24 кастрычніка ў Гомелі адбылася прэзентацыя кнігі паэткі Ірыны Багдановіч “Душа лістападу”

24 кастрычніка ў Музеі гісторыі горада Гомеля адбылася прэзентацыя кнігі паэткі Ірыны Багдановіч “Душа лістападу”, якая выйшла ў 2012 годзе ў бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Падчас прэзентацыі адбыўся выступ барда Таццяны Беланогай, якая прэзентавала публіцы свае песні і песні на вершы беларускіх паэтаў – Дануты Бічэль, Яўгеніі Янішчыц, Максіма Багдановіча.

Прэзентацыя ў Гомелі – першая прэзентацыя кнігі “Душа лістападу” Ірыны Багдановіч. І як супала, што менавіта Гомель – родны горад паэткі, у якім яна вырасла.

Аўтарка чытала вершы з кнігі і распавядала гісторыі стварэння некаторых з іх, дзялілася ўспамінамі са свайго дзіцячага і юнацкага жыцця ў Гомелі.

Выступоўцы правялі конкурс на самую прыгожую оду беларускай мове, пераможцы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі” – торбы, паштовачкі, дыск з мультфільмам “Будзьма беларусамі!”.

Выступ у  Музеі гісторыі горада Гомеля – своеасаблівы працяг традыцый тых часоў, калі ў гэтых сценах праводзіліся літаратурныя сустрэчы. І праўда, на выступе прысутнічалі  навукоўцы, паэты, выкладчыкі, студэнты і школьнікі. Са словам пра паэтку і яе творчасць выступілі прафесары Іван Фёдаравіч Штэйнер і Вольга Аляксееўна Ляшчынская, а таксама пісьменнік Анатоль Бароўскі.