40 гадоў канцэртнай зале Сафійскага сабора

19 лютага 1983 года ў Сафійскім саборы была адкрыта канцэртная зала. За гэтыя гады яна набыла славу адной з лепшых канцэртных залаў у Еўропе і стала часткай сусветнай музычнай прасторы. Сусветна вядомыя музыканты лічаць за гонар выступаць на знакамітай полацкай сцэне, нязменна захапляючыся прыгажосцю, веліччу і ўнікальнай акустыкай старажытнага храма Беларусі, піша polotsk.museum.by.

konc.zal_.jpg


Тут выступалі самыя знакамітыя і яркія выканаўцы і калектывы з больш чым 25 краін свету; харавыя і аркестровыя калектывы пад кіраўніцтвам сусветна вядомых дырыжораў; камерныя калектывы; вядучыя беларускія калектывы: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны аркестр, Сімфанічны аркестр і хор Белдзяржтэлерадыёкампаніі, Дзяржаўная харавая капэла імя Р. Шырмы, Музычная капэла «Санорус», вакальны ансамбль «Чысты голас», салісты Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь...

Візітнай карткай горада з’яўляецца арган, усталяваны ў 1985 годзе майстрамі чэшскай фірмы «Riеger Kloss», які заваяваў музыкантаў і слухачоў незвычайным голасам, глыбіню якога падкрэслівае акустыка Сафійскага сабора.

4_17_41.jpeg

Штогод у Сафійскім саборы праходзіць больш за 200 канцэртаў камернай і арганнай музыкі, важныя гарадскія мерапрыемствы. З 1988 года тут праводзіцца Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, а з 1996 года — першы ў Беларусі Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».

Зараз у канцэртнай зале вядзецца падрыхтоўка да юбілейнага XXXV Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які зусім хутка прадставіць знаўцам сапраўднага мастацтва майстэрства выканаўцаў з Беларусі і Расіі, а таксама разнастайнасць жанраў класічнай музыкі. А юныя музыканты прымуць удзел у V адкрытым фартэпіянным конкурсе «І. С. Бах і XXI стагоддзе».

Летапіс канцэртнай залы Сафійскага сабора працягваецца ― сотні канцэртаў, вядомыя імёны, сусветныя прэм’еры напаўняюць культурнае жыццё горада, знаходзячы водгук у слухачоў самых розных пакаленняў, беражліва захоўваючы і памнажаючы духоўныя традыцыі Полацкай зямлі.


Глядзіце таксама: