Незалежныя купалаўцы запрашаюць на чарговую прэм’еру. Паэтычны спектакль «37-22» яны пакажуць 29 кастрычніка на фестывалі «Бардаўская восень». На сцэну Беластоцкога Тэатра лялек выйдуць Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Сяргей Чуб, Алег Гарбуз, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй. З акцёрамі вольнай трупы працаваў рэжысёр Андрэй Саўчанка. Ён жа спрычыніўся і да стварэння сцэнарнай партытуры. Натхніўшыся японскім жанрам рэнга, прапанаваў сучасным беларускім паэтам адгукнуцца на галасы аўтараў стагоддзя мінулага. Атрымаўся пранізлівы дыялог паміж годам 1937-ым і 2022-ім.
Паразмаўлялі з рэжысёрам пра надыходзячую прэм’еру, творчую трансфармацыю ды пра магчымасць зрабіць у Варшаве беларускі тэатр.
«Усё пачалося з даўняга жадання ўвасобіць на сцэне твор Васіля Шашалевіча «Сімфонія гневу», — гаворыць Андрэй Саўчанка. — Але ў працэсе зразумеў, што мне не хочацца рабіць нейкую музейную рэч. Захацелася знайсціся ў сённяшнім моманце і звярнуцца да будучыні. Таму мы ўзгадалі японскую паэтычную практыку рэнга і прапанавалі гэты прыём сучасным аўтарам. Яны адгукаліся на вершы паэтаў трыццатых гадоў і такім чынам у нас атрымаўся сапраўдны дыялог. Тэксты загучалі, пачалі жыць».
Імёны сучасных паэтаў Андрэй Саўчанка не называе: такая сёння паміж творцамі ўнутраная дамоўленасць. Што да паэзіі трыццатых, то ў спектаклі прагучаць вершы Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Дубоўкі, Сяргея Грахоўскага, Міхася Чарота. На падрхытоўку пастаноўкі ў купалаўцаў было каля двух месяцаў і толькі адзін рэпетыцыйны тыдзень.
— Мы добра знаёмыя з акцёрамі. Два гады я працаваў з імі як рэжысёр у Тэатры імя Янкі Купалы, гэта ўсе мае блізкія калегі.
— Купалаўцы за гэты час змяніліся? Якой была вашая сустрэча?
— Мне падалося, што яны сталі больш задуменнымі, больш паглыбленымі ў сябе. Мяркую, што для прафесіі гэта нядрэнна, але для жыцця — цяжка.
— Прэм’ера спектакля адбудзецца 29 кастрычніка, акурат на «Ноч расстралянай пэзіі». Вы калі-небудзь думалі, што маглі адчуваць гэтыя людзі ў апошнюю ноч свайго жыцця?
— Я пастаянна пра гэта думаю. Час ад часу ўяўляю сябе на іх месцы, і мой дух, мая душа праходзяць праз гэтыя выпрабаванні, праз гэты змрок і святло. І святло для мяне найбольш істотнае.
— Не так даўно Валянціна Гарцуева распавяла нам у інтэрв’ю, што Купалаўцы паспрабуюць зрабіць у Варшаве тэатр. Наколькі гэта магчыма?
— У звыклым разуменні тэатр — гэта будынак, унутры якога ёсць сцэна, цэхі, грымёркі, адміністрацыйныя памяшканні. Гэта цэлая машынэрыя. Я не валодаю інфармацыяй, якія сёння ў купалаўцаў магчымасці. Але я веру ў людзей. Бо тэатр — гэта людзі, і яны ёсць. І гэта лепшыя людзі. І калі яны ствараюць, то космас нейкім чынам ім дапамагае.
— Вы з тых, хто верыць — у энергію, космас, Бога?
— Я дакладна веру ў энергію, а адмаўляць існаванне космасу даволі дзіўна. Разумееце, можна хадзіць па зямлі, а можна мець стасункі з больш высокімі сіламі. Гэта і ёсць пытанне веры. Веры ў сябе, у людзей, у творчасць. Гучыць патасна, але так ёсць.
Андрэй Саўчанка — вядомы беларускі рэжысёр і акцёр. Ён здымаўся ў кіно, граў у спектаклях, з 2013 па 2015 працаваў рэжысёрам у Тэатры імя Янкі Купалы, кіраваў універсітэцкім тэатрам «На балконе». У Польшчы працягвае займацца сваім пректам «Тутэйшы тэатр», удзельнічае ў эксперыментальных лабараторыях, тэатральных рэзідэнцыях. «Усё, што са мной адбываецца, успрымаю як падарожжа. У чымсьці яно вымушанае, але я даўно марыў павандраваць, пабачыць свет. Зараз для гэтага ёсць цудоўная магчымасць», — адказвае рэжысёр на пытанне пра цяжкасці адптацыі.
— З геаграфічнага і лагістычнага пункту гледжання такія трансфармацыі адбываюцца ў жыцці ўпершыню. Шмат чаго трэба вырашаць з легалізацыяй, дакументацыяй. Гэта даволі складаныя для творчых людзей пытанні. Але трэба разрулівацца.
— А ці адбылася трансфармацыя творчая? «Земную жизнь пройдя до половины», што новага Вы зразумелі пра тэатр?
— Што я ў гэтым мала зараз разумею. Але я ведаю, што тэатр дазваляе людзям суіснаваць у нейкім асаблівым працэсе і гэты асаблівы працэс напітваецца жыццём і накіраваны на жыццё. Напітваецца жывым і накіраваны на тое, каб дапамагчы нараджацца жывому. Для мяне тэатр — гэта магчымасць весці дыялог з сабой, з гэтым сусветам, з іншымі людзьмі, і гэты дыялог прапаную я сам. Гэты працэс — ён касмічны.
— Што з прыгожага Вы ўбачылі за апошні час?
— Людзей, дрэвы, гінкга білобу. У мяне на хутары засталіся маленькія раслінкі гінгкі, за якія я вельмі перажываю. Яны патрабуюць нагляду, а яго даволі складана цяпер арганізаваць. Я ўбачыў празрыстасць, свабоду, адчуванне непрыгнечанасці. Гэта для мяне вельмі прыгожа.
— 29 кастрычніка ў Беластоку адбудзецца першы паказ спектакля «37-22». Ці можна спадзявацца на другую, трэцюю, наступныя сустрэчы?
— Зараз даволі цяжка разважаць пра планы. Скажу толькі, што яны ёсць. Мы былі сканцэнтраваныя на тым, каб падрыхтавацца да сустрэчы з гледачом у Беластоку. А пасля сядзем за стол перамоў. Зразумеем, што ў нас атрымалася, а што магло быць лепш, і падумаем, якім можа быць далейшы лёс гэтага спектакля і што мы зможам для гэтага зрабіць.
Паліна Часноўская, Budzma,org