Падаецца, што ўвесь свет супраць вас? Самыя блізкія людзі не разумеюць, калегі і партнёры не паважаюць, родныя не цэняць, сябры не заўважаюць. І больш за тое – усе чагосьці патрабуюць ад вас, чакаюць дапамогі, увагі, падтрымкі, а вам – і «паплакацца» няма каму. Усе пільна назіраюць за вашымі няўдачамі і пастаянна на іх спасылаюцца, а вось вашых дасягненняў і поспехаў быццам і не існуе.
У гэтым артыкуле мы прапануем 5 нестандартных метадаў змяніць стаўленне да сябе ва ўсіх сферах. Усе яны заснаваныя на прынцыпе вялікага люстэрка. Ён азначае, што навакольны свет адлюстроўвае ваша ўласнае стаўленне да сябе – наколькі вы самі сябе цэніце, роўна настолькі ж вы каштоўныя для тых, з кім сутыкаецеся.
Фота: nochnichok.ru
1. «У люстэрку»
Узгадайце, як часта вы крытыкуеце сваё цела: занадта худыя (поўныя, кароткія, крывыя і г.д.) ногі; даўгі (кірпаты, шырокі) нос; натапыраныя вушы… Спіс «недахопаў», якія мы сабе прыпісваем, можна працягваць бясконца. Мала таго, што мы, мякка кажучы, не ўхваляем асобныя часткі свайго цела (альбо яго цалкам), дык вельмі часта мы любім яшчэ і паскардзіцца на ўсё гэта сябрам, каханым, сваякам… Ёсць такое?
І кожны раз, калі мы крытыкуем сябе перад кім-небудзь, мы праграмуем гэтага чалавека ўспрымаць нас менавіта так, як мы кажам. І нават, калі першапачаткова чалавек не бачыў нейкага хіба, то пасля вашых настойлівых заўваг, ён абавязкова заўважыць гэты недахоп.
Зразумела, што часта мы «скардзімся» на сваю знешнасць у чаканні, што з намі стануць спрачацца і заўпэўніваць, што мы ідэал і эталон прыгажосці. Некалькі разоў гэта сапраўды можа «спрацаваць». Але вы і не заўважыце, як хутка суразмоўца пачне падтрымліваць вас і разважаць, ці можна жыць шчасліва з такімі «вялікімі праблемамі».
Змяніць гэту сітуацыю дапаможа практыкаванне з люстэркам (лепш – у поўны рост). Абіраем час і месца, дзе хвілін 20–30 вас ніхто не патурбуе. Устаем перад люстэркам, заплюшчваем вочы і 5–7 разоў глыбока ўдыхаем-выдыхаем, выпускаючы з паветрам усе навязаныя рэкламай і выхаваннем «стандарты прыгажосці». Расплюшчваем вочы і ўважліва разглядаем сябе ў люстэрка. Але разглядаем не з мэтай убачыць, «што не так», а з мэтай – пахваліць, палюбавацца.
Зараз не шукаем хібы і не пракручваем у галаве спосабы іх выпраўлення. Проста любуемся сабой, завершаннасцю і дасканаласцю свайго цела. Проста ўявіце сабе, які цуд вашае цела! Столькі розных сістэм, частак, органаў – і ўсё гэта працуе так зладжана, так якасна! Дзякуем свайму целу, робім кампліменты, заўважаем толькі прыгажосць. Асаблівую ўвагу надаем тым часткам цела, якія мы звыклі крытыкаваць. Знаходзім, за што пахваліць іх, які зрабіць камплімент.
Фота: vitamarg.com
Выконвайце гэтае практыкаванне штодня цягам двух-трох тыдняў і кампліменты вы пачуеце не толькі ад сябе. Адна ўмова – вы мусіце шчыра хваліць і палюбіць сябе, сваё цела. Тады і тыя, хто навокал, будуць заўважаць вашу прыгажосць і гарманічнасць усяго вобраза, а не крываватыя ногі ці недастаткова плоскі жывоцік.
2. «Спатканне з сабой»
Як даўно вас запрашалі на спатканне? Ці клікалі проста добра пабавіць час? Вы чакаеце такога запрашэння ад каханых, сяброў, родных? А вас часцей клічуць падмяніць напарніка па працы ў выходны, дапамагчы ўскапаць грады альбо пасядзець з дзецьмі, пакуль сябры сходзяць у кіно?
Калі вы марыце пра запрашэнне на штосьці прыемнае, выканайце наступнае практыкаванне. Сядзьце і засяродзьцеся на тым, якім мусіць быць ваша ідэальнае спатканне: куды вы хочаце пайсці, што рабіць, як апрануцца. Важна, каб гэта былі менавіта вашыя жаданні, а не навязаныя рэкламай ці парадамі сяброў/калег месцы і заняткі.
Уявілі? Запішыце ўсё падрабязна і максімальна дэталёва. А зараз самая важная частка практыкавання – запрасіце сябе на такое спатканне! Так-так. Зрабіце для сябе такую рэч! Бо, калі вы не хочаце падарыць сабе прыемнае баўленне часу, з якой прычыны нехта мусіць гэтага захацець?
Практыкуйце такія “спатканні” хаця б раз – два на месяц. І вы пабачыце, як хутка вас пачнуць запрашаць іншыя. Да таго ж гэта практыкаванне дапаможа вам адпачыць ад штодзённай мітусні, напоўніцца пазітывам, адчуць асалоду жыцця.
3. «Смачна і прыгожа»
Як часта ў сваім штодзённым жыцці вы не проста ядзіце ці перахватваеце штось на хуткую руку, каб наталіць голад, а атрымліваеце сапраўдную асалоду ад самаго працэсу харчавання? Калі страва не проста смачная, а яшчэ і ляжыць у прыгожай талерцы, а на стале стаяць кветкі ці свечы.
Ежа – адна з першасных патрэб нашага арганізма, не задаволіўшы якой, мы проста не выжывем. Але, калі хаця б раз на тыдзень ператварыць гэтую неабходнасць у сапраўдны рытуал, поўны прыгажосці і асалоды, вы адчуеце значныя змены ў сваім жыцці. Практыкаванне заключаецца ў тым, каб прыгатаваць для сябе штосьці смачнае, што вы любіце альбо даўно хацелі пакаштаваць. І тут важна атрымаць асалоду і задавальненне не толькі ад смаку прыгатаванай стравы, але і ад самой атмасферы, абставінаў, у якіх вы будзеце каштаваць свой кулінарны шэдэўр.
Калі вы пачынаеце свядома атрымліваць асалоду ад звыклых штодзённых спраў, вы пачынаеце больш поўна адчуваць жыццё, радавацца простым рэчам і, адпаведна, трансліраваць у свет гэтую радасць. І вашае атачэнне вельмі хутка зловіць і адлюструе вам ваш жа пазітыўны настрой, павялічыўшы яго ў разы.
4. «Падарункі»
Вы любіце падарункі? Хочаце, каб вашы блізкія часцей радавалі вас прыемнымі дробязямі, а, можа, і карыснымі рэчамі? А як часта вы самі радуеце сябе падарункамі? Шмат хто з нас часта шкадуе для сябе грошай, часу, іншых рэсурсаў. Але пры гэтым чакае, што астатнія будуць здзяйсняць ягоныя ці ейныя мары і дарыць падарункі з нагоды і без.
Узгадваем прынцып «вялікага люстэрка»: калі вы самі для сябе чагосьці шкадуеце, людзі, што навокал, таксама не дадуць вам гэтага. Яны адлюструюць вашу сквапнасць у дачыненні да сябе на вас жа.
Каб змяніць такое становішча, проста пачынаем дарыць сабе падарункі (гэта неабавязкова рэчы – паход у саўну ці сплаў на байдарцы, пра які вы марыце з дзяцінства, – таксама цудоўны падарунак!) і дазваляць гэта рабіць іншым. Дарыць сабе падарункі можна з нагоды завяршэння якой-небудзь важнай справы для вас альбо на якую-небудзь памятную дату. Таксама важную для вас, а не агульнапрынятыя Дзень народзінаў ці Новы год. Але самы эфектыўны варыянт – дарыць сабе падарункі … без нагоды! Проста таму, што вы такі/такая ёсць у гэтага свету.
5. «Мой дзённік – мой сябар»
Мы ўжо неаднаразова пісалі, што весці дзённік – досыць карысная рэч. Калі вы хочаце змяніць стаўленне да сябе, то дзённік таксама будзе вам дапамагаць. Штодзень цягам месяца сюды трэба запісваць 9 падзяк… сабе! Так, кожны дзень адшукаць 9 нагодаў пахваліць сябе.
За што варта сабе дзякаваць? За выдатна зробленую справу, за атрыманыя новыя веды, за тое, што вытрымалі нешта непрыемнае і г.д. Калі напачатку нагоды падзякваць сабе знайсці будзе цяжка, пачынайце з трох штук за дзень. Праз тыдзень шукайце ўжо 6. Яшчэ праз тыдзень – 9.
Карысць практыкавання заключаецца ў тым, што вы прызвычаіцеся засяроджвацца і «якарыцца» на пазітыўных момантах і сваіх дасягненнях, няхай і не сусветнага значэння. І чым больш сваіх перамог вы навучыцеся заўважаць, тым больш пачнеце цаніць і паважаць сябе. Да таго ж, застанецца менш прасторы для самакрытыкі і ўзгадак негатыўных сітуацый, вашых паразаў. І гэта адлюструецца на стаўленні іншых да вас: людзі таксама пачнуць больш заўважаць вашыя дасягненні, чым «касякі».
Вікторыя Лебедзева, budzma.org