Беларуская Рада культуры прэзентавала даследаванне «Дзяржаўная палітыка знішчэння нацыянальнай памяці беларусаў (2020–2024)», якое дае ўражальную карціну тых зменаў у адукацыі і фарміраванні ідэнтычнасці, якія адбываюцца ў Беларусі.
Фота: сайт Беларускай Рады культуры
155 вайскова-«патрыятычных» класаў дзейнічаюць у Беларусі на лістапад 2024 года паводле звестак ад Міністэрства абароны. За апошнія дзесяць гадоў колькасць навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю на беларускай мове, скарацілася на 34,4%. З сучасных падручнікаў прыбіраюцца згадкі пра Рэч Паспалітую. Курс «Генацыд беларускага народа» рэкамендаваны з 1-га класа. Спіс забароненых кніг у Беларусі ідзе на дзясяткі.
Гэта звесткі не з галіны фантастыкі, а тое, што зараз адбываецца ў краіне.
Reform.news звязаўся з аўтарам даследавання, каб дазнацца, як рэжым змяняе ландшафт гістарычнай памяці ў апошнія чатыры гады. Імя аўтара не называецца з прычыны бяспекі.
— Дзяржаўная палітыка ў дачыненні да нацыянальнай памяці і фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці ў Беларусі за апошнія пяць гадоў змянялася паступова. Здаецца, толькі нядаўна людзі смяяліся з ЖЭС-працаўнікоў, якія замазваюць шэрай фарбай бела-чырвона-белы сцягі на сценах буданкаў, а нядаўна «экстрэмісцкім фарміраваннем» улады прызналі ювелірную кампанію, якая вырабляе кулоны ў форме абрысаў Беларусі са слязой. Прычым кампанію, якая дзейнічае за мяжой, нават не ў краіне. Як хутка адбыліся гэтыя змены? Якія вехі ў гэтых захадах рэжыму вы б вылучылі?
— Так, змены не адбываюцца адразу. Што мы ўбачылі ў жніўні 2020 года? Не толькі збіццё і катаванні пратэстоўцаў, але і разгубленасць прадстаўнікоў улады. Удзельнікі мірных маршаў былі ўзрушаныя колькасцю аднадумцаў, выразнасцю нацыянальнай сімволікі на вуліцах горада. З вышыні птушынага палёту Менск часам нагадваў адзінае бела-чырвона-белае палотнішча.
Прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі таксама былі ўражаныя. Толькі іх першымі крокамі кіраваў страх. Ён стаў асновай сапраўднага палявання на любое публічнае выкарыстанне нацыянальнай сімволікі. Так, мы смяяліся з працаўнікоў ЖЭСаў, бо былі ўпэўнены: усё не замазаць. Гэта ж як страляць па вераб’ях: разляцімся ў розныя бакі, усіх не зловіш. Але паступова дзеянні ўлады станавіліся больш асэнсаванымі.
Устанаўленне ў 2021 годзе свята «народнага адзінства», з’яўленне ў навучальных установах пасады кіраўніка ваенна-«патрыятычнага» выхавання і іншыя моманты сведчаць, што ўлады задумаліся пра сваю будучыню. Хаатычная барацьба з бела-чырвона-белымі шкарпэткамі, кубкамі з выявай «Пагоні» перарасла ў крымінальны пераслед заснавальнікаў крамаў нацыянальнай сімволікі, забарону вітання «Жыве Беларусь» і тэкстаў беларускіх класікаў антырасійскай накіраванасці. У 2023 годзе ўлада дабралася да цела чалавека: татуіроўкі з нацыянальнай сімволікай былі абвешчаныя па-за законам.
Што тычыцца кулонаў са слязой, то прыклады як аналагічнага супраціву, так і яго падаўлення былі ў нашай гісторыі. Падчас паўстання 1863 года на землях былой Рэчы Паспалітай расійскія ўлады забаранялі нашэнне жалобнага адзення як сімвалу памяці па загінулых. Жаночая біжутэрыя таксама лічылася спосабам праяўлення пратэсту. За нашэнне бранзалетаў, што нагадвалі кайданы, выявы якароў (сімвалаў надзеі), гравіроўкі партрэтаў Касцюшкі штрафавалі. Злосных парушальнікаў арыштоўвалі. Ці дапамагло гэта зрабіць праблему грамадзянскага супраціву менш прыкметнай? Так. Ці зламала гэта сам супраціў? Не.
Тут і далей у афармленні матэрыялу выкарыстоўваюцца выявы, згенераваныя ШІ
— Ці можна назваць гэта палітыкай знішчэння нацыянальнай памяці, ці гэта рэпрэсіі, якія склаліся ў агульную карціну?
— Ведаеце, калі б пратэстоўцы абралі сваім сімвалам васілёк, дык улада ўзялася б за поўнае вынішчэнне васількоў, каб толькі нічога не нагадвала пра пратэсты. Сімвалам пратэстоўцаў стаў бела-чырвона-белы сцяг, непарыўна звязаны з нашай гісторыяй і памяццю. Яны і сталі галоўнай мішэнню для рэжыму Лукашэнкі. На нашых вачах ствараецца сістэма па знішчэнні нацыянальнай памяці беларусаў.
Ідзе сапраўдны наступ на месцы памяці ахвяр камунізму, руйнуюцца могілкі жаўнераў Арміі Краёвай, дэмантуюцца памятныя знакі, прысвечаныя знакавым падзеям нашай гісторыі. У 2023 годзе знеслі помнік паэтцы і вязніцы ГУЛАГу Ларысе Геніюш, затое паставілі помнік «нябеснаму заступніку сухапутных войскаў і марской пяхоты Расіі» — Аляксандру Неўскаму. Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта атрымаў імя ката беларускага народа — Фелікса Дзяржынскага, а гімназію ў Свіслачы пазбавілі імя нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.
Звужаецца прастора беларускай мовы. Паслядоўна вынішчаецца беларускамоўная прэса, закрываюцца выдавецтвы, творчасць пісьменнікаў, нават класікаў беларускай літаратуры, абвяшчаецца па-за законам. Кнігі спальваюць і закопваюць бульдозерамі. Грамадства спрабуюць уціснуць у вузкія рамкі адзінай ідэалогіі. Праўда, распрацаваць уласную ідэалогію прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі за гады яго кіравання так і не здолелі. Часу, відаць, не хапіла. Вынікі іх навуковых пошукаў зводзяцца да прымітыўнай ідэі безумоўнай адданасці «бязгрэшнаму» правадыру.
Нарэшце, кардынальныя змены сёння адбываюцца і ў сферы адукацыі.
— Пабудова наратыву «генацыду беларускага народа». Цікавыя перадумовы яго стварэння і далейшае выкарыстанне. Чаму рэжым карае нават сумнеў у прапанаванай гіпотезе? Як увогуле можна назваць гэты наратыў, знайсці яму адпаведны тэрмін?
— Давайце разам прасочым этапы з’яўлення і існавання любога гістарычнага паняцця: спачатку працуюць даследчыкі, збіраюць дакументальную базу, асэнсоўваюць вынікі; потым іх дасягненні становяцца прадметам абмеркавання, замацоўваюцца ў грамадскай свядомасці; найбольш важныя паняцці ўключаюць у школьную праграму; нарэшце, у рэдкіх выпадках яны замацоўваюцца ў заканадаўчых актах.
Што адбылося ў нас? Спачатку прынялі Закон аб генацыдзе беларускага народа, устанавілі крымінальную адказнасць за яго непрызнанне (студзень 2022), а ўжо пасля з’явіліся інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы (2022) і навучальныя дапаможнікі (2023). Пра сур’ёзную навуковую працу і грамадскае абмеркаванне разважаць не даводзіцца. Дарэчы, гэта ўнікальная сітуацыя ў свеце, калі аўтарамі школьных падручнікаў сталі супрацоўнікі пракуратуры.
Чаму яны спатрэбіліся ў беларускай адукацыйнай прасторы? Таму шта мэтай новага наратыву з’яўляўся не пошук гістарычнай праўды, а стварэнне заканадаўчай базы рэпрэсій за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі. Аўтары падручнікаў мэтанакіравана звязалі нацыянальную сімволіку з калабарацыянізмам у гады Другой сусветнай вайны. Без доказаў абвінавацілі яе носьбітаў у расстрэлах ваеннапалонных і мірнага насельніцтва. Можна сказаць, што пракурорскія супрацоўнікі цынічна выкарысталі падзеі Другой сусветнай вайны як фон, неабходны для раскрыцця «злачынстваў» сучасных праціўнікаў улады Лукашэнкі.
Ёсць у гэтага медаля і другі бок. Фактычна аўтары канцэпцыі «генацыду беларускага народа» наратыў народа-пераможцы падмянілі наратывам народа-ахвяры. Апошні ідэальна ўпісваецца ў добра вядомую формулу: «мы людзі маленькія, ад нас нічога не залежыць».
— Вы адзначаеце ў сваім даследаванні, як перапісваецца гісторыя ў новых беларускіх школьных падручніках і вучэбных дапаможніках на карысць Масквы. Скарачаюцца і прыбіраюцца раздзелы, прысвечаныя Рэчы Паспалітай, з падручнікаў зніклі імёны ўдзельнікаў антырасійскай барацьбы. Ці ёсць у беларускім грамадствае пэўны антыдот, каб супрацьстаяць гэтаму? І якая тэма магла б стаць ключавой у разбурэнні гэта навязанай палітыкі пра сумесны лёс беларускага і расійскага народаў?
— Разумееце, разам са знікненнем са старонак беларускіх падручнікаў Рэчы Паспалітай знікае і еўрапейскі вектар беларускай гісторыі. Уваходжанне беларускіх земляў у склад Рэчы Паспалітай — гэта не толькі пра акаталічванне і паланізацыю. Гэта таксама пра ўдзел мясцовай шляхты ў сістэме кіравання, рэспубліканізм, развіццё заканадаўчай сістэмы, новыя адукацыйныя магчымасці, усведамленне свайго месца сярод еўрапейскіх народаў.
Тэмы, якія маглі б стаць ключавымі ў разбурэнні міфа пра агульны лёс беларускага і расійскага народаў, не трэба доўга шукаць — яны на паверхні. Аналіз вучэбнай літаратуры выяўляе вузлавыя праблемы, якія антынацыянальная ўлада імкнецца схаваць у самы далёкі ад уласнага народа кут.
На першы план выходзіць асоба Кастуся Каліноўскага і падзеі нацыянальна-вызваленчай барацьбы XIX стагоддзя. Сапраўдны жах у прадстаўнікоў улады выклікае постаць Вацлава Ластоўскага і магутны ўздым нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя.
Тут і далей у афармленні матэрыялу выкарыстоўваюцца выявы, згенераваныя ШІ. Адзначым, што нейрасетка пагадзілася толькі на сімвалічную выяву працэсу знішчэння кніг
Вельмі актуальная тэма войнаў Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй, арганізацыя супраціву захопнікам і іх прапагандзе. У пошуках антыдоту мне хацелася б успомніць словы пасланніка Вялікага Княства Літоўскага Ленарта Узлоўскага 1565 года. Падчас Інфлянцкай вайны ён сказаў маскоўскаму чыноўніку, што немагчыма радавацца, калі «між намі хрысціянская кроў льецца».
У маім сэрцы заўсёды жыла ўпэўненасць, што вайна з’яўляецца абсалютным злом для кожнага беларуса, што гэтая наша праўда ўбудавана ў генакод. Аднак палітыка мілітарызацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў навучальных устаноў рэспублікі ствараюць новыя выклікі для кожнага, каму не абыякавы лёс Беларусі.
— Мілітарызацыя адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў — яшчэ адзін страшны трэнд, які адбываецца ў Беларусі. Прапаганда «дабіраецца» да дзяцей. Падручнікі пра «генацыд беларускага народа» рэкамендуюцца для вучняў першага класа. Расце колькасць вайскова-патрыятычных аб’яднанняў у краіне: групы, клубы, летнікі. Патрыятычныя цэнтры адкрываюцца нават у дзіцячых садках. Які рэальны маштаб гэтай сеткі аб’яднанняў? Ці ведамствы не прыпісваюць лічбы для справаздачнасці?
— Так, прыпіскі існуюць. Гэта адметная рыса сістэмы, створанай Лукашэнкам. Мілітарызацыя адукацыйнай і выхаваўчай прасторы — самая небяспечная тэндэнцыя ў сучаснай сістэме адукацыі. Чыноўнікі не хаваюць, што імкнуцца да поўнага ахопу дзіцячай аўдыторыі, максімальнага набліжэння «патрыятычных» захадаў да дзейнасці вайсковых падраздзяленняў. У дзейнасць вайскова-«патрыятычных» аб’яднанняў — груп, класаў, клубаў і летнікаў — ужо ўцягнутыя дзясяткі тысяч беларускіх школьнікаў.
Феномен мілітарызацыі беларускай адукацыйнай прасторы застаецца не асэнсаваным педагагічнай супольнасцю. Незразумела, колькі гадзін штотыднёва адводзіцца ў агульнаадукацыйных установах краіны на патрыятычную" і ідэалагічную працу. У прыватных размовах настаўнікі літаральна крычаць пра тое, што ідэалагічныя мерапрыемствы зрываюць навучальны працэс. Зразумела, ніякая публічная дыскусія на гэту тэму ў сучаснай Беларусі немагчымая.
«Гульню ў вайну» спрабуюць зрабіць прывабнай для дзяцей, пачынаючы з трохгадовага ўзросту. Малых запрашаюць у вайсковыя часткі, уцягваюць у спаборніцтвы, якія імітуюць баявыя дзеянні. На думку псіхолагаў, успрыманне дзецьмі зброі як чагосьці прывабнага фарміруе ў іх небяспечнае стаўленне да гвалту як да звычайнай з’явы. Пад выглядам патрыятычнага выхавання дзецям прышчапляюць адданасць асабіста Лукашэнку. Выхаваўчыя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі ўключаюць праслаўленне прэзідэнта як чалавека са звышздольнасцямі, які дорыць дзецям новыя школы і лядовыя палацы, мірнае неба і шчаслівае дзяцінства. Фактычна «патрыятычнае выхаванне» ставіць знак роўнасці паміж радзімай і рэжымам Лукашэнкі.
Тут і далей у афармленні матэрыялу выкарыстоўваюцца выявы, згенераваныя ШІ. Нейрасетка адмовілася прадукаваць выявы, дзе дзяцей навучаюць карыстацца зброяй
Яшчэ адна небяспечная тэндэнцыя заключаецца ў тым, што пад шыльдай «патрыятызму» дзецям навязваюць ідэалогію «русского мира», падтрымку ваенных дзеянняў Расіі супраць Украіны, праслаўленне іх удзельнікаў. У дзіцячым цэнтры «Зубраня» зраўнялі памяць героя Беларусі Мікіты Куканенкі, які разам з Андрэем Нічыпорчыкам коштам уласнага жыцця ўратавалі жыцці людзей, і расійскага вайскоўца, які загінуў у захопніцкай вайне супраць Украіны.
— Якое пакаленне можа вырасці ў выніку гэтай палітыкі?
— Нагадаю, за апошнія дзесяць гадоў колькасць навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю на беларускай мове, скарацілася на 34,4%, а на рускай павялічылася на 22,6%. Адначасова была спыненая дзейнасць мноства арганізацый і ініцыятыў, якія развівалі беларускую культуру. Пра мерапрыемствы ў галіне адукацыі мы толькі размаўлялі.
Формула простая: адзіная руская мова плюс агульная гісторыя — атрымліваецца адзіны «рускі народ». На самай справе Масква ніколі не хавала, што ўспрымае беларусаў як частку адзінага народа. Сёння гэта палітыка рэалізоўваецца праз мэтанакіраваную дзейнасць агульнай расійска-беларускай камісіі ў справе гісторыі. Распрацаваны план дзейнасці, ён выконваецца. Пра гэта ідзе гаворка на старонках даследавання. Наколькі небяспечнымі могуць быць «сяброўскія» абдымкі Расіі, добра бачна на прыкладзе Украіны. Сувязь паміж гістарычнай канцэпцыяй, палітыкай русіфікацыі і ваеннымі дзеяннямі не выклікае сумневаў.
— Які ваш прагноз у дачыненні да далейшай дзяржаўнай палітыкі? Ці магчымы паварот да адносна ліберальных 2010-х? Ці Беларусь упэўненым курсам ідзе да таталітарызму?
— Я не бачу ніякіх прыкмет ліберальнага павароту. Барацьба з нацыянальнай сімволікай працягваецца. Усе праявы свабоднай думкі жорстка караюцца. Масавае закрыццё прыватных школ восенню 2022 года прывяло да манапалізацыі дзяржавай сістэмы адукацыі, адсутнасці магчымасцяў атрымліваць яе без жахлівага ціску прапаганды. Прадпрымаюцца спробы забараніць моладзі атрымліваць адукацыю за мяжой.
Адначасова назіраецца тэндэнцыя абмежавання ўплыву бацькоў на ўдзел іх дзяцей у вайскова-«патрыятычных» мерапрыемствах: ад недаінфармавання пра змест гэтых захадаў да прызнання дзяцей бацькоў, не згодных з дзеяннямі, «у сацыяльна небяспечным становішчы». Сістэма запалохвання ў навучальных установах залучае выязныя судовыя пасяджэнні і нават арышты беспасярэдне ў аўдыторыях.
Нават такая падзея, як вызваленне палітвязняў, выклікае не толькі радасныя эмоцыі. На месца кожнага вызваленага хапаюць новых закладнікаў. Паглядзіце, каго закранула апошняя хваля затрыманняў: родных вязняў, а таксама тых, хто не пабаяўся ім дапамагаць. Людзей пазбаўляюць магчымасці жыць паводле сваіх хрысціянскіх перакананняў. Беларусь заўсёды была на скрыжаванні культур. Але ніводная рэлігія не забараняе купіць цёплы шведар ці ежу нават сапраўднаму злачынцу, што ўжо казаць пра людзей, якія проста дазволілі сабе думаць іначай ці паставілі «лайк» у не належным у разуменні ўлады месцы. Ніхто дакладна не ведае, што яшчэ дазволена ў беларускім тэатры абсурду, а што ўжо не. Гэта дэмаралізуе чалавека. Разбурае яго псіхіку, аслабляе творчыя імпульсы. Так што мой адказ: так, мы рухаемся ў бок таталітарызму.
Выкарыстоўваецца выява, згенераваная ШІ
— Што беларускае грамадства можа супрацьпаставіць «чысткам», рэпрэсіям і забыццю?
— Без нацыянальнага падмурку будаваць беларускі дом немагчыма. У «цёмныя часы» выратоўвае «арганічная праца», накіраваная на развіццё навукі і культуры. Яна тычыцца не толькі навукоўцаў, літаратараў ці дзеячаў культуры, а кожнага з нас. Размаўляць на роднай мове — учынак. Чытаць дзецям добрыя кнігі, ушаноўваць памяць дзядоў, гатаваць беларускія стравы... Усё гэта ўчынкі, пералічваць якія можна бясконца. І яшчэ. Улада прадэманстравала, чаго яна баіцца больш за ўсё — нашага адзінства. Любая нагода для яго будзе добрай: можна разам спяваць і танчыць, арганізоўваць дзецям паездкі не па запланаваных школьнымі ідэолагамі маршрутах, а ў шляхецкія сядзібы ці музеі пісьменнікаў.
Безумоўна, значную ролю адыгрывае і палітычнае супрацьстаянне. У сучасных умовах на першы план выходзіць дзейнасць прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Чаго нам не хапае — цэнтра для распрацоўкі агульнай стратэгіі. Бо нават маленькія крокі могуць мець значныя вынікі, калі яны з’яўляюцца часткай адзінага плана.
Даведка
У даследаванні «Дзяржаўная палітыка знішчэння нацыянальнай памяці беларусаў (2020–2024)» упершыню комплексна аналізуюцца мерапрыемствы афіцыйных уладаў па знішчэнні нацыянальнай памяці, накіраваныя на фармаванне самасвядомасці беларусаў як частцы «адзінага рускага народа».
Знішчэнне нацыянальнай памяці ажыццяўляецца ў розных напрамках: забарона нацыянальнай сімволікі, звужэнне прасторы беларускай мовы і культуры, дзяржаўны вандалізм у дачыненні да памятных мясцін, прасоўванне ідэяў і каштоўнасцяў «русского мира».
Вырашальны ўплыў на фарміраванне светапогляду маладога пакалення беларусаў мае змест школьных праграм і падручнікаў па айчыннай гісторыі. У даследаванні ўпершыню паслядоўна прааналізаваны праграмы агульнаадукацыйных устаноў і ўніверсітэтаў Беларусі, асэнсавана прамое ўмяшальніцтва расійскіх уладаў у фарміраванне гістарычнай парадыгмы фармальна незалежнай Беларусі. Фактычна ў вышэйшых навучальных установах спынена выкладанне айчыннай гісторыі, гуманітарная адукацыя ператвараецца ў інструмент апраўдання рэжыму Лукашэнкі, прапаганды «культа» яго асобы. З навучальных праграм вычышчаецца еўрапейскі складнік беларускай гісторыі, замацоўваецца ўяўленне пра безальтэрнатыўнасць суіснавання беларусаў у межах расійскай цывілізацыі. Новыя ўстаноўкі навязваюцца гвалтам: арышты вучняў і настаўнікаў, судовыя прысуды адбываюцца проста ў аўдыторыях, дзяцей пазбаўляюць апекі бацькоў. Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі паслядоўна трансфармуецца ў таталітарны, карае за іншадумства, умешваецца ў асабістае жыццё чалавека, кантралюе нават яго цела (зафіксаваны пакаранні за татуіроўкі).
У даследаванні выяўлена злачынная дзейнасць беларускіх уладаў па мілітарызацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, якая патрабуе міжнароднай прававой ацэнкі. Дзяцей, пачынаючы з трохгадовага ўзросту, уцягваюць у мілітарызаваныя гульні, вучаць абыходжанню са зброяй, прывіваюць навыкі ваеннай дысцыпліны, падпарадкавання, вернасці асабіста прэзідэнту. Вайна падаецца як натуральны стан жыцця, а ўдзельнікі агрэсіі супраць Украіны прадстаўляюцца героямі. Гэта разбурае дзіцячую псіхіку, маральныя арыенціры беларусаў, якія заўсёды вызначалі іх як частку еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі.
У даследаванні вызначаны канкрэтныя гістарычныя перыяды, тэмы, героі, якія падаюцца афіцыйным уладам найбольш небяспечнымі, і паслядоўна выціскаюцца з беларускага культурнага поля. Вызначаны рэкамендацыі па фарміраванні адукацыйнага і забаўляльнага кантэнту з мэтай захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і еўрапейскага выбару беларусаў. Даследаванне служыць падмуркам для выпрацоўкі стратэгіі і тактыкі беларускіх незалежных культурніцкіх арганізацый і адукацыйных ініцыятыў.