Працэс над Таццянай адбываецца ў мінскім судзе Заводскага раёна, яе абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Праваабаронцы паведамляюць, што сацыёлаг у судзе знаходзіцца ў кайданках, але на працэс пусцілі ўсіх жадаючых.
Таццяна Вадалажская вядомая экспертка ў сферы сацыялогіі, экспертка аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту», старшая аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.
Упершыню была затрымана 4 жніўня 2021 г. пасля вобшуку дома, правяла 10 сутак на Акрэсціна, пасля чаго яе адпусцілі ў статусе падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). На працягу ўсяго гэтага часу Таццяну некалькі разоў выклікалі на допыты ў СК.
У сярэдзіне сакавіка 2022 года Таццяна падала хадайніцтва ў СК з просьбай аб дазволе выехаць у Літву на лячэнне. 23 сакавіка пайшла па адказ на сваё хадайніцтва ў СК, але там ёй была прад’яўленая пастанова аб заключэнні пад варту.
Каардынатарку «Лятучага ўніверсітэта» Таццяну Вадалажскую асудзілі да 2,5 гадоў «хіміі» і адпусцілі ў зале суда.