4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Лёс ці воля і дабрабыт народа

Што мацнейшае: абставіны ці воля чалавека? Што найважнейшае для нацыянальнага дабрабыту і чалавецтва агулам? Святлана праз сайт кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Шаноўная Святлана, віншую вас і ўсіх чытачоў “Будзьмы” з Новым годам.

Вялікі дзякуй за такія складаныя пытанні – я трошкі спрасціў іх для чытачоў. Не ўпэўнены, што здолею кампетэнтна на іх адказаць, але, калі дазволіце, падзялюся думкамі, што прыйшлі да мяне падчас зімовых святаў.

Лёс ці воля?

Гэтае пытанне, “лёс ці воля”, здаўна хвалюе філосафаў. Мне здаецца, што ў цэнтры праблемы стаіць выбар. У якіх жыццёвых сітуацыях мы можам рабіць выбар? Якія ў нас магчымасці, у якой ступені мы здольныя на выбар?

Ніхто з нас не вольны выбіраць месца і час нараджэння, а таксама сям’ю. Гэты выбар робяць за нас бацькі. Яны ж перадаюць нам свае гены, у якіх можа быць закладзеная працягласць жыцця і прычына смерці.

Калі б мне давялося адказваць на гэтае пытанне стагоддзе таму, падазраю, што я б надзяліў вялікім значэннем жыццёвыя абставіны. У тыя часы большасць з нас пайшла б па слядах сваіх бацькоў – жылі б на тым жа месцы, вялі б падобны лад жыцця, зараблялі б тым жа заняткам.

З тых часоў сітуацыя змянілася дзякуючы развіццю ведаў пра свет і космас і выкарыстанню прыродных рэсурсаў у выніку індустрыялізацыі. Сёння шмат хто зарабляе не так, як нашыя продкі ў аграрным, даіндустрыяльным грамадстве, якія ў асноўным карміліся з зямлі. Толькі адзінкам шанцавала весці іншы лад жыцця.

Веды пра сусвет цяпер шырока распаўсюджваюцца сярод людзей дзякуючы высокаму ўзроўню пісьменнасці, даступнай адукацыі і сродкам масавай камунікацыі. Медыцынскія даследаванні дазволілі чалавеку даведацца больш пра ўласнае цела і ягоныя магчымасці. Таксама дзякуючы прагрэсу ў медыцыне смяротнасць сярод немаўлят сёння значна ніжэйшая, чым была стагоддзе таму.

Але сусвет і дасюль поўны таямніц. Нягледзячы на ашаламляльны прагрэс у ведах, мы яшчэ не маем дакладных звестак пра памер і паходжанне сусвету, пра тое, як працуе наш мозг, ці пра часціцу, меншую за базон Хігса. Сусвет, у якім мы жывем, абмяжоўвае нас.

Таму я разумею меркаванне, што выбар, які мы маем, стварае ілюзію волі. Але і выбару ў нас сёння ў жыцці больш, асабліва дзякуючы адукацыі. Нашыя далягляды адносна таго, што мы можам дасягнуць, значна пашырыліся.

Дабрабыт народаў

На другое пытанне адказаць нават больш складана. Праблема ў тым, што маецца на ўвазе пад дабрабытам народа. Нашае матэрыяльнае багацце, здароўе фізічнае ці ментальнае – наколькі мы шчаслівыя?

І як яго ацаніць? Існуюць разнастайныя міжнародныя індэксы, якія параўноўваюць узровень заробкаў, працягласць жыцця, грамадскую думку і г.д. Калі скласці іх разам, атрымаецца індэкс якасці жыцця. Але вынікі будуць залежаць ад таго, наколькі гэты індэкс збалансаваны. Што важнейшае: чыстае асяроддзе, нізкі ўзровень злачыннасці ці даступная адукацыя?

Гэтыя індыкатары адлюстроўваюць вынікі для кожнай краіны паасобку. Самі па сабе яны не паказваюць нам, як краіна здолела дасягнуць высокага ўзроўню заробкаў ці нізкага – самагубстваў і г.д.

Некаторыя фактары немагчыма змяніць. Найбольш відавочныя з іх – геаграфічнае становішча і клімат.

Ёсць яшчэ і грамадская культура. Мы з маім індыйскім калегам неаднаразова абмяркоўвалі адрозненні нашых менталітэтаў. Ён наследуе вельмі адрознай ад нашай філасофскай традыцыі, дзе людзі па-іншаму ўспрымаюць сваё месца ў сусвеце і, здаецца, лягчэй прымаюць абставіны, у якіх ім даводзіцца жыць.

Я – прадукт заходняй традыцыі, карані якой – у класічнай цывілізацыі антычнай Грэцыі. Я прымаю як належнае ідэі, што прыйшлі да нас з хрысціянства, эпох асветы і ліберальнай думкі. Для мяне свабода выбару і валоданне асноўнымі правамі, якія прадугледжвае дэмакратыя, – найважнейшыя фактары для вызначэння дабрабыту грамадства.

У заходняй традыцыі існуюць розныя ідэі наконт дабрабыту. Бадай, самая брытанская з іх – гэта ідэя ўтылітарыянізму Джэрэмі Бентама і Джона Сцюарта Міла, якая прадугледжвае дзейнасць, накіраваную на задавальненне як мага большай колькасці людзей, што ў выніку прывядзе да “сумы шчасця”.

Недахоп дадзенага прынцыпу ў тым, што ён залежыць ад чалавека. Мы не заўсёды дзейнічаем рацыянальна і да таго ж можам раптоўна перадумаць. А прынцып сам па сабе не можа гарантаваць, што палітычныя лідары будуць дзейнічаць выключна ў інтарэсах грамадскай большасці.

У ХІХ стагоддзі існаваў і такі погляд, што “гісторыя – гэта біяграфія выбітных грамадзян” (выраз брытанскага філосафа Карлайла). Яшчэ адзін філосаф, Лорд Эктан, быў нашмат больш скептычны ў дачыненні “выбітных грамадзян” і лічыў, што ўлада разбэшчвае.

“Гераічны” погляд на гісторыю пакрысе саступіў месца ідэі пра тое, што лідары – гэта прадукт свайго грамадства. У эпілогу да “Вайны і міру” Талстой пісаў, што нават Напалеонам падчас расійскай кампаніі кіравалі сілы, якія яму самому не падпарадкоўваліся.

Іншыя філосафы, напрыклад, Маркс, меркавалі, што грамадства развіваецца па зададзеных траекторыях. Але нават тыя краіны, якія заяўлялі пра сябе як пра марксісцкія, не сталі такімі ў выніку падзей, якія прадказваў Маркс, а менавіта звяржэння капіталістычных буржуазных дэмакратычных улад. Такія змены здараліся ў менш развітых краінах, дзе капіталізм і індустрыялізацыя не дасягнулі высокага ўзроўню развіцця.

Я мог бы бясконца працягваць гэтую тэму, настолькі яна шматбаковая. Аднак дазвольце мне замест гэтага расказаць пра тыя бакі, што я ведаю найлепш.

Дыпламаты ацэньваюць праблемы, што стаяць перад краінамі і іх палітычнымі лідарамі. Мы павінныя разумець, што стрымлівае іх, калі яны імкнуцца ісці тым ці іншым шляхам. Часам лідары кажуць, што ўнутраная палітыка не дае ім магчымасці прыняць нейкія меры ў міжнародных адносінах.

Мне здаецца, што поспех нацыі ў доўгатэрміновай перспектыве залежыць ад таго, як людзі ўспрымаюць самі сябе, наколькі яны гатовыя да мабілізацыі дзеля агульнай справы, у адпаведнасці з агульнымі правіламі. Тут гаворка ідзе ўжо не пра лёс і волю, а больш пра самасвядомасць і матывацыю.

Для мабілізацыі людзей не патрэбны нават моцны лідар. Напад ворага (ці толькі пагроза нападу) можа больш чым паспяхова аб’яднаць і заахвоціць нацыю да актыўнай дзейнасці. Але, на шчасце, войны ў Еўропе цяпер здараюцца рэдка.

У гэтым блогу я толькі павярхоўна адказаў на пытанне. Я ўпэўнены, што дабрабыт нацыі ў будучыні залежыць ад таго, ці будзе ў кожнага грамадзяніна права голасу ў вырашэнні гэтай самай будучыні.

Святлана, вы таксама спыталі, ці меў я калісьці дачыненні з тымі, хто пераадолеў абставіны.

Канкрэтных прыкладаў у мяне, на жаль, няма. Аднак я захапляюся людзьмі, якім пашанцавала менш, чым мне – калі ўзяць здароўе ці матэрыяльнае становішча, – але якія, нягледзячы на гэта, шмат чаго дасягнулі ў жыцці.

Вашае пытанне прымусіла мяне ўспомніць пра аднаго палітычнага лідара, які зусім нядаўна пайшоў з жыцця. Нават правёўшы 27 гадоў у турме і вызваліўшыся ва ўзросце 71 года, Нэльсан Мандэла здолеў прывесці Паўднёвую Афрыку ад апартэіду да дэмакратыі.

У Мандэлы быў улюбёны верш, які ён чытаў сам сабе ў турме. Гэты верш напісаў у 1875 годзе англійскі паэт Уільям Эрнэст Генры, які ўсё жыццё пакутаваў ад хвароб і якому давялося ампутаваць нагу праз інфекцыю. Верш носіць назву “Invictus” – “Непераможны”:

Калі мяне накрые ноч,

Чарнейшая за чарнату,

Я буду дзякаваць багам

За сваю моцную душу.

 

У жорсткіх лёсу кіпцюрах

Я не вагаўся, не стагнаў.

Хай былі слёзы на вачах —

Я ішоў у крыві, я не ўпаў.

 

Па-за нянавісцю і болем

Я бачу толькі цьмяны жах.

І хай праходзіць год за годам —

Мне невядома слова “страх”.

 

Шлях мой цяжкі: прайду яго,

Хоць бі мяне, хоць задушы.

Я лёсу уладар свайго

І капітан сваёй душы.