іх карысная, а якая шкодная.

7. Зрабіць падарунак

Сабе, блізкім ці проста незнаёмым людзям. Гэта можа быць любая дробязь або тое, што даўно хацелі. Проста так, без нагоды.

cards.jpg

8. Раздрукуйце фатаграфіі і раздайце іх сваякам і сябрам

Як новыя, зробленыя сёлета, так і старыя. З іх будзе цікава зрабіць гірлянду або тэматычны фотаальбом.

9. Пасадзіце кветкі

Ці дрэва. Або зладзьце міні-агарод дома — на падаконні або балконе. Зрабіце ўласны ўнёсак у росквіт усяго навокал.

10. Арганізуйце паездку на адзін дзень

Вы можаце адправіцца на экскурсію па сваім горадзе, каб даведацца пра яго нешта новае, з’ездзіць у адпачынак ці нават па цікавых гістарычных мясцінах. Прагулка ў парку, лесе або проста прагулка на паветры абавязкова будзе карыснай і прыемнай.

sakura.jpg

11. Наведайце дэндрарый або батанічны сад

Вядома, вакол столькі ўсяго цікавага, але калі вы ўжо вывучылі ўсю флору паблізу, вы знойдзеце тут нешта новае. Красаванне раслін і дрэў вясной — чароўнае відовішча. 

karablik.jpg

12. Прагуляйцеся пад дажджом

Безумоўна, у цёплае надвор’е. Прагуляйцеся з парасонам або прамокніце да ніткі. А пасля яго заканчэння — знайдзіце ў небе вясёлку, скачыце па лужынах або запускайце папяровыя караблікі па ручаях. Толькі не забудзьцеся злавіць іх пасля і выкінуць.

13. Дадайце колеру ў сваё жыццё

Купіце яркую рэч — вопратку, аксесуары, упрыгажэнні для дома або проста яскравы букет кветак. Размалюйце асфальт сонечнымі ўзорамі і дарыце ўсмешку мінакам.

14. Складзіце вясновы плэйліст

Добра, калі гэта будзе беларуская музыка. Яшчэ лепш, калі плэйліст будзе ўзнёслым і ўзніме настрой.

irish-coffe.jpg

15. Прыдумайце для сябе новую традыцыю

Напрыклад, адсвяткаваць Дзень Святога Патрыка, наведаць адкрыццё атракцыёна, мастацкай або фотавыставы, фестываль, музей або клуб па інтарэсах.

В. Ч., Budzma.org