Кароны з кардону і какошнікі, але зусім не тыя. Як беларускія сялянкі пераймалі княгінь на вяселлі

Нашы ўяўленні пра ўбранне на традыцыйнае вяселле часта абмяжоўваюцца сціплым вяночкам з палявых кветак ды белай кашуляй. Але гістарычная рэальнасць была значна больш тэатральнай і яркай. Беларускія дзяўчаты ішлі пад вянец у гіганцкіх шматузроўневых канструкцыях, якія ўражвалі сваімі памерамі і каштавалі немалых грошай, піша «Наша Ніва».

Viasieĺny halaŭny ubor

Каб пабачыць сапраўдныя шэдэўры беларускага вясельнага ўбору ХІХ стагоддзя, сёння даводзіцца гартаць каталогі Кракаўскага ці Расійскага этнаграфічных музеяў, бо ў айчынных калекцыях такіх артэфактаў практычна не засталося.

Доктарка мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская ў сваім нядаўнім артыкуле на старонках «Беларускага гістарычнага часопіса» вяртае з нябыту ўнікальныя ўборы, якія разбураюць нашы стэрэатыпы пра бедную сялянскую моду.

Сярод экспанатаў, сабраных польскімі і расійскімі этнографамі яшчэ да Першай сусветнай вайны, хаваюцца сапраўдныя модныя скарбы.

Viasieĺny halaŭny ubor
Дзяўчына ў вясельным галаўным уборы ў 1905 годзе з вёскі Падліпцы Ігуменскага павета Мінскай губерні, цяпер Слуцкі раён Мінскай вобласці. Фота: Расійскі этнаграфічны музей

Viasieĺny halaŭny ubor
Дзяўчына ў вясельным галаўным уборы ў 1908 годзе, Чэрыкаўскі павет Магілёўскай губерні. Фота: Расійскі этнаграфічны музей

Кардонная раскоша і гіганцкія памеры

Калі мы гаворым пра ўбор нявесты з Падняпроўя, варта забыцца на мінімалізм. У ваколіцах Быхава дзяўчаты аздаблялі галовы так званай «паперай». Гэта быў не проста вянок, а цэлая шматузроўневая інсталяцыя, вышыня якой дасягала дваццаці сантыметраў.

Viasieĺny halaŭny ubor
Вясельны галаўны ўбор канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Голені Чавускага павета Магілёўскай губерні, цяпер Магілёўскі раён Магілёўскай вобласці. Фота: Расійскі этнаграфічны музей

Viasieĺny halaŭny ubor
Вясельны галаўны ўбор папера да 1882 года з Быхаўскага павета Магілёўскай губерні, што знаходзіцца ў межах цяперашняга Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Фота: Кракаўскі этнаграфічны музей

Viasieĺny halaŭny ubor
Вясельны галаўны ўбор папера да 1882 года з Быхаўскага павета Магілёўскай губерні, што знаходзіцца ў межах цяперашняга Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Фота: Кракаўскі этнаграфічны музей 

Назва ўбору паходзіць ад матэрыялу каркаса, бо менавіта шчыльны кардон ці праклееная папера дазвалялі трымаць гэтую манументальную форму. Зверху канструкцыя шчыльна абцягвалася чырвонай баваўнянай тканінай, багата аздаблялася стужкамі, штучнымі кветкамі і пацеркамі.

Цікава, што ззаду да такога ўбору чапляўся цэлы каскад з шаўковых ці паркалёвых стужак, даўжыня якіх магла набліжацца да метра. Уявіце сабе маштаб: дыяметр гэтай прыгажосці разам з валанамі складаў амаль шэсцьдзясят сантыметраў. Гэта была сапраўдная карона, якая рабіла нявесту цэнтрам сусвету, фізічна павялічваючы яе постаць і вымушаючы трымаць спіну ганарліва і роўна.

Karona
Карона як галаўны ўбор мяшчанкі з мястэчка Ула Віцебскай губерні, 1866 год. Фота: Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта 

Беларускі какошнік не той, што ў Расіі

У нашым грамадстве слова «какошнік» трывала асацыюецца з рускай народнай культурай і святочнымі ўборамі жанчын суседняй краіны. Але какошнікі насілі і на Магілёўшчыне, хоць нашы прабабулі і ўкладалі ў іх зусім іншы сэнс і форму.

Назва сапраўды паходзіць ад старажытнага кораня, што азначаў пеўня ці курыцу, бо сілуэт убору нагадваў птушыны грабеньчык. Аднак на гэтым агульнае заканчваецца.

Viasieĺny halaŭny ubor
Вясельны галаўны ўбор какошнік да 1883 года з Быхаўскага ці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай, а таксама Кармянскі, Чачэрскі і Жлобінскі раёны Гомельскай вобласці. Фота: Кракаўскі этнаграфічны музей

Viasieĺny halaŭny ubor
Вясельны галаўны ўбор какошнік да 1883 года з Быхаўскага ці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай, а таксама Кармянскі, Чачэрскі і Жлобінскі раёны Гомельскай вобласці. Фота: Кракаўскі этнаграфічны музей 

Рускі какошнік быў галаўным уборам замужняй жанчыны і меў на мэце цалкам схаваць валасы, каб ніводная выбітая пасма не прынесла сурокаў.

Беларускі ж вясельны какошнік, які бытаваў на тэрыторыі сучасных Слаўгарадскага, Рагачоўскага і Кармянскага раёнаў, заставаўся ўборам дзявочым.

Ён ствараўся ў форме высокага вянка, які закрываў цемя, але прынцыпова пакідаў адкрытай патыліцу. Валасы нявесты, сабраныя ў касу ці проста распушчаныя, дэманстраваліся ўсім гасцям як сімвал дзявочай красы і чысціні. Гэта выдатны прыклад таго, як аднолькавыя словы ў розных культурах хаваюць за сабой абсалютна розныя традыцыі.

Вясельны бізнэс 

Імкненне выглядаць па-каралеўску не заўсёды супадала з фінансавымі магчымасцямі сялянскай сям’і. Унікальныя галаўныя ўборы, вядомыя на поўначы Беларусі пад назвамі «аксамітка» і «тканка», ствараліся як імітацыя багатых мяшчанскіх карон.

Viasieĺny halaŭny ubor
Вясельны галаўны ўбор да 1912 года з вёскі Пуцілкавічы Барысаўскага павета Мінскай губерні, цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці. Фота: Кракаўскі этнаграфічны музей

Viasieĺny halaŭny ubor
Вясельны галаўны ўбор да 1912 года з вёскі Пуцілкавічы Барысаўскага павета Мінскай губерні, цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці. Фота: Кракаўскі этнаграфічны музей

Viasieĺny halaŭny ubor
Вясельны галаўны ўбор да 1912 года з вёскі Пуцілкавічы Барысаўскага павета Мінскай губерні, цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці. Фота: Кракаўскі этнаграфічны музей

Напрыклад, у вёсцы Пуцілкавічы, што на Ушаччыне, мясцовыя майстрыхі рабілі высокія цыліндрычныя шапкі з грубага прашытага палатна і кардону, а потым шчыльна нашывалі на іх кавалачкі рознакаляровай тканіны. Здалёк гэтая тэкстыльная мазаіка стварала ілюзію дарагога фактурнага аксаміту, за што ўбор і атрымаў сваю назву.

Стварэнне такой прыгажосці патрабавала не толькі густу, але і немалых сродкаў на крамныя матэрыялы. Таму ў вёсках сфарміраваўся сапраўдны пракатны бізнэс. Як фіксаваў яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя этнограф Уладзімір Шукевіч,

адна такая «аксамітка» выкарыстоўвалася на дзясятках вяселляў. У яе была сталая ўладальніца, якая за пэўную плату пазычала ўбор чарговай нявесце. Камерцыя на прыгажосці працавала бездакорна, а сялянская дзяўчына атрымлівала магчымасць хоць на адзін дзень адчуць сябе сапраўднай княгіняй, як яе і велічалі ў традыцыйных вясельных песнях.