Аляксей Палуян — суперзорка беларускага кіно. Яго «Кураж» і праз два гады пасля прэм’еры на Берлінале збірае аншлагі ў самых розных краінах свету, сярод якіх нават такая экзотыка, як Уругвай або Ганконг. Дарэчы, свой наступны фільм беларускі рэжысёр плануе зняць у Варшаве, дзе мы, уласна, і сустракаемся. На прагляд свайго Топ-5 Палуян натхняе так: «Гэта мой алімп. Распавесці пра кожнага ў некалькіх словах вельмі складана. Глядзець і аналізаваць іх фільмы можна месяцамі».
Аляксей Палуян. Фотаздымак з уласнага архіва А. Палуяна. Аўтар: Jerzy Wypych
1. Андрэй Таркоўскі
Самы візуальны рэжысёр. Фільмы Таркоўскага немагчыма глядзець на ноўтбуку. Яго кінамова працуе толькі на вялікім экране, у кінатэатры. Неверагодныя прастора, час, найцікавейшыя філасофскія пытанні. Напрыклад, фільм «Сталкер»: гісторыя пра чалавека, які, па вялікім рахунку, усё сваё жыццё ідзе да нейкай ілюзіі, шукае сваю мару, але за імгненне да яе рэалізацыі ён не гатовы зрабіць апошні крок. Якая актуальная тэма...
Кадр з фільма «Сталкер». Крыніца: afisha.london
Таркоўскі — гэта вышэйшая ліга. Ведаю, дарэчы, што ў жыцці гэта быў не самы просты чалавек, але рэжысёрам ён быў геніяльным. Для мяне гэта творца нумар адзін.
2. Кшыштаф Кесьлёўскі
Рэжысёры, якія прыходзяць у мастацкае кіно з дакументалістыкі, становяцца вельмі цікавымі майстрамі. Гэта заўсёды вельмі трапны пераход. Бо ў кіно — і мастацкім, і дакументальным — усё трымаецца на назіранні. Калі ты ўмееш назіраць, ты заўсёды знойдзеш нюансы і ўвасобіш у кадры сваю мастацкую фантазію. Кесьлёўскі быў менавіта такім чалавекам.
Кадр з фільма «Тры колеры». Крыніца: kino-teatr.ru
«Тры фарбы», «Дэкалог»... А якая рамантычная гісторыя «Двайное жыццё Веранікі»: пра дзвюх вельмі падобных дзяўчат з аднолькавым імем. Адна Вераніка жыве ў Польшчы, другая ў Францыі. Паміж імі існуе нябачная сувязь. Гэты фільм я ўпершыню ўбачыў яшчэ студэнтам радыётэхнічнага інстытута. Першае, што сказаў тады сваёй дзяўчыне пасля прагляду: «Гэта польскае кіно? Ваў!».
3. Анджэй Вайда
Што казаць, мы сустракаемся з вамі ў Варшаве, і для мяне гэта галоўны польскі рэжысёр. Прыклад таго, як шукаць адказы на балючыя пытанні свайго грамадства, уздымаць у кіно вялікія гістарычныя праблемы. Гэта аўтар, які з неверагоднай смеласцю браўся за самыя складаныя тэмы. Мне вельмі падабаецца яго «Чалавек з мармуру». Вайду трэба пераглядаць. Гэта вельмі актуальнае кіно, асабліва для беларусаў.
Кадр з фільма «Чалавек з мармуру». Крыніца: kinovoid.com
4. Інгмар Бергман
Галоўны псіхолаг. У фільмах Бергмана, дарэчы, вельмі маленькая мяжа паміж кіно і тэатрам. Адчуваецца, што ён быў і тэатральным рэжысёрам. У адрозненне ад Таркоўскага, дзе дамінуе візуал, у гэтага аўтара вельмі шмат дыялогаў, але ад іх не стамляешся. Слова дапамагае разглядзець кадр, уплывае на наступныя сцэны, нясе вялікі сэнс. «Фанні і Аляксандр», «Сёмая пячатка», «Восеньская саната»: усе гэтыя карціны трэба глядзець. Вельмі адметны фільм «Персона» — пра актрысу, якая больш не хоча размаўляць з людзьмі. Вось здыміце кіно пра чалавека, які не хоча гаварыць з іншымі. Як цікава...
Кадр з фільма «Персона». Крыніца: afisha.ru
5. Федэрыка Феліні
Галоўны кінафантазёр. Чалавек, які любіў цырк і з цырку перайшоў да кіно, якое ён называў «вялікай маніпуляцыяй». Феліні быў першым, хто зняў фільм без сцэнарыя. Ну, прынамсі, так ён гэта «прадаваў». Так ці інакш, яго стужка «8½» была рэвалюцыяй. Гэта гісторыя пра рэжысёра, у якога канфлікт: ён не можа дапісаць сцэнарый і не ведае, пра што яму здымаць. Кіно пра пошукі натхнення. Як важна...
Кадр з фільма «8½». Крыніца: filmaffinity.com
А яшчэ мне вельмі падабаецца фільм «Дарога», у якім сыграла жонка Феліні Джульета Мазіна. Увогуле гэта быў чалавек, які вельмі любіў жанчын і адным з першых пачаў здымаць пра жанчын. Я вельмі люблю яго карціны.
Паліна Часноўская, budzma.org