У час, калі за вакном снег і частка хрысціянскіх вернікаў чакае Раства, прапануем павандраваць хаця б віртуальна па беларускіх гарадох ды мястэчках, каб пабачыць старадаўнія храмы, дзе захоўваюцца цудадзейныя абразы з далёкай мінуўшчыны. Сёння наведаем Лагішын і абраз Каралевы Палесся, а пасля знакамітыя Жыровічы з аднолькава шанаваным і праваслаўнымі, і каталікамі, і ўніятамі абразом Жыровіцкай Божай Маці.
Абраз Жыровіцкай Божай Маці. Фота: zhirovichi-monastery.by
Лагішын, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Петрапаўлаўскі касцёл, абраз Лагішынскай Божай Маці
Асноўнай архітэктурнай дамінантай і месцам прыцягнення турыстаў у Лагішын з’яўляецца неагатычны Петрапаўлаўскі касцёл, узведзены з чырвонай цэглы ў 1909 годзе. У галоўным алтары храма захоўваецца цудадзейны абраз Лагішынскай Божай Маці ці, як часцей называюць яе мясцовыя вернікі, Каралевы Палесся.
Лагішын, асвячэнне касцёла, 1913 год. Фота: wikimedia.org
Гісторыя з’яўлення абраза Каралева Палесся ў Лагішыне вельмі пакручастая. Дакладна невядома, як ён патрапіў сюды, але з большасці даследаваных на сёння крыніцаў можна меркаваць, што ён быў выпадкова пакінуты ў Лагішыне на пачатку XVIII стагоддзя падчас Паўночнай вайны адным з вайсковых афіцэраў, які спыніўся пераночыць у тагачаснага сакратара горада Мілашэўскага. Пасля адыходу войска Мілашэўскія перанеслі Каралеву Палесся ў тагачасны мясцовы касцёл, узведзены з дрэва яшчэ па фундацыі Альбрэхта Станіслава Радзівіла ў 1634 годзе. Абраз у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі, сярод якіх захаванне храма падчас вялікага пажару ў мястэчку, калі большасць навакольных драўляных будынкаў пацярпелі ад агню.
Абраз Каралева Палесся. Фота: katolik.life
Пасля паўстання 1863–1864 гг. стары драўляны касцёл разам з цудадзейным абразом быў перададзены праваслаўным і яго ператварылі ў царкву. З таго часу Каралеву Палесся пачалі шанаваць разам з каталікамі і праваслаўныя вернікі, а каталікі хадзілі да царквы маліцца, бо ажно да пачатку ХХ стагоддяз сваёй бажніцы не мелі.
Касцёл і царква ў Лагішыне. Фота: planetabelarus.by
Пасля царскага Загаду аб умацаванні пачаткаў верацярпімасці, выдадзенага ў 1905 годзе, каталікі Беларусі атрымалі магчымасць зноў бесперашкодна ўзводзіць касцёлы. Дзякуючы гэтаму ў 1909 годзе ў Лагішыне паўстаў Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, які дзейнічае і сёння. Абраз Каралевы Палесся маладыя парафіяне перанеслі ў гэты касцёл у 1938 годзе. Тут ён знаходзіцца і цяпер.
Лагішын, у касцёле. Фота: planetabelarus.by
10 траўня 1997 года ў Лагішыне адбылася ўрачыстасць каранацыі Маці Божай Палескай, якая святкуецца штогод вялікай колькасцю месцічаў ды пілігрымаў, якія ідуць да Лагішына здалёк. Папскімі каронамі ўпрыгожваюцца асабліва шанаваныя і праслаўленыя шматлікімі цудамі абразы. Гэта традыцыя вядомая з пачатку XVI стагоддзя. Першым мясцовым каранаваным абразом стала Маці Божая Жыровіцкая, каранацыя якой адбылася ў 1730 годзе. Акурат у Жыровічы скіруемся далей.
Абраз Каралева Палесся. Фота: old.catholic.by
Жыровічы, Слонім, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Жыровіцкі манастыр, абраз Маці Божай Жыровіцкай
Гісторыя цудатворнага абраза Маці Божай Жыровіцкай пачалася ў XV стагоддзі, вядомая нават дакладная дата яго з’яўлення — 20 траўня 1470 года. Менавіта ў гэты дзень, паводле падання, пастухі знайшлі абраз у кроне квітнеючай грушы пасярод лесу. Пастухі аднеслі абраз тагачаснаму гаспадару гэтых мясцінаў княскаму падскарбію Аляксандру Солтану, які загадаў збудаваць на месцы, дзе з’явіўся абраз, драўляную бажніцу. Маці Божая Жыровіцкая адразу праславілася сваімі цудамі, і вакол яе вырасла паселішча. Праз некалькі дзясяткаў гадоў капліца, дзе захоўвалася ікона, згарэла, але праз час абраз знайшлі некранутым на іншым месцы.
Абраз Жыровіцкай Божай Маці. Фота: catholic.by
Пад 1580 годам у архіўных дакументах узгадваецца ўваскрасенне дзяўчыны Раіны з Мінска з роду Войнаў праз абраз Маці Божай Жыровіцкай. Захаваліся звесткі пра сведчанне Раіны пра яе цудоўнае ацаленне перад тагачасным каралём Стэфанам Баторыем, якое пацвердзілі ў тым ліку канцлер Леў Сапега і каталіцкі епіскап. Апроч ацалення, лекавання вернікаў абраз неаднаразова бярог ад пажараў ды рабаванняў падчас войнаў.
Жыровічы, малюнак Напалеона Орды
Абраз Маці Божай Жыровіцкай адначасова шануецца праваслаўнымі, каталікамі і ўніятамі. Комплекс культавай забудовы ў Жыровічах, закладзены ў XVII стагоддзі, сёння належыць праваслаўнай царкве. Першапачаткова ён узводзіўся тагачасным уладальнікам Жыровічаў Янам Мялешкам пад патрэбы запрошаных сюды манахаў базылянаў. З тых часоў тут захаваўся будынак колішняга базыльянскага кляштара, царква Прачыстай Багародзіцы ў стылі барока з рысамі класіцызму, барочныя цэрквы Крыжаўзвіжанская і Богаяўленская, а таксама драўляная могілкавая капліца Святога Юр’я. Каб наведаць усе цэрквы, трэба замовіць экскурсію. Ва Успенскі ж сабор, дзе леваруч ад царскай брамы захоўваецца цудадзейны каменны абраз Маці Божай Жыровіцкай, можна патрапіць самастойна.
Жыровічы. Фота: planetabelarus.by
Слонім
Касцёл Святога Апостала Андрэя, Абраз Маці Божай Жыровіцкай
Сваімі цудамі праславіліся і две іншыя выявы абраза Маці Божай Жыровіцкай: ікона-фрэска з базыльянскага касцёла святых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме і спіс з гэтай іконы, які быў дасланы з Рыма ў Жыровічы ў XVIII стагоддзі. Менавіта гэты абраз і быў каранаваны папскімі каронамі самым першым на тэрыторыі Беларусі ў 1730 годзе.
Абраз Жыровіцкай Божай Маці ў Слоніме. Фота: catholic.by
Сёння гэты цудадзейны абраз захоўваецца ў Слоніме на галоўным алтары касцёла Святога Апостала Андрэя, узведзенага ў 1775 годзе ў стылі позняга барока. Касцёл знешне выглядае дастаткова сціпла, але ўнутры буяе ракако, што тыпова для беларускіх каталіцкіх храмаў гэтага перыяду пабудовы. Апроч цудадзейнага абраза Маці Божай Жыровіцкай у храме варта звярнуць увагу на рэшткі аўтэнтычных фрэсак, якія моцна пацярпелі за савецкім часам, калі ў будынку размясцілі сховішча солі.
Касцёл Святога Апостала Андрэя. Фота: budzma.org
На працягу стагоддзяў перад цудатворным абразом маліліся хрысціяне і каталіцкага, і ўніяцкага, і праваслаўнага веравызнанняў. Бадай, гэта адзіны такі абраз на тэрыторыі Беларусі. Можна сказаць, што Маці Божая Жыровіцкая да сёння аб’ядноўвае ўсіх беларускіх хрысціянаў, бо традыцыя яе шанавання працягваецца.
Касцёл Святога Апостала Андрэя, алтар. Фота: budzma.org
Язэп Вараніцкі, budzma.org