Прастора віруе інфармацыяй. Што праўда, а што – прыдумкі, каб пажартаваць альбо дэзарыентаваць? Амбасадар Яе Вялікасці лічыць, што “тыя ж тэхналогіі, што даюць нам доступ да інфармацыі, дазваляюць іншым распаўсюджваць дэзінфармацыю, а часам і цалкам сфальсіфікаваныя матэрыялы”. Сённяшнія развагі Бруса Бакнэла – і пра тое, якім крыніцам давярае ён сам, і адкуль сродкі фінансавання брытанскіх медыяў, і пра тое, ці давярае грамадства сённяшнім СМІ.
Мабыць, адна з самых вялікіх зменаў у маім прафесійным жыцці адбылася ў галіне камунікацый. Калі я толькі пачынаў кар’еру дыпламата, пра навіны мы даведваліся з папяровых крыніц: артыкулы, якія выразаліся проста з газет, я часам мог прачытаць толькі праз некалькі дзён пасля публікацыі.
Сёння свае «газетныя выцінанкі» я атрымліваю ў лічбавым выглядзе: яны чакаюць сваёй чаргі ў скрыні з самай раніцы. На мабільным я таксама наладзіў стужку навін. Я магу імгненна даведацца пра ўсё, што адбываецца ў свеце.
Паскарэнню распаўсюджання навін спадарожнічае несувымернае павелічэнне іх колькасці. Навіны пра палітыку, знакамітасцяў, цану нафты і пасы ў футбольным матчы абнаўляюцца штогадзіны, а то і штохвіліны.
Інфармацыя паступае не толькі з СМІ, але і з сацыяльных сетак. Мы назіраем за тым, чым занятыя нашы сябры. Мы даведваемся, пра што яны думаюць, а таксама, пры жаданні, пра тое, што думаюць абсалютна незнаёмыя нам людзі.
Але з павелічэннем колькасці навін і меркаванняў узнікае сур’ёзная праблема праўдзівасці і дакладнасці інфармацыі. Тыя ж тэхналогіі, што даюць нам доступ да інфармацыі, дазваляюць іншым распаўсюджваць дэзінфармацыю, а часам і цалкам сфальсіфікаваныя матэрыялы.
Чаму ж можна верыць? Якія крыніцы надзейныя?
Усе павінныя ўмець адрозніваць праўду ад выдумкі. Але асабліва важнае гэтае ўменне для дыпламатаў, якія працуюць у краінах, дзе СМІ кантралююцца дзяржавай. На шчасце, у большасці выпадкаў мы маем зносіны наўпрост з калегамі або прадстаўнікамі ўрадаў дзяржаў, якія нас прымаюць, таму нам не даводзіцца спадзявацца выключна на навіны.
Думаю, што нам, брытанцам, пашанцавала. У нас ёсць агенцтва навінаў, рэпартажы якога вылучаюцца дакладнасцю фактаў і неперадузятасцю выкладу. Брытанская вяшчальная карпарацыя, або ВВС, існуе ўжо 92 гады. Пачаўшы з радыёвяшчання і развіўшы іншыя паслугі ў наступнае дзесяцігоддзе, ВВС мела асабліва важнае значэнне падчас Другой сусветнай вайны.
Функцыі ВВС былі сфармуляваныя яе першым генеральным дырэктарам Джонам Рытам наступным чынам: «Навучаць, інфармаваць і забаўляць». Ён паставіў высокія стандарты грамадскага вяшчання і настойваў на тым, каб яно захоўвала незалежнасць ад дзяржавы. Праверка рэдакцыйнай незалежнасці наступіла вельмі хутка: у 1926 годзе падчас усеагульнага страйку Рыт адмовіўся перадаць службу вяшчання пад кантроль урада.
Прынцыпы рэдакцыйнай незалежнасці выкладзеныя ў “Дапаможніку рэдактара”. Я не магу знайсці словаў, каб напісаць найлепшы ўступ аб рэдакцыйных каштоўнасцях:
“Давер — аснова ВВС: мы незалежныя, бесстароннія і сумленныя. Мы лічым сваім абавязкам прытрымлівацца высокіх стандартаў дакладнасці і аб’ектыўнасці і імкнемся не дапускаць наўмыснага і істотнага дэзінфармавання нашай аўдыторыі”.
З цягам часу служба ВВС ўключыла ў сябе тэлебачанне, маніторынг медыяпрадуктаў па ўсім свеце і, ужо ў стагоддзе лічбавых тэхналогій, вэб-сайт. Сусветная служба BBC ажыццяўляе радыётрансляцыю па ўсім свеце як па-ангельску, так і на 27 іншых мовах, уключаючы Рускую службу. Займаецца BBC і тэлевяшчаннем, адна з перадач — BBC World News. Спадзяюся, што яна да гэтага часу з’яўляецца крыніцай аб’ектыўнай і дакладнай інфармацыі.
З BBC звязана нямала супярэчнасцяў у Вялікабрытаніі. Не раз карпарацыя падвяргалася нападкам іншых СМІ за сваю вялізную ўладу. У 1955 годзе, калі было створанае незалежнае тэлебачанне, а пазней — незалежныя радыёстанцыі, BBC пазбавілася статусу манапаліста вяшчання. Карпарацыя дагэтуль фінансуецца за кошт абаненцкай платы, якая спаганяецца з усіх тэлегледачоў (раней — з усіх уладальнікаў тэлевізараў, а цяпер — з усіх, хто глядзіць праграмы тэлебачання на любой платформе).
Але імкненне да аб’ектыўнасці застаецца. У апошні час BBC не карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод афіцыйных асобаў праз тое, што яе журналісты настойліва задаюць ім складаныя пытанні. Але брытанскія палітыкі ведаюць, што BBC будзе задаваць складаныя пытанні па-за залежнасцю ад таго, хто ўваходзіць у склад урада, і што ўзровень грамадскага даверу BBC вышэйшы за аўтарытэт любога іншага інстытута ў Вялікабрытаніі.
Я рады, што маю магчымасць слухаць радыё BBC у інтэрнэце. Да гэтага часу даведваюся шмат новага: адна з маіх любімых перадач, якую я магу слухаць у Мінску, — “In Our Time” (“У нашыя часы”), ці “гісторыя ідэй”, як называе яе вядоўца.
Вельмі добра, што нават у нашым перанасычаным інфармацыяй свеце можна атрымаць доступ да крыніцы аб’ектыўнай інфармацыі. Гэта выдатнае проціяддзе: журналістыка, якая дае інфармацыю, а не спрабуе сфармаваць меркаванне.
P.S.: Калі вы раптам падумалі, што можа Амбасадар і сапраўды ганяе на трактары з братам-блізнюком, мы павінны вас расчараваць – арыгінал фота тут: http://ow.ly/DUBzd (modified under a CC license)