Старадаўняе мястэчка, а цяпер вёска Смаляны на паўночна-ўсходнім ускрайку Беларусі вабіць не толькі маляўнічымі ўзгорыстымі краявідамі, але і шматлікімі помнікамі культуры. Тут можна пабачыць рэшткі таямнічага замка, барочныя касцёл ды кляштар дамініканцаў канца ХVIII стагоддзя, магілы вядомых дзеячаў ды шмат іншых цікавостак. Многія з іх, на жаль, не ў лепшым стане, таму варта паспяшацца даехаць да Смалянаў, пакуль там яшчэ ёсць на што паглядзець.
Смаляны, панарама. Фота: planetabelarus.by
Як даехаць
Смаляны месцяцца ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці. Калі ехаць з Мінску на ўласным аўто па шашы М1, варта звярнуць леваруч ля вёскі Стар на Р15 і адолець яшчэ 13 км. Калі вырашыце дабірацца грамадскім транспартам, то прасцей будзе з Аршанскага аўтавакзала маршруткай ці аўтобусам, што едуць на Шыбекі акурат праз Смаляны.
Памятны камень на рынкавым пляцы, Смаляны. Фота: budzma.org
Дзе падсілкавацца
Некалі Смаляны былі буйным гандлёвым ды рамесніцкім цэнтрам. Яшчэ паўтара стагоддзі таму тут на 252 будынкі налічвалася ажно 55 крамаў! Сёння ж на колішняй гандлёвай плошчы знаходзіцца ўсяго 2 гандлёвыя аб’екты. Самы буйны з іх — «Еўраопт», дзе, на жаль, мясцовых прысмакаў не знайсці: толькі звыклы асартымент. Мяркуючы па старой кафлі на падлозе, крама месціцца ў моцна пераробленым гістарычным будынку. І навокал, калі прыгледзецца, можна пабачыць рэшткі забудовы пачатку мінулага стагоддзя, а то і старэйшыя. А ў цэнтры плошчы ўсталяваны мемарыяльны камень у гонар першай узгадкі Смалянаў у пісьмовых крыніцах — 1484 год.
Гістарычная забудова на рынкавай плошчы Смалянаў. Фота: budzma.org
Дошка аб’яваў ля цэнтральнай крамы ў Смалянах. Фота: budzma.org
Што паглядзець?
Замак Белы Ковель
Найперш рушым да замка Белы Ковель, дакладней да рэшткаў адной з ягоных колішніх вежаў — гэта ўсё, што засталося да сёння ад некалі велічнага будынка. Маштабы замка можам уявіць паводле малюнка Юзафа Пешкі канца XVIII стагоддзя. Асноўнай цікавосткай з’яўляецца тое, што нягледзячы на ўсходняе размяшчэнне побач з Маскоўскай дзяржавай, адкуль на той час існавала вострая пагроза нападу, будынак не меў абарончай функцыі, а выкарыстоўваўся гаспадарамі як родавая рэзідэнцыя.
Замак Белы Ковель, Юзаф Пешка, канец XVIII стагоддзя
Замак у Смалянах быў збудаваны ў 1626 годзе на беразе ракі Дзярноўкі князем Сымонам Сангушкам з Ковельскай галіны роду. Месца ўзвядзення між Віцебскам і Оршай Сымон Сангушка-Ковельскі абраў невыпадковае. Ён у розныя перыяды служыў маршалкам Аршанскім, ваяводам Віцебскім, кашталянам Мсціслаўскім. Ковелем палац назвалі, бо першая рэзідэнцыя Сангушкаў, якая належала Хведару Сангушку — унуку князя Гедыміна, месцілася ва ўкраінскім Ковелі.
Рэшткі вежы замка Белы Ковель, Фота: budzma.org
Новы замак Сангушкаў быў узведзены паводле праекта галандскага архітэктара ў стылі рэнесанс. Муры замка першапачаткова былі пафарбаваныя ў белы колер, адтуль у назве Белы Ковель прыметнік «белы». Сымон Сангушка быў апантаным каталіком, таму сцены палаца былі распісаныя фрэскамі на рэлігійныя сюжэты. Палац меў шыкоўнае ўнутранае аздабленне: коміны ў пакоях былі выкладзены вельмі каштоўнай на той час кафляй з выявай герба Сангушкаў. Рэшткі такой кафлі былі знойдзены падчас апошніх археалагічных даследаванняў на пляцоўцы побач з замкам.
Рэшткі кафлі. Фота: budzma.org
Але ад былой велічы будынка сёння не засталося амаль нічога. Белы Ковель быў моцна пашкоджаны падчас Паўночнай вайны, бо тагачасны ўладальнік замка Павал Караль Сангушка падтрымаў шведаў, за што Пётр І часткова зруйнаваў замак. А пасля Лістападаўскага паўстання расійскія ўлады сканфіскавалі палац у гаспадароў ды перадалі калежскаму асэсару Сямёнаву, чый сын Аляксей распачаў гандаль старажытнай цэглай з замкавых муроў. Наступны ж уладальнік Смалянаў інжынер Валяр’ян Андрэевіч Цітоў, сядзібу якога ў Смалянах зруйнавалі не так даўно, закансерваваў ацалелую вежу. Дзякуючы гэтай акалічнасці да нашых дзён захавалася частка замка, якую вандроўнікі могуць пабачыць сёння.
Рэшткі вежы замка Белы Ковель. Фота: budzma.org
Каб прабрацца да рэшткаў замка, трэба пераадолець плыткую, але глеістую рэчку Дзярноўку, якой ён абкружаны. Толькі ў адным месцы праз ваду вядзе вузкая драўляная кладка, больш падобная да выпадкова нанесенай драўніны. Пасля праз зараснікі бур’яну ды крапівы трэба ўзняцца на ўзгорак — і вы на месцы. Краявіды адтуль адкрываюцца вартыя выпрабаванняў ды прыкладзеных высілкаў.
Фрагмент аздаблення муроў замка Белы Ковель. Фота: budzma.org
Спаса-Праабражэнская царква
Калі ісці наўпрост па кладцы праз Дзярноўку ад руінаў замка ў вёску, праз некалькі сотняў метраў на ўзгорку варта звярнуць увагу на яшчэ адзін адметны будынак — Спаскую царкву. Гэта, хіба, адзіная пабудова, якая ацалела з часоў гаспадарання ў Смалянах Сангушкаў. Храм быў узведзены з дрэва напрыканцы XVIII стагоддзя ў стылі барока. Бажніца працягвае дзейнічаць па прызначэнні, хоць за савецкім часам, у 1930-я гады, царква была адабрана ў вернікаў і там быў размешчаны спіртзавод.
Спаса-Праабражэнская царква ў Смалянах. Фота: budzma.org
Будынак вельмі нетыповы для звыклых нам сёння праваслаўных храмаў. Па-першае, стыль барока больш уласцівы для каталіцкіх цэркваў, таму можна меркаваць, што пэўны перыяд часу бажніца была ўніяцкай. Асноўнай цікавосткай у інтэр’еры царквы з’яўляюцца роспісы купала выявамі апосталаў, якія датуюцца XVIII стагоддзем. Магчыма, гэты роспіс — адзін з нешматлікіх захаваных прыкладаў уніяцкага культавага манументальнага жывапісу.
Спаса-Праабражэнская царква ў Смалянах. Фота: budzma.org
Другой цікавосткай Спаса-Праабражэнскай царквы ў Смалянах з’яўляецца тое, што яна складаецца з дзвюх частак: верхняй драўлянай і каменнага падзямелля. Магчыма, ніжняя частка больш старажытная і выкарыстоўвалася як крыпта для пахавання мясцовых гаспадароў. Вядома, што Сангушкі-Ковельскія, якія атрымалі ва ўласнасць навакольныя землі ў XVI стагоддзі, першапачаткова былі праваслаўнымі і толькі пазней перайшлі ў каталіцтва.
Званіца Спаскай царквы ў Смалянах. Фота: budzma.org
Касцёл і кляштар дамініканцаў
Са спадчыны Сангушкаў у Смалянах захаваліся таксама рэшткі касцёла і кляштара ордэна дамініканцаў. Манахаў запрасіла сюды ў 1680 годзе Канстанцыя Сангушка, жонка тагачаснага ўладальніка мястэчка Гераніма Сангушкі. З нагоды нараджэння першага сына Канстанцыя падаравала дамініканцам кавалак зямлі недалёка ад рынкавага пляцу з умовай узвядзення тут храма.
Першапачаткова касцёл і кляштарныя пабудовы былі драўляныя, але ў 1786 годзе гаспадары мястэчка фундавалі пабудову мураванага архітэктурнага ансамбля ў стылі барока, рэшткі якога мы можам пабачыць сёння леваруч ад згаданага вышэй «Еўраопта».
Касцёл і кляштар дамініканцаў у Смалянах. Фота: budzma.org
Пасля Лістападаўскага паўстання ордэн дамініканаў быў скасаваны расійскай уладай, касцёл стаўся парафіяльным, а ў будынку кляштара размясцілася плябанія. Напрыканцы ХІХ стагоддзя будынкі моцна пацярпелі ад пажару, але былі адрамантаваныя: на сродкі парафіянаў былі ўмацаваныя падмуркі і адноўлены інтэр’еры. У 1930-я гады савецкая ўлада перадала храм машынна-трактарнай станцыі і ён выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах да 1989 года, праз што будынак цалкам прыйшоў да заняпаду. Спяшайцеся ў Смаляны, каб паспець пабачыць гэты велічны помнік архітэктуры.
Дамініканскі касцёл у Смалянах, апсіда. Фота: budzma.org
Вядома, сярод месцічаў перадаецца легенда пра існаванне сутарэнняў пад кляштарам. Паводле яе дамініканскі кляштар, замак Сангушкаў і Спаскую царкву спалучала сетка падземных хадоў. Цагнуліся сутарэнні ажно да Воршы, да знакамітага Куцеінскага кляштара. Так яно ці не, навуковых пацверджанняў няма. Застаецца толькі здагадвацца.
Руіны дамініканскага касцёла ў Смалянах . Фота: budzma.org
Свята-Аляксееўская царква
У Смалянах варта звярнуць увагу на яшчэ адныя велічныя руіны. Гэта Свята-Аляксееўская царква, дакладней, тое, што ад яе засталося.
Свята-Аляксееўская царква. Фота: budzma.org
Храм быў узведзены ў 1864 годзе, у ім пазнаем тыповую «мураўёўку» ў рэтраспектыўна-рускім стылі, але больш маштабных памераў. Існуе меркаванне, што цэгла на яе будаўніцтва выкарыстоўвалася з разабранага замка Сангушкаў. Побач была ўзведзена і пахавальная капліца. Але за савецкім часам яна, як і царква, была разрабаваная ды працягвае занепадаць.
Капліца побач са Свята-Аляксееўскай царквой у Смалянах. Фота: budzma.org
Капліца побач са Свята-Аляксееўскай царквой у Смалянах. Фота: budzma.org
Магілы Тамаша і Брыгіды Занаў
Вандруючы па Смалянах, варта наведаць і магілы Тамаша Зана і ягонай жонкі Брыгіды з роду Свентаржыцкіх. Тамаш Зан быў вядомым паэтам, чальцом суполкі філаматаў, блізкім сябрам Яна Чачота, Ігната Дамейкі і Адама Міцкевіча. Пасля выкрыцця таемных таварыстваў у Віленскім універсітэце расійскімі ўладамі Тамаш Зан узяў на сябе большасць абвінавачанняў, каб уратаваць сваіх паплечнікаў ад вялікіх турэмных тэрмінаў, ды быў сасланы на Урал.
Магілы Тамаша і Брыгіды Занаў. Фота: budzma.org
Пасля адбыцця пакарання Зан ажаніўся і набыў з жонкай маёнтак Кахачын побач са Смалянамі, дзе і пражыў апошнія свае гады. У сям’і Тамаша Зана і Брыгіды Свентаржэцкай нарадзілася 3 дзяцей. Апошні сын Стась памёр немаўлём у 1854 годзе, праз год памёр і сам Тамаш Зан. Пахаваныя яны побач. Брыгіда ж пражыла 81 год і пакінула нашчадкам творчую спадчыну. Дзякуючы яе нотнаму сшытку да нашых дзён захаваліся арыгінальныя мелодыі філамацкіх песняў ды гімнаў, якія спявалі сябры таварыстваў на сваіх паседжаннях.
Магілы Тамаша і Брыгіды Занаў. Фота: budzma.org
Пахаванні Тамаша і ягонай жонкі Брыгіты месцяцца ў старой частцы могілак у Смалянах, насупраць рэштак дамініканскага касцёла. У гэтым храме, дарэчы, і адпявалі самога Тамаша Зана. Знайсці магілы нескладана, высокія чыгунныя крыжы вылучаюцца сярод іншых надмагілляў і бачныя здалёк.
Магілы Тамаша і Брыгіды Занаў. Фота: budzma.org
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: