«Чалавек агню» — так яго называлі ўжо пасля смерці. Канцэнтрацыя ўсяго хтанічнага, памежнага, а можа, і нечага па-за межамі свядомасці. Аўтар усяго некалькіх зборак вершаў — «Агмень», «Пал Лес», «Сыс», «Лён» — вершы з якіх страляюць, нібы іскры з вогнішча.
Анатоль Сыс. Фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net
Анатоль Сыс нарадзіўся 5 мая 1959 года ў вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне.
У 1982 г. скончыў аддзяленне рускай і беларускай мовы і літаратуры гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля службы ў войску некаторы час працаваў у веткаўскай раёнцы «Перамога Кастрычніка». З 1985 г. працаваў на тэлебачанні ў Мінску. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання «Тутэйшыя».
Жыццё Сыса зусім кароткае — усяго 45 гадоў. Але хапіла б на некалькі іншых жыццяў. Не паводле зведаных краінаў, атрыманых перамогаў, пасадаў і прэміяў. Паводле неверагоднай напругі, з якой, мабыць, толькі і нараджаецца сапраўдная паэзія.
Пасля таго, як Беларусь стала незалежнай краінай у 1991 г, Анатоль Сыс пачаў весці разгульны лад жыцця, як казалі: «паліў сябе жыўцом». Гэта ў выніку яго і згубіла.
Анатоль Сыс. Фота: bing.com
Анатоль Сыс памёр у роднай хаце ў Мінску ў 2005-м, пахаваны ў роднай вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне.
Літаратурны фестываль у памяць Анатоля Сыса ў Гарошкаве не праводзіцца фактычна ўжо 5 год, апошні раз быў у 2019 годзе. Спачатку перашкодзіла пандэмія каронавіруса, потым пачаліся рэпрэсіі супраць грамадскіх і культурніцкіх арганізацый, у 2021 годзе быў ліквідаваны Саюз беарускіх пісьменнікаў, сябры якога выступалі падчас свята паэзіі. Аднак памяць пра Анатоля Сыса жыве ў нашых сэрцах.
Самы просты спосаб ушанаваць паэта — чытаць ягоныя вершы.
***«Каб ты каменем стаў!»…
«Каб ты каменем стаў!»
I я стаў...
сярод поля.
Ані жыта засеяць, ані пожні ўзараць.
Разам з гневам у мне скамянела патоля —
ацяжэлых вачэй на людзей не падняць.
I калі б я заплакаў — паўпіваліся б слёзы
скамянелым струпеннем у шчокі мае,
толькі я не заплачу, бо рана ці позна:
«Каб ты здраднікам стаў!» —
хтосьці зноў пракляне.
***Радзіма пачынаецца з жанчыны…
Радзіма пачынаецца з жанчыны.
Я гэта адчуваў, а ўразумець
яшчэ не мог — дзіцём шчапаў лучыну,
каб хворую матулю адагрэць,
і разам з ёй да позняе гадзіны
мы слухалі трывожна крыгалом,
не ведаў я, што грэў тады Радзіму
і не падманным, а жывым агнём.
Рай
Самыя вясёлыя і галасістыя салаўі —
на вясковых могілках. Напэўна, таму,
што і днююць, і начуюць не ў гнёздах,
а ў душах маіх спрахлых дзядоў. Яны ж,
як сведчыць тутэйшы народ, былі
самымі жыццярадаснымі і жартаўлівымі
людзьмі на Палессі.
I бярозы тут самыя белыя...
Такія белыя, што ўначы здаюцца
прывідамі. Дзяды і нават божышчы
маіх дзядоў, як тварамі, так і думамі,
былі такімі ж светлымі.
I толькі жвір на вясковых могілках
калючы і цяжкі, калі прыходзіцца кідаць
свае тры жмені наўслед нябожчыку, як
самыя важныя словы, якія не паспеў
сказаць яму яшчэ учора.
Жыве старэнькая бабулька каля самых
могілак. Яна іх называе не інакш як
раем і ўсё часцей і часцей думае
пра яго. «Чаму?» — неяк запытаўся ў
яе. «Таму што ў пекле ўжо нажылася».
Дух
...ды слова не прагняві,
Бо слова належыць Духу,
Кіньце слова гайні —
I паляціць пацяруха.
Змоўчыць абражаны Дух,
Новае слова народзіць,
Спыніць натоўпу рух,
Каб гаварыць аб народзе.
Зноў прыляціць гайня,
Выйдзе з яе плюгавы.
«Дух — гэта, людзі, Я!» —
Скажа, а сам з рагамі.
Людзі разявяць рот —
Як жа ж, такія словы:
«З намі — увесь народ!
Шлях — да адзінай мовы!»
Людзі закрыюць рот,
Кожны сябе спытае:
«Гэта ж і я — народ —
Лёс такі прычакаю?»
Людзі закрыюць рот,
Людзі апусцяць вочы...
Вось табе і народ,
Думаць прывыкнуў моўчкі.
З думай такой і вы:
Выжыве Дух-заступнік,
Знойдзе для нас правы,
Знішчыць пасад наш кутні...
Выжыве — гэна так!
Знойдзе... I вам на тацы
Медны падасць пятак:
«Вось вам на хлеб, засранцы!»
Чытайце яшчэ:
Анатоль Сыс — Распуцін беларускай літаратуры. Артыкул Андрэя Мельнікава
Анатоль Сыс: «Калі я стану гноем, тады пабачаць, ці стане мой прах культурным пластом»