Беларускія выдаўцы за мяжой зрабілі «партрэт» чытача на падставе апытання

Напрыканцы 2025 года беларускія выдаўцы за мяжой правялі апытанне сярод чытачоў беларускіх кніг. Яно не прэтэндуе на строгую статыстыку, але дазваляе ўбачыць цікавыя тэндэнцыі і — галоўнае — лепш зразумець свайго чытача. У выніку апытання атрымаўся «партрэт» чытача 2025 года.

Knihi

«Адразу варта папярэдзіць: апытанне не адпавядала строгім статыстычным нормам. Па-першае, яно ахапіла «цёплую» аўдыторыю, а гэта можа даваць скажоныя вынікі», — звяртае ўвагу Ілля Андрэеў, прадстаўнік выдавецтва Gutenberg Publisher. 

Акрамя таго, ананімны эксперт выказаў некалькі заўваг, якія варта ўлічыць у будучыні. Тым не менш апытанка спрацавала і як форма зваротнай камунікацыі.

«Здаецца, некаторыя людзі ўпершыню задумаліся: чаму кнігі? Чаму менавіта на беларускай мове? Як выдаўцы бачаць свайго пакупніка і з якімі праблемамі сутыкаюцца? У выніку апытання атрымаўся «партрэт» чытача 2025 года, што дапаможа выдаўцам, а магчыма, і аўтарам — дакладней трапляць у чытацкія густы і патрэбы», — кажа Ілля Андрэеў.

Вынікі апытання

  • Беларускі чытач/ка ўсё яшчэ выбірае папяровую кнігу на беларускай мове (замежны перакладны бэстселер або кнігу вядомага беларускага аўтара). Чытае адну, а часам дзве кнігі ў месяц. На тры—чатыры папяровыя кнігі ў яго спажывецкім кошыку прыпадае адна электронная.

Vyniki apytannia

  • Звычайны «кніжны кошык» выглядае прыкладна так: адна кніга фікшн, другая — ад беларускага класіка, трэцяя — навуковая (гістарычная, нон-фікшн або каля таго), і яшчэ адна — па сітуацыі: фантастыка, кніга для дзяцей або «для душы» (паэзія).
  • Прымаючы рашэнне аб набыцці кнігі, чытач хоча або ўжо ведаць аўтара, або атрымаць параду — ад блогераў ці знаёмых. Цікава, што кніжныя прэміі саступаюць гэтым «матыватарам». (Можа варта мець адзнаку «Кніга года па меркаванні чытачоў»? Не абавязкова глабальную — напрыклад, у межах апытання ад выдаўцоў).
  • Зручней набываць кнігі анлайн. Але чытач/ка не ўпускае магчымасці купіць кнігу і на мерапрыемствах, на аўтарскіх сустрэчах або ў афлайн-крамах. Мяркуючы па адказах, кошт не мае вырашальнага значэння — галоўнае, каб кніга была цікавая.
  • Часам у узнікае ўсім вядомае пытанне: «Што б такога пачытаць?». І тут адказ даволі відавочны: або сусветны бэстселер (навукпоп, самаразвіццё і інш.), або моцная кніга добрага беларускага аўтара. Каб было цікава — і, пажадана, карысна.
  • Аглядаючы свае паліцы, кожная чацвёртая з апытаных асоб думае: як я буду гэта перавозіць падчас чарговага пераезду. Тым не менш працягвае купляць — каб патрымаць, каб быць часткай, каб практыкаваць мову і г.д.


Магчыма, галоўная выснова такая: разам з фарміраваннем беларускага выдавецкага ландшафту «расце» і сам чытач — становіцца больш уважлівым, патрабавальным і крытычным. І гэта, напэўна, добры знак.

Больш падрабязна чытайце па спасылцы.