Беларуская місія: бліны з цёртай бульбы?..

24.08.2026
Воранаўскі раён стаў «столицей драника и достойно справляется с этой миссией». Там адчынілі цэнтр «Беларускі дранік». Не кропку з фаст-фудам, не рэстаран, а культурна-адукацыйны цэнтр! Рэцэпт «нацкіх дзеруноў» перадалі на разгляд у камісію ЮНЭСКА на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны. Як табе, Ілан Маск?

Kuĺturna-adukacyjny centr «Bielaruski dranik»Адкрыццё культурна-адукацыйнага цэнтра «Беларускі дранік» у Воранаве. Фота: БелТА

Беларускі дзяржаўны брэндынг — тэрыторыя па-за межамі дабра і зла. Яшчэ не антыматэрыя, але антыэстэтыка — дакладна. Каб пераканацца, не абавязкова каштаваць «нацкія дзеруны». Можна паглядзець, каму ставілі помнікі ў Беларусі за апошнія 20 гадоў: агурок (Шклоў, 2007), яйка з крыламі (Краснадворцы ля Салігорска, 2008), банка згушчонкі (Рагачоў, 2013), бабёр (Бабруйск, 2006)...

Нядаўна на заездзе ў вёску Новая Мыш з’явілася ...надмагілле з вясёлай мышшу. А каб ты не пераблытаў Новую Мыш з еўраатлантычным сатанінскім Дыснейлэндам, ёсць надпіс: «Деревня Новая мышь. Добро пожаловать!». Дзіўна, што на ўездзе ў Слонім няма слана, а ў Кобрын — кобры. Чаму перад заездам у Ліду дасюль няма бюсту Ярмошынай?..

Skuĺptura na zajezdzie ŭ viosku Novaja MyšСкульптура на заездзе ў вёску Новая Мыш

Ты пра гэта не думай. З’еш блінцоў з мачанкай...

Здаецца, міла і бяскрыўдна. Гэта погляд на свет дзіцёнка, у чыіх руках замест алоўка з белым аркушам аказаўся дзяржапарат. Цэлая краіна. Рабі што хочаш. Помнік згушчонцы? Акей. Вясёлая мыш? Калі ласка. Адукацыйны цэнтр, дзе няма кніжак, але ёсць дранікі? На здароўе!

Народ дзяцей? Не, хутчэй — дарослых, якія хаваюцца за маскамі дзяцей. Каб не прымаць рашэнняў, не несці адказнасці, не спрачацца, не думаць. Як чуецца, так і пішацца. Чым прасцей — тым лепш. Але, як у класічных амерыканскіх хорарах, усе гэтыя дзіўныя раставыя лялькі дранікаў, бронзавыя ваўкі і зайцы з «Ну, погоди», помнікі вераб’ям і бабрам — наганяюць жах.

Ahra-treš-mastactva da Dažynak
Агра-трэш-мастацтва да Дажынак

Ты ж ведаеш, што недзе побач з помнікам згушчонкі ў Глыбокім — ёсць ПК-13. Калонія асаблівага рэжыму або «глыбокая зона». Там, у рэжыме поўнай інфармацыйнай ізаляцыі сядзеў Мікалай Статкевіч. Там жа сядзеў актывіст Аляксей Раманаў, хворы на анкалогію. Там жа — адбывае 13 гадоў рэйкавы партызан Віталь Мельнік, якому пры затрыманні прастрэлілі калені... Але ты пра гэта не думай. З’еш блінцоў з мачанкай, га?

Бульба-лэнд пад мірным небам

Атрымліваецца — вусцішная антыўтопія. Катаванні, вытанчаны садызм спецслужбаў, сістэма татальнага кантролю схаваная за дэкарацыямі з агромністых саламяных скульптур. Самая неканфліктная і бяскрыўдная на словах сістэма штодзень перамолвае свой жа народ і здабыткі яго культуры пад наглядам тысячаў камер назірання. Хочаш — глядзі ў анлайн рэжыме.

Так уладкаваны Бульба-лэнд, вялікі парк атракцыёнаў пад «мірным небам». Такая, відаць, яго місія і ўнёсак у Сусвет. Калі б раптам Бульба-лэнд наважыўся на сваю касмічную праграму і запусціў у космас шатл ці нейкую капсулу з пасланнем іншым цывілізацыям, то, без сумневу, там быў бы — рэцэпт дранікаў.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org