«Усё жыццё маё — як казка, толькі нядобрая, суровая»: Перачытваючы дзённікі Яна Скрыгана

16 лістапада споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Яна Скрыгана (1905–1992) — вядомага беларускага пісьменніка, эсэіста, крытыка, ахвяры сталінскіх рэпрэсій і проста выдатнага знаўцы беларускай мовы.

Літаратурная зорка Яна Скрыгана ўзышла на небасхіле айчыннага прыгожага пісьменства ў сярэдзіне 1920-х, калі ён разам з Паўлюком Шукайлам спрабаваў ствараць літаратурныя суполкі. Спачатку ў Слуцку філію «Маладняка», а годам пазней футурыстычную камуну ў Полацку.

Маладыя людзі не змаглі напоўніцу ўвасобіць свае амбіцыі праз надыход змрочных часоў сталіншчыны. Многія пісьменнікі былі арыштаваныя, некаторыя з іх рэпрэсаваныя, і толькі адзінкам удалося выжыць, рэабілітавацца і вярнуцца да літаратурнага жыцця. Ян Скрыган належаў акурат да апошняй плеяды — арыштаваны ў 1936 годзе, ён мужна выцерпеў усе выпрабаванні і праз 20 гадоў вярнуўся ў Беларусь, адноўлены ў правах.

Прапануем вашай увазе вытрымкі з яго дзённікаў, праз якія можна лепей разгледзець асобу пісьменніка.

Jan Skryhan
Ян Скрыган (1980-я гг., Мінск). Фота: bis.nlb.by

Пра «творчасць чыноўнікаў»

У запісе ад 29 ліпеня 1974 года пісьменнік разважае над даволі масавым працэсам, які адбываўся тады ў БССР — перайменаванне вёсак і мястэчак:

«Не разумею, што прымушае рабіць неразумныя рэчы. А вось — мястэчка Заслаўе, а станцыя завецца Беларусь. Мястэчка Дзяржынск, а станцыя — Койданава. Ст. Радашковічы, а мястэчка Радашковічы за 9 кіламетраў.

I гэта ўсё — творчасць чыноўнікаў. А колькі ад гэтага неразумнасцей, непаразуменняў. Бачыў сам, як дзяўчына-студэнтка прыехала ў гэтыя самыя Радашковічы і ледзь не плакала, бо ёй трэба было ў мястэчка, а ехаць туды няма чым».

Piśmienniki
 Крыніца: альманах «Росквіт» № 2 за 1928 год

Пра часы зняволення

А ў запісе ад 26 жніўся ўсё таго ж года ён прыгадвае часы зняволення, якія, па ўсім відаць, адклаліся ў памяці пісьменніка на ўсё жыццё:

«Зноў сон з тае далёкае рэчаіснасці. Нейкія нары, пасцелі, нейкія рукавіцы — брызентавыя, шарсцяныя, я іх падбіраю да пар, нейкае перасяленне з месца на месца. Як цяжка, прачнуўшыся, усё гэта помніць. I нейкія земляныя работы... яна апускаецца, блішчыць балотам гэтая зямля...

Гэта ўжо цяжасць на сэрцы на ўвесь дзень».

У кастрычніку 1979 года Скрыган зноў вяртаецца на старонках сваіх дзённікаў да часоў зняволення:

«Усю ноч зноў снілася, што я ў лагеры. Некуды адпраўляюць, некуды адбіраюць, перасылаюць, баракі, людзі, стары, многа разоў ношаны адзёвак, і над усім адна атмасфера: чаканне, што павінны разабрацца і адпусціць. Што тут як бы часова, i разам з тым бясконца цягнецца гэтая беззаконнасць: трымаюць тут без права, і — усё-такі трымаюць. Усю ноч — гэтая трывога, перажыванні, чаканне: калі ж, калі адпусцяць, недзе ж ёсць ужо гэтае рашэнне.

І вось увесь дзень нявыспаны, хворы, у галаве шум».

Пра ўласнае крэда і прызначэнне чалавека

11 кастрычніка 1974 года Скрыган фармулюе сваё крэда, якое відавочна стала такім праз цяжкое і нешчаслівае жыццё пісьменіка:

«Мне трэба жыць цяжка. Я не прывык да «забяспечанасці», яна не дае мне працаваць. Цягае ў бясконцы роздум і вандраванне. Я не люблю прыліпаць да нейкага месца. Калі б было можна: я хацеў бы не мець дома, а толькі падарожжы, а потым — нешта падобнае на турму: каб нішто не замінала мне пісаць.

Але я павінен некага любіць. Мне павінна некага не хапаць».

Jan Skryhan
Ян Скрыган — рэдактар (1960-я гг., Мінск). Фота: bis.nlb.by

Перабіраючы старыя накіды, Скрыган знаходзіць невялікую карацельку і 14 кастрычніка робіць запіс у дзённіку пра яе:

«Знайшоў сярод сваіх розных накідаў запісачку: «ад гэтага чалавека дыша сілаю». I развагу: «а ці трэба, каб ад чалавека дыхала сілаю? Чаму не воляю? Не розумам? тактам? Добрасцю?».

Я і цяпер згодзен з гэтаю паперкаю. Чалавек — перш за ўсё чалавек. I галоўнае не ў яго сіле, а ў мэтанакіраванасці, розуме і душы».

Пра стан беларускай мовы

Пераймаўся пісьменнік і станам беларускай мовы, які відавочна пагаршаўся ў часы «застою». У снежні 1975 года пісьменнік натуе ў сваім дзённіку:

«Як гэта ўсё знаёма! У сябе дома хадзіць па Мінску і не пачуць роднага слова. Не, з моваю робіцца нешта несправядлівае. Яна не можа шкодзіць будаваць тое светлае будучыні, у якую мы верым, і робім усё, каб яна была іменна самай светлай. Як мне здаецца, вінаваты ў гэтым толькі вялікадзяржаўны бюракратызм...»

Пра выступленне ў школе

У кастрычніку 1981 года Скрыган возьме ўдзел у літаратурнай вечарыне ў адной з мінскіх школ. І па гарачых слядах запіша свае эмоцыі:

«А наогул выступаць, каб заўсёды было добра, не вельмі лёгка.

Днямі выступаў ў 33-й школе, расказваў пра Янку Купалу, перад набліжэннем яго стагоддзя. Вельмі лёгка і свабодна ўспаміналася і гаварылася. Пад канец прачытаў «Дно душы», бо гэта ж таксама пра яго: пра тое, як слухаў яго з майго чытання бацька. Ішоў потым дадому, і было прыемна, светла і чыста на душы ад таго, што дзеці слухалі, а потым 3 дзяўчынкі з гітарамі праспявалі купалаўскую «Спадчыну». Як бы нейкае добрае свята было і ў мяне, гэтак было прыемна ўсведамленне чалавечага яднання».

Пра ўласны перфекцыянізм

У запісе, які быў зроблены ў жніўні 1982 года, пісьменнік аналізуе ўласны перфекцыянізм і нечакана прыходзіць да высновы, што мае падабенства з уласным бацькам:

«У сваёй рабоце я вельмі падобны на тату. Ён мог паставіць хату ці якую другую будыніну, цешыцца ёю, а тады надумацца, што не так, як трэба — не на тым месцы, не тым паваротам — паставіў, раскідаць і паставіць нанава.

Вось так і ў мяне. Сёння каторы ўжо раз праўлю тэксты. [...]

502 праўкі і ў тэксце. Падклейваю, пераклейваю, заклейваю. Мне такая работа — дасканаласць тэксту — сапраўдная ўцеха».

І тут варта адзначыць, што пісьменнік і сапраўды быў вельмі добрым знаўцам беларускай мовы, а тэксты ягоныя з’яўляюцца ў гэтым сэнсе бездакорнымі.

Пра мары

Відавочна, што пераймаўся пісьменнік уласным трагічным лёсам на старонках дзённікаў. У студзені 1988 года сустракаем вось такі смутнаглядны запіс:

«Усё жыццё была мара: мець прасторны, добры дом (кватэру), каб можна было мець па характару рабочы пакой (прасторны, дзе можна было б пахадзіць) і зручны пісьмовы стол. За ўзор я бяру пісьмовы стол у Доме творчасці ў Дубултах — шырокі, пакаўны, грунтоўны. За такім сталом і мыслі ў галаве больш смелыя і грунтоўныя.

І за ўсё жыццё нічога гэтага ў мяне не было. Не было нават спальні: кожны раз туліліся, дзе хто мог».

Пра тое, чаму выжыў

Чым больш свабоднымі рабіліся часы, тым больш вальнадумства дазваляў сабе Скрыган. У запісе ад 21 красавіка 1991 года ён дае ацэнку пагрому беларускай літаратуры ў другой палове 1930-х гадоў. І гэтым разам робіць гэта вельмі лаканічна:

«Мабыць, я расказваў ужо, што многіх нашых пісьменнікаў пастралялі. І Зарэцкага, і Галавача, і Каваля — недзе пад сотню чалавек знішчана. Няважна: «прызнаўся» ты ў якіх «злачынствах» ці не, прысуд ішоў цераз тройкі і асобныя нарады — расстрэл. І собіла ж мне застацца ў жывых толькі таму, што ўзяты я быў, мабыць, недзе не ў першай чарзе, і «следства», вядома, таксама ішло не сярод першых, і раптам недзе выявілася, што ў расстрэлах як бы выйшаў перабор.

І зусім неспадзявана следства маё затармазілася, а пасля нейкага перапынку выклікалі, каб сказаць, што следства «будзем канчаць», і аформілі тут жа групу з 12 чалавек не на «особое совещание», а на «вярх. суд». А суд даў ужо не вышку, а па 10 гадоў лагераў кожнаму і па гэтулькі ж ссылкі. Вось такім чынам я і застаўся жывы».

Jan Skryhan
Ян Скрыган. 1984 г. Крыніца: www.nlb.by 

Нягледзячы ні на што, пісьменнік заставаўся верным патрыётам Беларусі і беларускай культуры. У апошні год жыцця ён рабіў узнёслыя і абнадзейваючыя запісы кшталту гэтага:

«Калі любіш Радзіму, то міжволі думаеш і пра яе лёс, варты захаплення і павагі, і пра мову, самую блізкую і родную табе. І думаеш, што яна не можа, не павінна памерці».

Жыццёвая рыса

За 2 месяцы да сваёй смерці, 20 ліпеня 1992 года, пісьменнік зрабіў запіс у дзённіку, дзе падвёў жыццёвую рысу і сказаў усё, што, пэўна, хацеў сказаць:

«Якая страшэнная ноч была мне сёння. Я — паміраў. Ведаючы ўсё: і сваю хваробу, і сваю смерць як неабходнасць. Я быў нейкім яснавідцам, бачыў і разумеў усю недарэчнасць жыцця і свету...

Наогул нешта не зусім звычайнае са мною робіцца. Асноўнае — мабыць, на адчуванні, што ўсё дзеля мяне ўжо скончана... а ўглядзеўшыся — нават і мінулага ў мяне няма. Такога, каб яно нешта значыла. Над усім такая варожасць, ссылка, нікчэмнасць пражытага і бачанага. Адно, што ў мяне было высокае, чэснае, яснае — жонка, якая заўсёды і ўсюды ішла за мною. Прычым — гэта ж другая жонка. З першаю навечна мяне разлучыла ссылка, Сібір. Таксама памятаю яе толькі добра. Вунь на сцяне вісіць і партрэт сына, якога ніколі не бачыў. Цяпер ён сфатаграфаваны з сваімі дзвюма дочкамі.

Усё жыццё маё — як казка, толькі нядобрая, суровая. Як чужая».

Пайшоў з жыцця пісьменнік 18 верасня 1992 года на 88-м годзе жыцця. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

Pomnik Janu Skryhanu
Помнік Яну Скрыгану блізу вёскі Гарадзішча, што на Случчыне, адкрыты ў 2023 г. Фота з Фэйсбука Змітра Юркевіча

Для зацікаўленых — не так даўна пабачыла свет новае выданне дзённікаў Яна Скрыгана ў перакладзе на расейскую мову «Сердца далекая горечь», якое ўклала дачка пісьменніка Галіна Скрыган.

Л. Г., Budzma.org