Працягваем вандроўкі па Беларусі, прысвечаныя цудадзейным абразам, якія захоўваюцца ў храмах нашых гарадоў ды мястэчак. Сёння наш маршрут працягласцю трошкі больш за сто кіламетраў пралягае па Гродзеншчыне праз Воранаўскі, Ашмянскі ды Астравецкі раёны. Тут пабачым абразы Маці Божай Тракельскай, Маці Божай Барунскай і абраз Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі.
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, Тракелі. Фота: trokiele.by
Чытайце па тэме: Каралева Палесся і Маці Божая Жыровіцкая: цудадзейныя абразы, якія варта пабачыць
Тракелі, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, абраз Маці Божай Тракельскай
Абраз Маці Божай Тракельскай — адзін з найбольш шанаваных цудадзеных абразоў у Беларусі. Ён захоўваецца ў галоўным алтары касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з элементамі барока і класіцызму. Ён быў узведзены ў 1806 годзе на сродкі тагачаснага гаспадара Тракеляў падкаморыя наваградскага Станіслава Незабытоўскага.
Абраз Маці Божай Тракельскай. Фота: catholic.by
Пра паходжанне абраза існуе некалькі легендаў. Паводле іх можна меркаваць, што выява Маці Божай Тракельскай была створана невядомым віленскім мастаком напрыканцы ХVI стагоддзя і прывезена з Вільні ў 1595 годзе езуітамі, якім належаў тагачасны тракельскі касцёл, пабудаваны ў 1500 годзе на сродкі віленскага ваяводы Марціна Гаштольда.
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, Тракелі. Фота: planetabelarus.by
Адным з першых вядомых цудаў абраза лічыцца тое, што ён ацалеў падчас Трынаццацігадовай вайны з Маскоўскай дзяржавай, падчас якой бажніца была цалкам спалена захопнікамі. Паводле легенды, абраз, некрануты полымем, знайшоў тады невідушчы чалавек, да якога пасля гэтага здарэння вярнулася здольнасць бачыць. Цягам стагоддзя адноўлены храм яшчэ двойчы знішчаўся пажарам, але абраз кожны раз заставаўся некранутым.
Абраз Маці Божай Тракельскай. Фота: planetabelarus.by
У другой палове XVII стагоддзя, меркавана, у 1664 годзе, абраз Маці Божай Тракельскай быў дапоўнены выявай святога Казіміра, які трымае ружанец. Пасля пажараў абраз неаднаразова рэстаўраваўся, апошні раз у 1991 годзе ў Варшаве.
5 ліпеня 2009 года Маці Божая Тракельская была каранаваная кардыналам Казімірам Свёнткам. Свята цудатворнага абраза адзначаецца ў першую нядзелю ліпеня. Тады ў Тракелі ладзяцца маштабныя пілігрымкі.
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, Тракелі. Фота: planetabelarus.by
Баруны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць
Петрапаўлаўскі касцёл, абраз Маці Божай Барунскай
Далей рушым у Баруны — сёння невялікую вёску ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. На працягу шматлікіх стагоддзяў жыццё ў Барунах віравала вакол базылянскага кляштару — аднога з асноўных цэнтраў уніяцтва на тэрыторыі Беларусі, будынак якога захаваўся і сёння. Як і цудадзейны абраз Маці Божай Барунскай, напісаны ў ХVII стагоддзі.
Абраз Маці Божай Барунскай. Фота: catholic.by
Першая базылянская царква ў Барунах была ўзведзена намаганнямі полацкага ўніяцкага святара Міколы Песляка ў 1692 годзе. Ён атрымаў абраз Маці Божай Барунскай ад свайго сваяка Ізафата Бражыца, ігумена кляштара базылянаў у Полацку, якога абраз ацаліў падчас эпідэміі 1666 года. Полацкі пробашч у знак удзячнасці за шматлікія цуды, якімі праславіўся абраз пакуль належаў Ізафату Бражыцу і нават у момант узвядзення царквы, збудаваў у Барунах драўляны храм ды запрасіў туды базылянаў.
Баруны, малюнак Напалеона Орды, 1879
У 1693 годзе грэка-каталіцкі Мітрапаліт Кіеўскі і арцыбіскуп Полацкі Цыпрыян Жахоўскі накіраваў у Баруны камісію, якая павінна была праверыць і прааналізаваць цуды, здейсненыя Маці Божай Барунскай. Былі заведчаны ўратаванні жыцця, вяртанні з няволі, ацаленні ад невылечных хваробаў, навяртанне бязверных, нават уваскрашэнні памерлых. У выніку да канца студзеня 1693 года былі правераны і занатаваны 72 цуды і 2 студзеня 1693 года абраз быў прызнаны цудадзейным.
Баруны, Петрапаўлаўскі касцёл. Фота: 34travel.me
У сярэдзіне ХVIIІ стагоддзя ў Барунах замест драўлянай царквы быў узведзены мураваны храм, у стылі віленскага барока, а пазней і базылянскі кляштар. Петрапаўлаўскі касцёл сёння добра адрэстаўраваны, будынак ніколі не быў закінутым і заўжды функцыянаваў. За сваю гісторыю храм належаў і ўніятам, і праваслаўным, і каталікам: пасля скасавання уніі ў ХІХ стагоддзі бажніца была аддадзена праваслаўным вернікам, а каталікам храм перадалі ўжо ў 20-я гады ХХ стагоддзя.
Некалькі разоў абраз Маці Божай Барунскай пакідаў бажніцу, але намаганнямі вернікаў зноў вяртаўся. Апошні раз гэта адбылося 14 кастрычніка 1927 года. Урачыстасць вяртання абраза святкуецца парафіянамі і шматлікімі пілігрымамі штогод.
Абраз Маці Божай Барунскай. Фота: ave-maria.by
Гудагай, Астравецкі раён, Гродзенская вобласць
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, абраз Маці Божай Шкаплернай
У вёсцы Гудагай ажно з XVIII стагоддзя захаваўся драўляны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Сярод месцічаў існуе паданне, што будаўніцтва першага храма на месцы спаленай падчас Паўночнай вайны капліцы фундавала аўдавелая жонка колішняга гаспадара мястэчка Міхала Козел-Паклеўскага Людвіка. Працяглы час у сне да яе прыходзіў забіты былы муж, і каб супакоіць ягоную душу, Людвіка фундавала ўзвядзенне храма, які 19 студзеня 1764 года адчыніў свае дзверы для вернікаў.
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі. Фота: planetabelarus.by
Тады ж у касцёле на галоўным алтары і быў размешчыны цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай, меркавана, намаляваны ў XVI — пачатку XVII ст. Адкуль першапачаткова ён з’явіўся ў Гудагаі, дакладна невядома. Паводле аднога з паданняў, спачатку абраз трапіў да мясцовага пустэльніка, які знайшоў яго сярод рэчаў, што пакінулі злодзеі на ўзлеску ля гасцінца, дзе абрабавалі купцоў. Паводле іншых версій, абраз з’явіўся пасярод гаю набожнаму лесніку ці быў выкінуты туды кімсьці з мясцовай шляхты, якая навярнулася ў пратэстантызм.
Абраз Маці Божай Гудагайскай. Фота: catholicnews.by
Людвіка, што фундавала ўзвядзенне бажніцы ў Гудагаі, і наступны яе муж Юзаф Война запрасілі сюды ордэн кармелітаў босых і ў 1764 годзе назаўсёды перадалі ім ва ўласнасць Гудагай ды мясцовы касцёл. Кармеліты пабудавалі сабе кляштар і апекаваліся паселішчам ажно да ХІХ стагоддзя. Тады ж абраз Маці Божай Гудагайскай быў прызнаны цудадзейным. Першы раз ён згадваецца ў акце фундацыі кляштара кармелітаў босых у Гудагаі, які датаваны 19 студзеня 1764 года як «абраз, які славіўся цудамі ўжо сто гадоў».
У касцёле, Гудагай. Фота: planetabelarus.by
Пасля паўстання 1830–1831 гг. улады Расійскай імперыі кляштар скасавалі, касцёл быў зачынены, а абраз Маці Божай Гудагайскай перавезены ў Ашмяны. Толькі ў 1906 годзе гудагайская парафія была адноўлена, і абраз зноў вярнуўся ў касцёл. 15 ліпеня 2007 года адбылося каранаванне абраза Маці Божай Шкаплернай кардыналам Казімірам Свёнткам. Урачыстасць штогод святкуецца парафіянамі і шматлікімі пілігрымамі.
Каранаванне абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі кардыналам Казімірам Свёнткам. Фота: www.dialog1994.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org