Журы прэміі «Голас пакалення свабоды» вызначыла лаўрэатак і лаўрэатаў прэміі, паведамляе Беларускі ПЭН.
Прэмія заснаваная ў 2025 годзе Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы». Яе мэта — ушанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 60+, якія пасля 2020 года вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве. Прэмія ўключае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў у зборніку, які будзе прэзентаваны ў лістападзе 2025 года. Кандыдатаў можна было прапаноўваць праз анкету, якую распаўсюджвалі сузаснавальнікі. Пры галасаванні журы ўлічвала магчымыя канфлікты інтарэсаў, у выпадку якіх сябра журы не меў / не мела права галасаваць за асобу, якой гэта датычыцца.
Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН: «Голас лаўрэатаў і лаўрэатак — гэта голас сумлення, творчасці і супраціву. Ён працягвае гучаць, нягледзячы на межы, выпрабаванні і прымусовую цішу. Унёсак гэтых людзей у беларускую культуру, развіццё грамадзянскай супольнасці і абарону правоў чалавека — бясспрэчны, глыбокі і натхняльны. Арганізатары прэміі выказваюць шчырую падзяку лаўрэатам за нязломнасць, вернасць каштоўнасцям і нястомную працу дзеля вольнай, справядлівай і годнай Беларусі.
Сёлета журы адзначыла ажно 18 лаўрэатаў і лаўрэатак — гэта значны лік для прэміі, але ўсё ж толькі невялікая частка тых, хто штодня сваімі ўчынкамі і творчасцю набліжае вольную Беларусь. Мы ведаем і памятаем, што людзей, якія заслугоўваюць прызнання і падтрымкі, значна больш, і зробім усё магчымае, каб яны маглі працягваць сваю працу сёння, каб іх голас не знік у цішыні цэнзуры, замоўчвання ці хуткаплыннага часу. Іх гісторыі адвагі, годнасці і служэння Беларусі мусяць быць належным чынам адзначаныя і ўшанаваныя».
Андрэй Бастунец, сябра журы ад БАЖ: «Я рады, што лаўрэатамі прэміі сталі не толькі вядомыя асобы, але і тыя, хто звычайна застаецца ў ценю. Яны робяць сваю працу гадамі і дзесяцігоддзямі, карыстаюцца павагай калег — і падвяргаюцца пераследу з боку ўлады. Іх імёны мусілі прагучаць, а ўнёсак у справу Свабоды — быць адзначаным».
Надзея Белахвосцік, сябра журы ад Прэс-клуба Беларусь: «Журналістыка немагчымая без Свабоды. Менавіта свабода слова, свабода выказвання і меркавання з’яўляюцца не толькі асновай нашай працы, але і ўмовай існавання прафесіі. Але менавіта ў Беларусі не было ні дня, каб журналістам не прыходзілася адстойваць гэтыя правы. Лаўрэаты прэміі «Голас пакалення Свабоды» ўсё сваё прафесійнае жыццё аддалі на тое, каб беларусы мелі права на праўду, голас і абарону ад прапаганды. Нават калі для гэтага трэба прайсці праз турму альбо быць вымушанымі пакінуць сваю Радзіму».
Марыя Садоўская-Камлач, сябра журы ад фонду «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»: «Пакаленне свабоды, тых, хто свядома адстойвае вартасці і будучыню свабоднай Беларусі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, заслугоўвае безумоўнай павагі і падтрымкі без патрэбы выбару. Я ганаруся тым, што гэтыя людзі — мае суайчыннікі. Спадзяюся, што пасля святочнай цырымоніі ў Польшчы мы некалі зможам узнагародзіць іх яшчэ адзін раз — наступным разам у Беларусі, якую кожны і кожная з іх пакінулі не па сваёй волі».
Павел Сапелка, сябра журы ад Праваабарончага цэнтра «Вясна»: «Лаўрэаты прэміі — гэта галасы сумлення ў часы, калі ў навакольным свеце так шмат гвалту, страху і цэнзуры. Мы глядзім на іх шлях і бачым прыклад таго, што нязломнасць і сумленне важнейшыя за ўсё. Цяпер яны сталі для нас сімвалам адвагі, непадуладнай рэпрэсіям і страху. Іх голас працягвае нашую гісторыю, нагадваючы, што нават у часы таталітарызму можна заставацца свабодным. Гэтая ўзнагарода — не толькі знак удзячнасці, але і спроба натхніць на працяг такой важнай і каштоўнай працы».
Галасы лаўрэатаў прэміі з’явяцца на старонках зборніка «Голас пакалення свабоды» — жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні.
15 лістапада 2025 года (субота) а 17:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Гданьск, Польшча, plac Solidarności, 1) адбудзецца публічная дыскусія з удзелам лаўрэатаў і лаўрэатак і прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».
Удзельнікі падзеі падзеляцца асабістымі гісторыямі, досведам эміграцыі і працягу сваёй творчай, журналісцкай і праваабарончай дзейнасці ў выгнанні. Будзе магчымасць пачуць жывы голас пакалення, якое не страціла веру ў каштоўнасці свабоды і годнасці.
У той жа дзень у межах праграмы адбудуцца:
Уваход на ўсе імпрэзы вольны.
Даведка пра прэмію
Прэмія «Голас пакалення свабоды» заснаваная Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы».
Яна прызначаная для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 60+, якія пасля 2020 года вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу ў Польшчы, Чэхіі ці Літве. Прэмія ўключае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў у зборніку.