Што намаляваць са звычайнага кола — кайданкі альбо ратавальную прыладу — залежыць толькі ад таго, хто малюе. З пакаленьня ў пакаленьне мы, беларусы, намагаемся разарваць замкнёнае кола гісторыі, якое ўжо каторае стагодзьдзе нясе нам чарговыя акупацыі, паразы паўстаньняў, вынішчэньні нацыі. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік прыглядаецца да гэтага гістарычнага кола і разважае: дык калі разарваць яго не атрымліваецца, то можа, ёсьць сэнс пашукаць у ім ня толькі праклён нацыі, але і... ратаваньне?
Кажуць, гісторыя заўжды ідзе па коле. Ну, альбо па сьпіралі. Зьмяняюцца даты, абставіны, а паралелі між самымі рознымі падзеямі — часам надзіва выразныя — застаюцца. Менавіта таму, дарэчы, і варта вывучаць гісторыю: каб разумець, чаму тое ці гэтае адбываецца і чаго чакаць далей.
Увесь сакрэт гэтага фэномэну, як мне думаецца, палягае на нязьменнасьці чалавечае прыроды. Сьвет імкліва нясецца наперад, разьвіваюцца тэхналёгіі, робяцца неўяўляльныя дасюль адкрыцьці — ну, а мы з вамі, шаноўныя, застаемся ўсё тыя ж самыя. Хтосьці прагне ўлады і багацьця, іншыя мараць пра вечнае жыцьцё, камусьці галоўнае — каб была магчымасьць папросту спакойна жыць, а ў гэнага ў сэрцы гарыць полымя першапраходнікаў і герояў. Ну, і гэтак далей. Вазьмі ці сівыя часы, ці якія ўжо бліжэйшыя да нас, ці ўжо нашыя — паўсюль знойдзеш тыя ж самыя чалавечыя пачуцьці й памкненьні.
Валера Руселік. Фота аўтара
А таму ня дзіва, што адной з ацэнак жыцьця ў сучаснай Беларусі зьяўляецца дыскусія пра тое, ці ўжо сягнуў цяперашні палітычны рэжым размаху сталінскіх часоў альбо яшчэ не. За іншадумства перасьледуюць, рэпрэсіі маюць нацыянальны маштаб, усялякія праявы беларушчыны маргіналізуюцца альбо й наагул зьнішчаюцца — колькі там яшчэ засталося да зьяўленьня сучасных Начэй расстраляных паэтаў і новых Курапатаў?
Дарэчы, наколькі паказальна, што ўшанаваньне памяці загінулых ад рук чэкістаў у сёньняшняй Беларусі — справа прынамсі рызыкоўная. А ўсялякі публічны мэмарыяльны чын і наагул немагчымы. Ну, куды ўжо большая гістарычная паралель, праўда?
Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах, 2019 г. Фота: nashaniva.com
А тут яшчэ і YouTube-канал «Будзьма дзецям» у Беларусі прызналі экстрэмісцкім.
Вось нейкай іншай даты, акрамя як 29 кастрычніка, Пружанскі суд для свайго чэкісцкага выраку чамусьці не знайшоў. Роўна 88 гадоў таму за ноч нкусаўцы расстралялі 132 беларускіх літаратары — і менавіта напярэдадні гэтае даты сёньняшнія ідэйныя нашчадкі тых чэкістаў расправіліся ў судзе над каналам, на якім апублікаваныя ўсяго толькі беларускамоўны лялечны відэаспэктакаль і тры беларускамоўныя дзіцячыя кніжкі.
Толькі за тое, што па-беларуску. Толькі за тое, што хацелі, каб і дзеткі нашыя былі беларусамі. Чорнае кола гісторыі замкнулася.
Зьмест YouTube-канал «Будзьма дзецям». Што тут экстрэмісцкага?
І вось глядзіш на ўсе гэтыя перапісваньні падручнікаў па гісторыі, зьнішчэньне помнікаў нацыянальным героям і замяшчэньне іх помнікамі расейскім катам нашага народу, імклівую мілітарызацыю школ і зьяўленьне ўсё новых «казацкіх акругаў» пад расейскім трыкалёрам — і аніяк ня можаш адчапіцца ад думкі пра тое, што ўсё гэта ўжо было на нашай зямлі. Акупацыя, зьнішчэньне ўсяго беларускага, татальная расеізацыя.
Божа, мой Божа! Колькі ж яшчэ гэтых пякельных колаў гісторыі нам наканавана прайсьці?! Дзе ўзяць сілы, каб усё гэта вытрываць — і працягваць жыць? Як не зламацца, не расьцярушыцца, ня зьнікнуць? Калі й жыве Беларусь, то што ж гэта за жыцьцё? Суцэльныя пакуты й выпрабаваньні, змаганьне й паразы...
Удзельніцы акцыі «Сымбаль новай чыстай Беларусі». Горадня, 17.09.2020 г. Фота: RFE/RL
Вось як адказаць на ўсе гэтыя пытаньні й пазьбегнуць пры гэтым празьмернага патасу?
Асабіста я знаходжу для сябе суцяшэньне й надзею зноўку ж у гісторыі. Колькі нас душылі-зьнішчалі, забаранялі нашую мову й наагул адмаўлялі нам у праве называцца беларусамі, а мы ўсё працягваем жыць. Як той казаў, мэдычны факт. Прыходзілі акупанты, і мы штораз паўставалі. Калі перамагалі ворага — аднаўлялі Беларусь і сьпяшаліся хоць крыху пажыць па-людзку да наступнае навалы. Цярпелі паразу — назапашвалі сілы й зноўку паўставалі.
Дый наш фальклёр — таксама невычэрпная крыніца народнае мудрасьці і адказаў на пытаньне: «Што рабіць?» Рабі пільна — і тут будзе Вільня. Круці жорны пільна, то й тут будзе Вільня. Праца і рукі — моцныя зарукі. Праца з балота зробіць залота. Праца і горы руйнуе.
То бок трэба папросту не апускаць рукі і працягваць рабіць сваю справу. Як бы цяжка й бязрадасна ні было. Былі б людзі, а ўсё астатняе здолеем і адужаем, як гэта не аднойчы і было ў нашай гісторыі.
А таму, сябры, працягваем жыць. Чытайма беларускую гісторыю, пашырайма беларускую культуру, размаўляйма па-беларуску. Бо пакуль ёсьць мы, то й Беларусь нашая жыве. А каб жыла яна й пасьля нас, то й дзетак нашых выхоўвайма беларусамі.
І не маркоцьмася! Як шматкроць сьведчыць нашая гісторыя,
Перажылі лета гарачае — перажывем і гаўно сабачае.
Валера Руселік, Budzma.org