Адзін са здымкаў абяцае стаць сапраўднай сенсацыяй, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гомель».
Дзе апублікуюць фотаздымкі і чым яны каштоўныя
30 невядомых фотаздымкаў Янкі Купалы з даваеннага друку, у тым ліку здымак паэта, калі яму было ўсяго два гады, будуць апублікаваныя ў Беларусі. Так, часопіс «Роднае слова», анансуючы падпіску на наступнае паўгоддзе, паабяцаў апублікаваць унікальныя фота ў ліпеньскім нумары.
Як вядома, дом Янкі Купалы згарэў разам з усім архівам і велізарнай бібліятэкай у дваццаць тысяч кніг ужо на трэці дзень вайны. Таму фотаздымкаў Купалы засталося мала, затое некаторыя здымкі можна адшукаць у газетах і часопісах даваеннага часу. Што і зрабіў даследчык беларускай літаратуры Сяргей Шапран, адабраўшы 30 унікальных кадраў з жыцця песняра. Даследаванне Шапрана «У пошуках беззваротная страчанага. Невядомыя фатаграфіі Янкі Купалы і ягоных бацькоў, пра якія забыліся на цэлае стагоддзе» і публікуе ў ліпені часопіс «Роднае слова».
Чытайце яшчэ: Як Купала працаваў «у пекле» - вінакурам на бровары ў Сёмкаве (аўдыё)
Які здымак стане сенсацыяй
Прычым адзін са здымкаў абяцае стаць сапраўднай сенсацыяй: на ім маленькі паэт зафіксаваны ва ўзросце двух гадоў разам з сястрой і бацькамі. Да гэтага часу лічылася, што фота бацькі паэта Дамініка Ануфрыевіча не захавалася —яго аблічча было вядомае толькі па малюнках пляменніка Купалы. Ды і фота самага маленькага паэта існавала да сённяшняга часу толькі адно і ў 6-гадовым узросце. Не было вядома і фотаздымкаў Купалы з мамай. А цяпер будуць апублікаваныя не толькі здымкі паэта разам з мамай Бенігнай Іванаўнай, але і невядомыя кадры з Якубам Коласам і нават Барысам Пастэрнакам.
Чытайце яшчэ: Топ-3 смешных выпадкаў з Якубам Коласам
Таксама даследчык знайшоў унікальнае фота паэта за працоўным сталом — рэдкі здымак аўтарства І.Каплінскага, пра які не ўспаміналі больш за восемдзесят гадоў.