Ці ведалі людзі ў верасні 1939-га, што вось, яно: пачалася Другая сусветная? Напэўна, не. Нават брытанцы доўгі час пісалі «вайна», без дадатку «сусветная». Сам тэрмін замацаваўся ўжо пасля 1945-га. Вялікае бачыцца на адлегласці, а не ў моманце. Калі — мінае.
Алесь Кіркевіч
Гісторыкі дасюль спрачаюцца, калі ж пачалася Другая сусветная? З агрэсіі Германіі і СССР супраць Польшчы ўвосень 1939-га? А можа, з анексіі Судэтаў у 1938-м? Чакайце, а можа з Эфіопскай вайны, якую закруціў Мусаліні — гэта 1935 год. Ці — з агрэсіі Японіі супраць Манчжурыі — дык там наогул 1931 год...
Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя «лакальныя» канфлікты? Ці ёсць тут нешта агульнае? Ёсць. Пасля Першай сусветнай паўстала Ліга Нацый.
Адкрыццё Лігі Нацый, фота з Вікіпедыі
Сэнс Лігі быў у тым, каб перадухіляць войны. Наваяваліся. Але аўтарытэт Лігі хутка сышоў на нішто. Па ўсім свеце гэта счыталася як сігнал: «Можна».
Найбольш смелыя гісторыкі сцвярджаюць, што Другая Сусветная — не проста вынік Першай, але — яе працяг. Гэта адна вайна, з перапынкам у 20 гадоў. Першы і другі раўнд таго самага канфлікту за перафарматаваннем свету. Выдыхнулі — і пайшлі па-новай.
Нам ніхто не абвесціць па радыё пра пачатак Трэцяй сусветнай. Умоўнай кропкі ўваходу — «ТАСС уполномочен заявить...» — не будзе. Нагадаю, на ўсялякі выпадак, што 13 чэрвеня 1941 годаТАСС катэгарычна абверг чуткі пра тое, што СССР і Германія будуць ваяваць.
Нават умоўнай даты — «22 июня, ровно в четыре часа» — не будзе. Салідныя людзі пазней дамовяцца, што ж гэта была за дата, з чаго ўсё пачалося. Гадкоў праз сем-дзесяць. І ў кожнай краіне — ва Украіне ці на Блізкім Усходзе — гэта будуць свае даты. Дні маўчання і памяці.
Усе прыкметы сусветнага канфлікту мы ўжо маем. Два лагеры, фронт між якім пралягае па ўсім свеце: ад Тайваня да Сувалак, ад Карыбскага да Чорнага мораў. Удзел топавых дзяржаваў. Крах сістэмы сусветнай бяспекі, калі ўсім «не да законаў». Цалкам розныя карціны свету, якія вымалёўваюцца ў супрацьлеглых лагерах. Мілітарызацыя... Флэш-раяль.
Уявіце, што пачнецца. Што будзе з рынкам? Колькі людзей паедзе «кукухай»? Ламанецца ў аэрапорты і ў банкі? Хто захоча пладзіцца і множыцца, браць крэдыты на кватэры ці — хаця б плаціць па тых крэдытах?.. Прасцей — не казаць. Гэта рацыянальна.
Дадамо спецыфіку сучаснага канфлікту. Аперацыя можа трываць некалькі гадзін ці дзён. Лінія фронту — зусім не абавязкова. Вялікія бітвы, як Вердэн ці Курская дуга, — забудзьце. Раней кожны шараговец разумеў, як працуе кулямёт Максіма. Мог яго пачысціць, пачыніць. Пра тое, як працуе радыё ці гаўбіца — мог даведацца.
Зараз, пра асаблівасці навінак ваенпраму (якія і задаюць трэнды) могуць не ведаць нават міністры і топавыя палітыкі. Усё змяняецца надта хутка. Навошта ім, палітыкам, ведаць? Іх праца — супакоіць насельніцтва ў патрэбны момант. Каб людзі — выйшлі на працу, а не «ў вакно».
Мы, беларусы, як заўжды, падышлі да сусветнага канфлікту — «без картаў», як зараз модна казаць. «Тутэйшыя», «акупацыя», «партызаны», «грамадзянская вайна», «акно магчымасцяў» — вось беларускі слоўнік з двух папярэдніх сусветных войнаў. На жаль, ён можа стаць акутальным — ізноў.
Нашы актывы сёння — досвед экстрэмальных сітуацый. Мабільнасць. Салідарнасць. Разлік на сябе, а не на дзяржаўныя інстытуты. Практыка прыняцця рашэнняў у нявызначанай сітуацыі. Падумайце, далёка не кожная еўрапейская нацыя мае гэтыя «нішцякі» ў заплечніку.
Ці паспеем скарыстацца? Ці застанемся/станемся нацыяй?.. Не атрымалася з першага разу, атрымаецца — з трэцяга. Будзьма аптымістамі.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org