Адзін з найлепшых беларускіх музычных праектаў году зроблены на Падляшшы.
Да швэдзкага поп-гурта гэты праект аніякага дачыненьня ня мае. “Аб-Ба” – гэта літаральна “АБ’яданьне БАцькоў”, грамадзкае аб’яднаньне, у якое ўваходзяць неабыякавыя да беларускай культуры жыхары Падляшша, дзеці якіх вывучаюць беларускую мову. Лічба “25” узятая ў загаловак праекту з нагоды юбілею фэстывалю “Басовішча”, які адзначаўся летась: шмат у чым дзякуючы яму тут сфармаваўся інтарэс да сучаснай беларускай культуры. Ідэя праекту “25 АББА-аркестар” простая і ляжала нібы на паверхні, але рэалізаваная ўпершыню: этапныя для беларускага року песьні сьпяваюцца арыгінальнымі вакалістамі разам зь дзіцячым хорам. Такім чынам сымбалізуецца пераемнасьць пакаленьняў і выклікаецца сьляза замілаваньня ад таго, што дзеткі пяюць творы, на якіх расьлі іх бацькі. Так, можа, ня ёсьць у самой Беларусі, але ёсьць на Падляшшы, дзе ў беластоцкай пачатковай школе №4 могуць даць майстар-клас усяму Міністэрству адукацыі Беларусі на прадмет складаньня належным чынам праграмаў для выхаваньня дзетак у беларускім духу. Тут дзеткам ня толькі распавядаюць праўдзівую гісторыю і вучаць жывой мове, але і прапаноўваюць засьпяваць з сапраўднымі рок-зоркамі на адной сцэне.
На добры лад, большасьць з выкананых у гэтым праекце песень мусілі ўжо стаць для беларусаў нечым неад’емным, сьпявацца на ўроках музыкі ў беларускіх школах і гучаць у выкананьні прэзыдэнцкага аркестру ў Палацы рэспублікі. Можа, яно так і будзе калі-небудзь пры нашым жыцьці, але пакуль гэта адбылося ў межах аднаго невялічкага бацькоўскага згуртаваньня, якое дае выдатны прыклад таго, як можна на практыцы зачараваць сваёй ідэяй усіх наўкол.
Праект трымаецца на песьнях Вольскага, Варашкевіча і Памідорава ды зорак беларускага падляшскага року Юркі Асеньніка ды Хрыстафора Сяськевіча, якія невядомыя тут, але вартыя ня меншай павагі. Задума была яшчэ больш маштабнай і вымагала прысутнасьці, напрыклад, Міхалка, Кульлінковіча, Кораня, Вайцюшкевіча, але кожны зь іх ня змог з сваёй прычыны – крыўда гэта на нешта, занятасьць ці няздольнасьць адчуць увесь смак ідэі, якая розьніца. Праект і бязь іх выйшаў шыкоўным.
Усе песьні былі перайграныя наноў беластоцкімі музыкамі – без перацягваньня коўдры і адсабечыны, але дасканала і грунтоўна, зь мяккімі гітарнымі пасажамі, з далікатнымі аранжаваньнямі, прасякнутымі шчырай павагаю да першакрыніцы, з захаваньнем арыгінальнага нэрву. Гэтыя песьні розных гадоў, настрояў і нават пасылаў яднае адно – узьнёсласьць і веліч.
Дзіцячы хор і галоўны вакаліст у кожнай песьні суіснуюць вельмі гарманічна. Хоць уявіць “Радзіму-свабоду” ад Zet ці “Радыяцыю” ад Kardon з хорам дзетак было раней проста ня тое што нерэальна – дзіка. Але – надзіва! – тут усё дарэчы. Нават цяжкаватая для ўспрыманьня ў арыгінале “Шызафрэнія” ад даўно неіснуючай беластоцкай каманды R.F.Braha тут слухаецца зь вялікай прыемнасьцю. І яшчэ немалаважны момант у выпадку Асеньніка і Сяськевіча – яны ў гэтым праекце ўпісаныя ў адзіны беларускі музычны кантэкст, дзе і мусяць знаходзіцца, хоць заўжды існавалі адасоблена. Мог бы быць тут яшчэ і Андрэй Паплаўскі з RIMA, і Ілона Карпюк для паўнаты карціны.
У праекце “25 АБ-БА” не адчуваецца фальшу і патасу, які часта сустракаецца ў музычных праектах, дзе бяруць удзел дзеці, бо часта яно пяецца з прымусу і муштры, а не зь любові і пашаны. А тут відавочна, што маленькія вакалісты пяюць свае песьні, якія чулі і пяялі да заснаваньня гэтага праекту і якія не забудуць і пасьля яго рэалізацыі, а можа, нават зачаруюць імі і сваіх дзяцей у будучыні.
Праект паказвае, што неабходна зьвяртацца да беларускай музыкі і зьдзьмуваць пыл з старых касэтаў і дыскаў. Сьпяваць іх разам і паасобку, з аркестрамі і хорамі, у караоке-бары і зь вялікай сцэны. Бо гэтыя творы, напісаныя 15-30 гадоў таму, па-ранейшаму хвалююць і натхняюць. А значыць, яны сапраўдныя.
Спампаваць альбом можна на Tuzin.fm
Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 10
Аздабленьне: 10
Сяргей Будкін