«Кніга пачалася са слёз майго сына Францішка». Павел Севярынец пра «Беларусь — гэта святое», літаратурныя планы і малітву за кратамі

У памяшканні «Беларускага дома» ў Варшаве ў суботу, 23 траўня, было нетыпова шмат беларусаў. І таму было адпаведнае тлумачэнне — палітык, пісьменнік, публіцыст і былы палітвязень Павел Севярынец прадстаўляў сваю новую кнігу «Беларусь — гэта святое», цалкам створаную ім за кратамі.

«Будзьма беларусамі!» таксама наведала прэзентацыю і распавядае, як паўстала выданне, наколькі маштабныя планы ў Паўла на новыя кнігі і як гэта — маліцца ў турме.

Paviel Sieviaryniec
Падчас прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца «Беларусь — гэта святое». Фота Барыса Гарэцкага, з Фэйсбука Паўла Севярынца

Як паўстала кніга «Беларусь — гэта святое»

— Гэтая кніга нараджалася ў камеры. У турэмнай цемры. У тым месцы, дзе ў чалавека адбіраюць прастору, час, паветра, імкнуцца адарваць ад сям’і, ад народа, ад Бога — і пакінуць толькі голы страх.

Але менавіта там я раптам асабліва востра адчуў: Беларусь — не проста краіна. Не проста зямля паміж усходам і захадам. Беларусь — гэта тое, што Бог уклаў у сэрца. І калі ўсё астатняе адбіраюць, яна застаецца.

Кніга пачалася са слёз майго сына Францішка. У Магілёўскай турме летам 2021 года я атрымаў адразу два лісты — ад [жонкі] Вольгі і ад мамы. І яны абедзве напісалі мне, што Францішак плакаў, бо я Волі напісаў, а асабіста яму не. А ён чакаў мяне. Чакаў хоць нейкага слова ад таты.

І тады я зразумеў: я мушу быць побач з сынам нават праз сцены, праз краты, праз карцары. Я вырашыў кожны тыдзень маляваць яму некалькі малюнкаў і пісаць гісторыі пра Беларусь. Не пра турму. Не пра цемру. А пра святло.

У гэтай кнізе — 22 вершы. Усе яны былі напісаныя ў турме. Не на паперы — у памяці. Бо паперу маглі адабраць. Лісты маглі не выпусціць. За вершы маглі караць. І таму я вучыў іх на памяць. Кожны аўторак паўтараў іх у галаве, каб не згубіць ніводнага радка. Побач былі людзі, якія слухалі кожны рух, кожнае слова, і таму многія вершы даводзілася літаральна насіць унутры сябе, як агонь, які нельга патушыць.

Пасля вызвалення, калі я ўжо выехаў праз Польшчу ў Літву, я пачаў запісваць гэтыя вершы з памяці. Так яны вярнуліся на паперу. І калі я цяпер трымаю кнігу ў руках, я ведаю: гэта не проста зборнік тэкстаў. Гэта вынесенае з турмы сэрца.

Paviel Sieviaryniec
Павел Севярынец падчас прэзентацыі кнігі «Беларусь — гэта святое». Фота Барыса Гарэцкага, з Фэйсбука Паўла Севярынца

Турма вельмі многае адкрывае пра Беларусь. На волі чалавек часта жыве ў мітусні. Ён не заўважае, што любіць. А ў камеры ты раптам пачынаеш успамінаць сцяжынку ў лесе. Беларускі дождж. Лісце на дрэвах. Голас роднай мовы. Ты разумееш, што Беларусь — гэта не геаграфія. Гэта частка тваёй душы. Яна ў табе. І таму яна святая.

Для мяне гэтыя словы — не лозунг. Не палітычны заклік. Яшчэ ў часы стварэння «Маладога фронту» мы казалі: «Беларусь — гэта святое». І тады, і цяпер я веру ў гэта літаральна. Святое — гэта тое, што аддзелена для Бога. Народ мае не толькі тэрыторыю і мову. Народ мае Божае прызначэнне. І беларусы таксама маюць яго.

Таму ў кнізе так шмат пра Хрыста. Не таму, што я хацеў зрабіць «рэлігійную літаратуру». А таму, што без Хрыста я не магу зразумець Беларусь.

Я бачу беларускую гісторыю як гісторыю крыжа і ўваскрэсення. Колькі разоў нас ламалі, колькі разоў спрабавалі ператварыць у нішто — і колькі разоў Беларусь уставала.

Адзін з галоўных вершаў кнігі — «Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску». Для мяне гэта не метафара і не правакацыя. Бог ведае ўсе чалавечыя мовы. І калі Ён гаворыць да беларусаў — Ён гаворыць па-беларуску. Наша мова дадзеная нам не выпадкова. У ёй ёсць нешта ад Божага дыхання. Таму ў кнізе беларускасць і хрысціянства не падзеленыя. Яны прарастаюць адно праз аднаго.

Вельмі важна, што гэтая кніга стваралася не толькі мной. [Мая жонка] Воля стала яе сапраўднай суаўтаркай. Яна захавала ўсё, што даходзіла з турмы. Яна ператварыла мае лісты ў кнігу. Яна несла гэта праз страх, праз ператрусы, праз пагрозы. І таму ў гэтай кнізе ёсць кроў сэрца маёй сям’і. Не толькі мае словы.

Францішак таксама стаў часткай гэтай кнігі. Я пісаў яму, а ён, сам таго не ведаючы, ратаваў мяне. Бо калі чалавек у турме перастае жыць для іншых — ён пачынае паміраць унутры. А мне трэба было жыць. Дзеля сына. Дзеля Вольгі. Дзеля Беларусі.

Voĺha Sieviaryniec z synam FranciškamВольга Севярынец з сынам Францішкам. Фота Барыса Гарэцкага, з Фэйсбука Паўла Севярынца

Таму гэтая кніга — не пра пакуты дзеля пакут. Я ніколі не хацеў апісваць турму як нейкі культ цярпення. Турма — гэта зло. Але Бог умее абярнуць зло на дабро. І ў гэтым ёсць тайна ўсёй беларускай гісторыі. У камеры, у карцары, у холадзе, дзе ты ледзь выжываеш, раптам пачынае вельмі выразна свяціць галоўнае. Ты бачыш, дзеля чаго жывеш. І калі пасля гэтага бярэш у рукі кнігу «Беларусь — гэта святое», ты разумееш: яна напісаная не чарнілам. Яна напісаная тугой па Радзіме, любоўю да Беларусі і верай у тое, што нават пасля самай доўгай ночы будзе світанак.

Як ствараліся ілюстрацыі да кнігі

— Я пачаў рабіць малюнкі рэгулярна, прыкладна кожны тыдзень па два ці па тры. Гэта былі не ілюстрацыі ў прафесійным сэнсе слова. Гэта былі гісторыі пра Беларусь, пра тое, што я сам бачыў у памяці і ў сэрцы: храмы, дарогі, святло над гарадамі і вёскамі, тое, што для мяне станавілася сімвалам жывой краіны.

У гэтых малюнках не было дэкаратыўнасці — там была спроба ўтрымаць Беларусь такой, якой я яе нёс унутры, каб перадаць яе дзіцяці.

З часам гэты працэс набыў працяг. Малюнкі ішлі з турмы, а потым ужо і з калоніі ў Шклове. Іх было ўсяго 71. Гэта не лічба, якую я загадзя планаваў, яна проста склалася з часу і абставінаў, з тых магчымасцяў, якія ў мяне былі. Частка гэтых работ потым трапляла да мяне назад ужо праз людзей, праз перадачы, праз нечаканыя шляхі салідарнасці. І я бачыў, што яны жывуць асобным жыццём.

Асаблівую ролю ў гэтым усім адыграла мая жонка. Яна ўзяла гэтыя малюнкі і пачала іх захоўваць, ператвараць у нешта большае: спачатку ў публікацыі, потым у паштоўкі, затым у календары. І раптам аказалася, што тое, што рабілася ў замкнёнай прасторы дзеля аднаго сына, пачало разыходзіцца сярод людзей. Гэтыя выявы сталі перадавацца, іх перасылалі ў турмы і калоніі, іх захоўвалі як знак сувязі. Для мяне гэта было нечакана: асабістае стала агульным.

Калі я ўжо апынуўся на волі і пасля — у эміграцыі, мы з жонкай вырашылі, што гэтым малюнкам патрэбная кніга. Не проста збор, а форма памяці.

Я добра памятаю, што турма не знішчала гэты працэс, а наадварот — рабіла яго больш канцэнтраваным.

Калі ў цябе няма магчымасці вольна рухацца, ты пачынаеш рухацца ўнутры. Малюнак становіцца не проста выявай, а спосабам не страціць сувязь з жыццём, з домам, з Беларуссю, з сынам.

І калі цяпер я гляджу на гэтыя ілюстрацыі ўжо ў кантэксце кнігі «Беларусь — гэта святое», я разумею іх не як асобныя творы, а як адзіны шлях. Гэта шлях чалавека, які спрабаваў утрымаць сваю краіну ў памяці і сэрцы, каб перадаць яе далей — дзіцяці, людзям, часу. І ў гэтым сэнсе іх колькасць — 71 малюнак — гэта проста след гэтага шляху, а не нейкая мэта або праект.


Zianon Pazniak
Зянон Пазняк на прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца ў Варшаве. Фота Барыса Гарэцкага, з Фэйсбука Паўла Севярынца

Пра 7 новых кніг, якія плануюцца да выдання

— Я выйшаў з турмы не толькі з успамінамі пра карцары, этапы, лісты і бясконцыя размовы з Богам у бетонных сценах. Я выйшаў з сямю кнігамі, якія нарадзіліся там — у цемры, у холадзе, у адзіноце, у малітве, у памяці пра Беларусь. Частка з іх складвалася ў галаве, бо паперы не было або яе маглі забраць у любую хвіліну. Частка ішла ў лістах да родных, паміж радкоў, праз цэнзуру, праз страх, што ўсё гэта знікне.

Але, як ні дзіўна, менавіта ў турме я асабліва востра адчуў: калі ў чалавека забіраюць свабоду фізічную, але ён не здраджвае душы, унутры пачынае гарэць нешта вельмі чыстае. І вось з гэтага агню нарадзіліся гэтыя кнігі.

Першая з іх — «Тут Бог». Для мяне гэта не проста кніга пра 500 беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак. Гэта спроба ўбачыць Беларусь не адміністрацыйнай мапай, а жывым духоўным арганізмам. Я хацеў паказаць, што няма ў Беларусі «маленькага» месца. Кожная вёска нешта значыць. Кожная сцежка, кожны храм, кожная рэчка і нават забыты хутар маюць свой сэнс у Божым плане.

Беларусь часта называюць ціхай, непрыкметнай краінай. Але я ўсё больш пераконваюся: яна празрыстая менавіта таму, што праз яе вельмі часта свеціць сам Бог. У гэтай кнізе я хацеў сабраць не проста гісторыю мясцін, а іх душу. Што азначаюць для беларусаў Курапаты? Што азначае для нас Полацак? Што схавана ў невялікай вёсцы, дзе, можа быць, ужо амаль ніхто не жыве, але дзе стаіць крыж і дзе сотні гадоў людзі маліліся на беларускай зямлі? Гэта кніга пра тое, што Беларусь — не выпадковасць. Яна створана Богам і мае сваё пакліканне.

Другая кніга — «Беларускі каляндар». Але гэта не энцыклапедыя датаў і не сухі даведнік. Мне было важна асэнсаваць кожны дзень года як духоўную і нацыянальную з’яву. Каб чалавек адкрываў, напрыклад, 25 сакавіка або 8 верасня і бачыў не проста падзею, а сувязь часу, гісторыі, лёсу народа і Божага Провіду. У турме час успрымаецца зусім інакш. Дзень можа здавацца вечнасцю. І я шмат думаў пра тое, як гісторыя Беларусі праходзіць праз каляндар, як памяць народа трымаецца не толькі на кнігах, але і на днях, якія мы адзначаем, забываем або святкуем. Гэта кніга пра беларускі час — не механічны, а жывы.

Асобная кніга, прысвечаная трыадзінству Беларусі. Мне заўсёды здавалася невыпадковым, што Беларусь стаяла на скрыжаванні трох вялікіх хрысціянскіх традыцый. Праваслаўе, каталіцтва і пратэстантызм не проста суіснавалі тут — Беларусь вельмі часта спрабавала іх яднаць. І я хацеў асэнсаваць гэта праз формулу «ў імя Айца, і Сына, і Святога Духа». Праваслаўе як царква Айца, каталіцызм як царква Сына, пратэстанцтва як царква Святога Духа. Для мяне гэта не паліталагічная схема і не канфесійная палеміка. Гэта спроба зразумець беларускую душу, якая заўсёды шукала не расколу, а яднання. Мне здаецца, што ў гэтым ёсць нешта вельмі беларускае: не разбураць масты, а будаваць іх.

Яшчэ адна кніга — пра беларускія камяні. І тут я вяртаюся да сваёй першай адукацыі, бо я геолаг. Шмат хто здзіўляецца: навошта палітыку кніга пра камяні? Але камяні для мяне — гэта памяць зямлі. У Беларусі ёсць не толькі валуны і палявыя камяні, але і сапраўдныя каштоўнасці, пра якія людзі амаль не ведаюць. Я хацеў напісаць пра камяні як пра сведак часу. Яны бачылі крыжакоў і паўстанцаў, манахаў і вязняў, яны ляжалі ў падмурках храмаў і на месцах расстрэлаў. Камень — гэта маўклівы летапісец. І мне хацелася, каб беларусы паглядзелі на сваю зямлю глыбей.

Асаблівае месца займае «Беларусалім» — завяршэнне маёй трылогіі. Гэтую кнігу мне фактычна давялося шыфраваць у турме. Я разумеў: калі напішу проста пра Беларусь, пра барацьбу, пра адраджэнне — тэкст не прапусцяць. І тады я пачаў ператвараць герояў у эльфаў, гномаў, у фэнтэзійных персанажаў. Для адміністрацыі гэта выглядала як нейкая дзіўная казка для сына Францішка. Але за гэтай «казкай» хавалася Беларусь. Год я дасылаў гэтыя лісты, і толькі потым турэмныя апера зразумелі, што там «нешта не тое». Для мяне гэта быў вельмі важны досвед: нават у несвабодзе слова можна знаходзіць шлях. «Беларусалім» — гэта кніга пра змаганне святла і цемры, пра веру і супраціў, пра тое, што нават у самыя чорныя часы чалавек не павінен згаджацца з цемрай.

Вельмі глыбокая для мяне кніга — «Беларускі Ізраіль». Яна пра беларускіх габрэяў. Пра той неверагодны пласт Беларусі, без якога немагчыма ўявіць нашу гісторыю. Пра народ, які жыў побач з беларусамі стагоддзямі, будаваў мястэчкі, маліўся, гандляваў, пісаў кнігі, спяваў песні і разам з беларусамі перажываў трагедыі. Для мяне гэта біблейская тэма ў самым прамым сэнсе. Беларусь была адной з земляў, дзе Ізраіль жыў асабліва глыбока. І мне хацелася напісаць пра гэта не як пра музейны экспанат, а як пра жывую частку беларускай душы.

І яшчэ адна кніга — беларускія віктарыны. На першы погляд можа здацца, што гэта нешта лёгкае, амаль забаўляльнае. Але насамрэч гэта таксама форма нацыянальнага абуджэння. Дванаццаць віктарын па 33 пытанні — пра культуру, літаратуру, спорт, мастацтва, веру, гісторыю Беларусі і свету. Мне хацелася зрабіць кнігу, якая будзе вучыць беларусаў пазнаваць саміх сябе. Бо нацыя пачынаецца з памяці і цікавасці да сябе. Калі чалавек ведае сваю гісторыю, сваіх герояў, свае сімвалы — яго ўжо значна цяжэй ператварыць у безаблічную масу.

Ці атрымлівалася маліцца ў турме

— У турме малітва для мяне не была нейкім асобным рытуалам ці момантам, які можна аддзяліць ад астатняга жыцця. Яна проста стала спосабам дыхання, спосабам існавання ў тых умовах, дзе чалавек застаецца адзін на адзін з Богам, са сваімі думкамі і з тым, што ў ім сапраўды жыве.

У самым пачатку, у Акрэсціне, у мяне была нават своеасаблівая прастора цішыні для гэтага. Каменная скрыня, два на тры метры, дзе ты фактычна ходзіш па коле і молішся. Там няма нічога, што адцягвае, няма знешняга шуму, які б перабіваў унутраны голас. І таму малітва там становіцца вельмі простай і адначасова вельмі аголенай: ты не можаш нічога схаваць ні ад сябе, ні ад Бога.

Калі мяне перавялі далей, у іншыя турмы, у Магілёў, у Шклоў, усё пачало набываць іншы характар. Мы ўжо былі разам з людзьмі, і натуральна, узнікала жаданне чытаць Біблію, размаўляць пра веру, маліцца разам. Але вельмі хутка я ўбачыў, што гэта выклікае напружанне ў сістэме.

Адміністрацыя рэагавала на любую самаарганізацыю, асабліва калі яна была звязаная са словам пра Бога ды яшчэ і па-беларуску. Гэта ўспрымалася як нешта небяспечнае, як тое, што нельга пакінуць без кантролю.

Тады малітва пачала сыходзіць унутр. Я вельмі хутка навучыўся таму, што можна назваць унутранай, ці разумнай малітвай. Калі вусны ўжо не рухаюцца, калі знешне ты маўчыш, але ўнутры працягваецца дыялог з Богам. Часам гэта было нават не выбарам, а неабходнасцю, бо любыя словы маглі быць перапыненыя, абарваныя, перакручаныя. І ты заставаўся з тым, што нельга адабраць — з унутраным словам.

Быў і момант, які для мяне стаў вельмі моцным досведам, калі я заўважыў, што нават маўклівая малітва нібыта становіцца «бачнай» для тых, хто побач. Людзі, якія сядзелі са мной у камеры, часам праз нейкі час пачыналі рэагаваць на тое, пра што я ўнутрана маліўся. І гэта было дзіўнае адчуванне: быццам нават маўчанне не цалкам закрывае чалавека, калі ён сапраўды стаіць перад Богам.

Асабліва востра малітва адчувалася ў Шклове, у тых халодных камерах зімой. Там яна ўжо не была ні філасофіяй, ні нават духоўнай практыкай у звыклым сэнсе. Гэта было пытанне выжывання.

Калі холад прабівае да касцей, калі ноч не заканчваецца ўнутры цела, ты пачынаеш разумець малітву як апошнюю прастору, дзе чалавек яшчэ застаецца жывым у поўным сэнсе гэтага слова.

Я маліўся пра Беларусь, пра людзей, пра тых, хто побач, пра сваю сям’ю. Але з часам я пачаў разумець, што малітва — гэта не толькі пра тое, пра што ты просіш. Яна пра тое, ці даеш ты Богу быць побач з табой насамрэч, а не толькі ў словах. І калі ты гэта дазваляеш, нават у самых цяжкіх умовах з’яўляецца адчуванне ўнутранай прасторы, якую ўжо нельга адабраць.

І, напэўна, самае важнае, што я вынес з гэтага досведу: малітва — гэта не ўцёкі ад рэальнасці. Гэта спосаб заставацца ў ёй да канца, не губляючы ўнутранага святла нават тады, калі ўсё навокал спрабуе гэта святло загасіць.


Тарас Тарналіцкі, Budzma.org