“Мы вялікія аматары кніг. Таму брытанцам асабліва жудаснымі здаюцца такія вычварэнні, як спальванне кніг і іншыя формы цэнзуры. Мы не цярпім нават саму ідэю знішчэння ведаў і вопыту ці абмежавання доступу да іх”, — сёння Брус Бакнэл расказвае пра кнігарні свайго дзяцінства, стаўленне брытанцаў да кніг і іх ролю ў жыцці кожнага падданага Яе Вялікасці.
Што я люблю больш за ўсё на свеце, дык гэта хадзіць па кнігарнях. У дзяцінстве мяне заўсёды можна было знайсці ў кнігарні, дзе я траціў усе грошы, што давалі мне бацькі.
Чытанне дасёння вельмі папулярнае ў Брытаніі. На Radio 4, галоўнай “размоўнай” радыёстанцыі ў краіне, ужо доўгі час штодзённа выходзіць 15-хвілінная праграма “Кніга на ноч”, падчас якой акцёры зачытваюць урыўкі з кніг. За апошнія гады папулярнасць набылі кніжныя групы ці клубы, калі сябры абмяркоўваюць загадзя выбраную кнігу.
У Брытаніі букіністычныя крамы трапляюцца на кожным кроку. Можна вельмі танна набыць любую кнігу! А ў гарадку Хэй-он-Уай такіх крам настолькі шмат, што аднаму з уласнікаў прыйшла думка запрашаць пісьменнікаў на прэзентацыі сваіх твораў. Так нарадзіўся цэлы літаратурны фэст. Цяпер толькі ў Брытаніі такіх фэстаў праходзіць каля 200. А з арыгінальнага Hay Festival пачалася вялікая серыя фестываляў па ўсім свеце.
Якія ж адносіны звязваюць брытанцаў і іхныя кнігі?
Па-першае, здаецца, што прыцягвае сама фізічная прырода кнігі.
Асабіста мяне захапляе пах старых кніг, папера якіх злёгку кранутая цвіллю. Да таго ж, што можна параўнаць з пачуццём, калі першы раз гартаеш толькі што набытую кнігу?
Важна і тое, як кніга выглядае: не толькі малюнкі на вокладцы, але і шрыфт, і стыль. Пакой здаецца пустым без паліц з кнігамі. Калі ўжыць трапны выраз аўтара серыі навелаў пра ХХ стагоддзе, які ён выкарыстаў у назве аднаго са сваіх твораў, “кнігі сапраўды абсталёўваюць пакой”.
Кнігі выконваюць дзве ролі.
Яны для чалавецтва сродак (да нядаўніх часоў — самы галоўны) уліку і перадачы ведаў, яны раскрываюць нам тое, пра што іншым спосабам мы ніколі б не даведаліся. Таксама кнігі — гэта крыніца самых неверагодных гісторый і нават магчымасць даведацца, што адбываецца ў галовах іншых людзей.
Брытанскае грамадства ўжо доўгі час мае вельмі высокі ўзровень пісьменнасці. Дзякуючы павышэнню ўзроўню прыбыткаў пасля індустрыяльнай рэвалюцыі Вялікабрытанія стала адной з першых дзяржаваў, дзе пісьменнасць стала масавай. У ХІХ стагоддзі ўзнік вялікі рынак кніг і часопісаў, што паспрыяла развіццю кар’еры Дыкенса і іншых пісьменнікаў. Таксама было створана шмат публічных бібліятэк, каб пашырыць доступ да ведаў.
Мы вялікія аматары кніг. Таму брытанцам асабліва жудаснымі здаюцца такія вычварэнні, як спальванне кніг і іншыя формы цэнзуры. Мы не цярпім нават саму ідэю знішчэння ведаў і вопыту ці абмежавання доступу да іх. Менавіта група брытанскіх пісьменнікаў стварыла ў 1921 годзе ПЭН — арганізацыю, якая падтрымлівае правы аўтараў “на неабмежаваную перадачу думкі як унутры аднаго народа, так і паміж усімі народамі, і на супрацьстаянне любым формам уціску свабоды выказванняў”.
Выдавецтва застаецца важнай галіной эканамічнай дзейнасці ў Вялікабрытаніі. Дзякуючы шырокаму распаўсюду англійскай мовы мы дасюль выдаем найбольшую колькасць новых кніг у Еўропе — і найбольшую колькасць асобнікаў на душу насельніцтва ва ўсім свеце. У 2010 годзе, згодна з дадзенымі Асацыяцыі выдаўцоў, продаж кніг дасягнуў £3 мільярдаў.
Але сітуацыя пачынае мяняцца. Лічбавыя носьбіты выкарыстоўваюцца ўсё часцей. Людзі чытаюць з дапамогай электронных кніжак і планшэтаў. Гэта не значыць, што выдавецкай дзейнасці наступіць канец. Але зменяцца спосабы функцыянавання індустрыі і яе фінансаванне.
Кнігарні апынуліся ў складанай сітуацыі праз пашырэнне продажу кніг анлайн і выкарыстанне электронных кніг. У канцы 2012 года ў Брытаніі было 1878 кнігарань, што ўдвая менш, чым у 2005. Каля 1000 з гэтай колькасці — незалежныя крамы (у 2005 іх было 1535).
Каб прывабіць пакупнікоў, уладальнікі кнігарань больш не могуць сабе дазволіць мець толькі паліцы з кнігамі: яны імкнуцца змяніць сам падыход да продажу, прапануючы таксама іншыя тавары і паслугі. Таму кнігарні майго дзяцінства і сучасныя — гэта зусім розныя рэчы.
Цяжка сказаць, ці дажывуць кнігі да новага пакалення. Але і да гэтага часу мы адчуваем радасць, трымаючы ў руках і разглядаючы кнігу, — зусім як у XIV стагоддзі, калі Ёган Гутэнберг толькі пачаў сваю выдавецкую дзейнасць. Ёсць нешта ў кнізе… нейкае пачуццё бясконцасці і спакою.