Валера Руселік: «Мне хочацца, каб мой — беларускамоўны! — голас быў урэшце пачуты»

Вы калі-небудзь сустракалі кагосьці альбо штосьці... сярэднестатыстычнае? Вось у нас жа любяць апэраваць гэткім паняткам: сярэднестатыстычны жыхар Беларусі, сярэднестатыстычная хатняя гаспадарка, сярэднестатыстычны выбарца... І ўсё вакол скачуць з бубнамі вакол гэтых «сярэднестатыстычных», пры гэтым прапаноўваючы нам, НЕсярэднестатыстычным, ня блытацца пад нагамі, пастаяць убаку, пачакаць сваёй чаргі. І гэтак — усё жыцьцё. Стаім і чакаем, ахвяруем сваімі ўласнымі інтарэсамі і правамі дзеля кагосьці, каго ў рэчаіснасьці нават не існуе. Каго-каго, а Валеру Руселіка гэтае чаканьне даўно дастала. А таму ў сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» ён дае жорсткі адказ усім, хто прапаноўвае нам ахвяраваць сваім «я» дзеля немаведама каго.

Valiera Rusielik
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву

Дзе лёгіка?

Ведаеце, я яшчэ ў Беларусі не разумеў, калі апазыцыйныя палітыкі, якія дэкляруюць сваю прыхільнасьць да прабеларускіх і празаходніх каштоўнасьцяў, часьцяком цалкам альбо часткова беларускамоўныя, у часе агітацыйных праграм былі пераходзілі... на расейскую мову. Маўляў, гэтак дагрукаемся да большае колькасьці выбарцаў, пераможам, а воооооооось тадыыыыыыы — тады і па-беларуску ўжо ўлупім дык улупім!

І пагатоў не разумею, калі бачу, як і за мяжою гэтая гісторыя паўтараецца: маўляў, здравствуйте, голосуйте за нас на выборах в Коодинационный Совет — мы будем вашим голосом!

Ня ведаю, як там у каго, але ў мяне, беларускамоўнага вось ужо 29 гадоў, голас — беларускамоўны.

Ahitacyjny pliakat da vybaraŭ u Kaardynacyjnuju Radu 4-ha sklikańnia
Агітацыйны плякат да выбараў у Каардынацыйную Раду 4-га скліканьня

І калі ў Беларусі яшчэ можна было нацягваць хаця б нейкую лёгіку на глёбус: маўляў, на беларускамоўных аўтаматычна вешаецца таўро апазыцыйнасьці, а паспалітыя грамадзяне цураюцца ўсялякае палітыкі, ім бы папросту нармальна жыць, таму і трэба мімікраваць — дык а ў замежжы, дзе большасьць з тых, хто хоць крыху цікавіцца палітыкай і можа стаць патэнцыйным выбарцам, знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі як раз-ткі праз палітычны перасьлед — перад імі навошта пад кагосьці мімікраваць?

Не разумею.

Dzień Voli ŭ Varšavie, 2022 h.
Дзень Волі ў Варшаве, 2022 г. Дзеля каго тут пераходзіць зь беларускай мовы на расейскую? Фота: «Белсат»

 Пра каштоўнасьці і крывадушша

Ну добра, гэта быў караценькі экскурс у лёгіку. А зараз — пра галоўнае. Пра каштоўнасьці.

Ніколі не разумеў тых, хто публічна топіць за нешта вялікае, сьветлае і добрае — і пры гэтым у жыцьці аніяк не трымаецца каштоўнасьцяў, якія сам жа спавядае з трыбуны. Вось якая, скажам, вага расейскамоўных заклікаў любіць і шанаваць беларускую мову? Ты сам спачатку пачні яе шанаваць, пачні ёю карыстацца ў штодзённым жыцьці, а потым ужо і іншых заклікай, праўда?

Ну альбо калі палітык адным з галоўных пунктаў сваёй выбарчай праграмы пазначае «образование. Создание обязательных образовательных учреждений для белорусских детей в эмиграции: сад — школа — колледж (иначе мы ассимилируемся и растворимся)» — мне, беларускамоўнаму тату беларускамоўнага хлопчыка, як паверыць у гэтую «озабоченность» асыміляцыяй беларусаў?

Ня веру. Як па мне, гэта ўжо нейкае крывадушша.

Можна колькі заўгодна паўтараць вядомае выслоўе пра палітыку як брудную справу. Аднак асабіста я ад гэтага бруду даўным-даўно стаміўся. Мяне ад гэтага бруду даўно ўжо цягне на ваніты.

Мне хочацца нармальнасьці. Мне хочацца праўды. Мне хочацца каштоўнасьцяў, супольных з маімі. Мне хочацца, каб мой — беларускамоўны! — голас быў, урэшце, пачуты. Мой, менавіта мой. А ня нейкага ўмоўнага, гіпатэтычнага сярэдняга выбарцы, якога ніхто ніколі ня бачыў, але пра якога ўсе вакол гэтак рупяцца.

А хто парупіцца пра мяне? Мне 44. Я жыву ў вымушанай эміграцыі. Выхоўваю па-беларуску свайго сына. Сярод мноства расейскамоўных ініцыятываў шукаю для яго хай і рэдкія, але нашыя, беларускамоўныя.

У мяне няма іншага жыцьця, каб папросту сядзець і чакаць, калі гэты гіпатэтычны сярэднестатыстычны расейскамоўны Ваня стане задаволены жыцьцём, і таааадыыыыыыыы ўжо (можа быць!) надыдзе і мая чарга.

Я жыву сваё беларускамоўнае жыцьцё тут і цяпер.

І менавіта таму ўсе гэтыя «ну мы же единомышленники, проголосуй за меня сейчас, а потоооооом...» — не па адрасе. Міма мяне.

Valiera Rusielik z synam
Валера Руселік з сынам Конанам на беларускім Купальлі, Варшава, 2025. Фота з архіву аўтара

А зараз — пра пазытыўнае

Вы зьвярнулі ўвагу на тое, колькі раней расейскамоўных палітыкаў, творцаў, экспэртаў, актывістаў, блёгераў паступова, але няўхільна беларусізаваліся? Для мяне гэта настолькі лягічны й незваротны працэс, што нават размаўляючы зь некаторымі дагэтуль расейскамоўнымі адзінадумцамі, я ў душы ціхенька ўсьміхаюся: хто ведае, можа, ужо наступная нашая гутарка будзе цалкам беларускамоўная. Можа, праз адну-дзьве, хай нават пяць-дзесяць — але абавязкова будзе.

Таму што ў нас сапраўды адныя каштоўнасьці. Не на публіку і не для палітычнае трыбуны, а найперш — у сэрцы.

Таму што мы — беларусы.


Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org