7 нагодаў наведаць старажытны Тураў

Працягваем спазнаваць цікавыя куточкі Палесся, ужо пабылі ў Моталі, пазнаёміліся з мясцінамі Скірмунтаў, пабачылі Лагішын і Пагост-Загародскі, наведалі Лунінец ды Столін, павандравалі па Століншчыне.


Сёння прапануем бліжэй пазнаёміцца з адным з самых старажытных гарадоў Беларусі, Туравам, ягонымі «цёплымі» крыжамі, што растуць з зямлі, парэшткамі старадаўняга храма ХІІ стагоддзя, драўлянай царквой 1810 года, пераночыць на вадзе і пачаставацца мацарэлай, маскарпонэ і іншымі смакоццямі ад мясцовага вытворцы.

Панарама ТураўФота: planetabelarus.by

Тураў

Упершыню Тураў узгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 980 годзе, старэйшымі па звестках на сённяшні дзень з’яўляюцца толькі Віцебск і Полацак. Горад насялялі дрыгавічы, Тураў быў іх адзіным буйным паселішчам. З 988 года Тураўскі сталец заняў князь Святаполк, сын кіеўскага князя Уладзіміра, а на мяжы Х–ХІ стагоддзяў тут узнікла праваслаўная епархія — другая па старажытнасці ў Беларусі пасля Полацкай.

Перыядам росквіту Турава можна лічыць ХІІ–ХІІІ стагоддзі. У гэты час тут жыў і працаваў вядомы ўсім нам са школы асветнік Кірыла Тураўскі. Самая старая кніга, захаваная на тэрыторыі Беларусі, Тураўскае Евангелле ХІ стагоддзя, таксама знойдзена ў Тураве, але зараз яго тут не пабачыць, захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.

ТураўФота: planetabelarus.by

Сучасны Тураў адміністратыўна адносіцца да Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці і статус горада займеў адносна нядаўна — у 2004 годзе.

1. Гарадзішча

Пачнем знаёмства з Туравам з гарадзішча, пазней замчышча, якое знаходзіцца на беразе ракі Прыпяць. Два характэрныя ўзгоркі будзе нескладана знайсці.

Panarama-Turava-2.jpgФота: planetabelarus.by

Вядома, што паміж дзядзінцам і навакольным горадам быў запоўнены вадой абарончы роў, абрысы якога можна прасачыць і сёння. З ХІІІ стагоддзя вядома пра існаванне на тэрыторыі дзядзінца замка з галоўным абарончым збудаваннем — замкавай вежай валынскага тыпу, якая пратрымалася ажно да ХІХ стагоддзя, але, на жаль, да нашых дзён не захавалася. Варта забрацца на гарадзішча, каб пабачыць маляўнічыя краявіды Турава і адчуць старажытнасць месца.

2. Помнік Кірылу Тураўскаму

Наступны помнік, на які раім звярнуць увагу, знаходзіцца тут жа, на Замкавай гары, на беразе Прыпяці. Гэта помнік знакамітаму прапаведніку, філосафу, пісьменніку, з 1161 года Тураўскаму епіскапу, які нарадзіўся і жыў у Тураве ХІІ стагоддзя — Кірылу Тураўскаму.

Кірыла Тураўскі — святы праваслаўнай царквы, але таксама шануецца і грэка-каталікамі, ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх пропаведзяў, малітваў, павучанняў, прыпавесцяў, канонаў. Усяго захавалася каля 70 твораў ягонага аўтарства.

Помнік Кірылу ТураўскамуФота: wikimedia.org

Манумент Кірылу Тураўскаму быў усталяваны на замчышчы 11 траўня 1993 года. Ягоныя аўтары — скульптар Міхаіл Інькоў і архітэктар Мікалай Лук’янчык.

3. Археалагічны музей

Далёка не адыходзім ад Замкавай гары, тут жа варта наведаць і археалагічны музей. У Беларусі ўсяго два музеі, дзе можна пабачыць рэшткі старажытных пабудоваў сярэднявечнага горада: у Тураве і ў музеі «Бярэсце» ў Брэсце.

У Тураве галоўным аб’ектам музея з’яўляецца падмурак царквы ХІІ стагоддзя, які пабачым у цэнтры экспазіцыі. Па сваёй плошчы тураўскі храм не саступаў самым буйным культавым збудаванням тагачасных старажытнарускіх гарадоў і пераўзыходзіў нават Полацкую Сафію.

Археалагічны музей ТураваФота: budzma.org

У экспазіцыі музея прадстаўлены прадметы археалогіі з керамікі, каляровага шкла ды жалеза. Самы цікавы артэфакт у музеі — гэта шыферны саркафаг, адзін з трох, знойдзеных на тэрыторыі старажытнай тураўскай царквы, яшчэ адзін выстаўляецца ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску, што месціцца ў будынку колішняга езуіцкага калегіума. У адным з саркафагаў былі знойдзены парэшткі мужчыны ва ўзросце 50–52 гадоў, некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта магло быць пахаванне Кірылы Тураўскага або іншай духоўнай ці княскай асобы.

Тураўскі музейФота: budzma.org

4. Крыжы, што растуць з зямлі

Далей рушым на могілкі, што месцяцца недалёка ад музея, на тэрыторыі колішняга Барысаглебскага кляштара. Тут «растуць» з зямлі два знакамітыя каменныя крыжы. Ніхто да сёння не можа патлумачыць, чаму крыжы вырастаюць з зямлі, але месцічы сцвярджаюць, што кожны год каменныя крыжы павялічваюцца на некалькі міліметраў. Шматлікія пілігрымы наведваюць Тураў і праз гаючыя асаблівасці гэтых крыжоў. А самым адчувальным месцічы раяць пераканацца ў тым, што крыжы выпраменьваюць цяпло, асабліва гэта адчуваецца ўзімку на адлегласці двух сантыметраў ад помнікаў. Крыжы на могілках знайсці няцяжка: навокал іх павязана шмат яскравых стужак ды кветак.

Тураўскі крыжФота: vetliva.by

5. Каменныя крыжы

Яшчэ два каменныя крыжы знаходзяцца каля новай праваслаўнай царквы. што ў цэнтры Турава, і ў старой драўлянай царкве Усіх Святых. Паводле легенды гэтыя крыжы прыплылі па Прыпяці супраць плыні, а калі іх паспрабавалі выцягнуць, вада стала чырвоная ад крыві, што сімвалізуе гвалтоўнасць працэсу хрышчэння мясцовага насельніцтва ў новую веру за князем Уладзімірам. Ёсць меркаванне, што самі крыжы былі высечаныя з колішніх язычніцкіх стодаў.

Крыж у ТуравеФота: poshyk.info

6. Царква Усіх Святых

Калісьці Тураў называлі «другім Іерусалімам», бо тут у розныя часы і паводле розных падлікаў дзейнічалі дзясяткі праваслаўных храмаў. Але яны ў пераважнай сваёй большасці былі драўлянымі і заўжды цярпелі ад шматлікіх пажараў. Адзіная царква, якая ацалела да нашых дзён пасля буйнога пажару 1834 года — гэта Царква Усіх Святых, узведзеная ў 1810 годзе. Усехсвяцкі храм — помнік народнага дойлідства, складзены з дрэва і пафарбаваны ў традыцыйны для палескіх праваслаўных храмаў блакітны колер.

Тураўская царкваФота: planetabelarus.by

Унутры царквы варта звярнуць увагу на адзін з ужо згаданых каменных крыжоў, які месціцца праваруч ад алтара, на старадаўнія іконы ды царскія вароты ў стылі ракако.

Царква ў ТуравеФота: budzma.org

Побач з царквой знаходзяцца цыганскія могілкі, дзе надмагіллі з выявамі людзей побач з аўто ў поўны рост выглядаюць вельмі нетыпова для мясцовасці. Тут жа, у старой частцы могілак, пабачым і памятны знак у гонар знакамітага беларускага ваяра, народжанага ў Тураве, — Канстанціна Астрожскага.

Памятны крыж Астрожскаму
Фота: budzma.org

7. Тураўскі луг

Тураў знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы, амаль з цэнтральнай вуліцы тут можна пабачыць маляўнічыя краявіды старыцаў Прыпяці. А тым, хто цікавіцца прыродай увогуле і птушкамі ў прыватнасці, варта наведаць «Тураўскі луг» — арніталагічную тэрыторыю міжнароднага значэння.

Тураўскі лугФота: budzma.org

Тураўскі луг уяўляе з сябе ўнікальны прыродны аб’ект, заліўны балоцісты луг, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да горада і фактычна мяжуе сваім краем з сучасным цэнтрам Турава. Сёлета падчас вялікай вады луг выглядаў як вялікі вадаём, таму варта наведаць Тураў і ў іншы час, чым вясновы, краявіды будуць уразліва іншымі. На тэрыторыі Тураўскага лугу жыве мноства птушак, у тым ліку і рэдкіх. Раім замовіць экскурсію ад Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», каб бліжэй пазнаёміцца з мясцовай прыродай.

Дзе паесці

Беларускія рыкоту, маскарпонэ і мацарэлу, якія можна сустрэць у кожным маркеце краіны, вырабляюць у Тураве на прадпрыемстве Bonfesto. Можна замовіць экскурсію на прадпрыемства ці адразу пайсці дэгуставаць у аднайменную кавярню пры малочным камбінаце. Тут можна падсілкавацца як асноўнымі стравамі, так і кавай з самаробнымі дэсертамі на аснове прадукцыі прадпрыемства.

Кафэ БанфестаФота: holiday.by

Аматарам беларускай нацыянальнай кухні варта зазірнуць у кафэ «Будзьма», тут пацешаць і бюджэтнымі коштамі, і вялікімі порцыямі смачнай ежы. А інтэр’ер з каляровымі вітражамі на вокнах, аздобленымі гербамі беларускіх гарадоў, таксама не пакіне вас абыякавымі.

kaviarnia-Budzma-11.jpgФота: vetliva.by

Ну і, вядома, знакамітая харчэўня «Палюшкі» і яе гаспадыня Алена Серада гасцінна запрашаюць і пад’есці, і па добрую кампанію. Варта загадзя папярэдзіць пра свой прыезд, каб наладзіць кантакт ды пакаштаваць традыцыйных беларускіх страваў.

Дзе заночыць

Самы незвычайны варыянт — заночыць на вадзе, а дакладней на борце гасцініцы «Палессе», якая ўяўляе з сябе цеплаход з каютамі-нумарамі. У нумарох ёсць сантэхніка і кандыцыянеры. На борце маецца кают-кампанія з абсталяванай кухняй. Кошт нумароў ад 90 бел. руб.

Гасцініца ПалессеФота: budzma.org

Недалёка ад цеплахода месціцца агарсядзіба «Тураўскія легенды» з прыстойнымі нумарамі і выглядам на Тураўскі луг, а ў вясновы час вялікай вады з відам на вадаём.

Тураўскія легендыФота live.staticflickr.com

Амаль насупраць месціцца гасцініца «Тураў», пабудаваная ў 2006 годзе на 49 месцаў. Кошты за аднапакаёвы нумар стартуюць ад 50 бел. руб. Ёсць магчымасць замовіць сняданак. Пры гасцініцы ёсць рэстарацыя з еўрапейскай кухняй ды дранікамі, куды ж без іх.

Гатэль ТураўФота belhotel.by

Яшчэ добрым варыянтам для начоўкі будзе гасцініца Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» «Тураў+». Гасцініца на 20 нумароў і 36 месцаў, ёсць магчымасць размясціцца ў гасцявым доміку эканом-класа патанней. Кошт нумара ў асноўным будынку стартуе ад 75 бел. руб. Сняданак уключаны , магчыма нават выбраць з трох варыянтаў, ёсць і веганскі.

У будынку гасцініцы месціцца «Музей дзікай прыроды». Вартае ўвагі месца, прыстойнае афармленне інтэр’ера і экспазіцый, тут жа можна прыдбаць і сувеніраў. Увогуле ў гасцініцы можна даведацца пра ўсе турыстычныя паслугі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», іх вельмі шмат на любы густ і гаманец.

Тураўскі музей прыродыФота: onliner.by

Што прывезці

Раім не абмінуць ужо згаданае намі прадпрыемства па вырабе малочных прадуктаў, выкшталцоных беларускіх сыроў Bonfesto. У фірмовай краме можна набыць у вялікіх аб’ёмах свежых сыроў, якіх па Беларусі знойдзецца не ў кожнай краме. Ну і слодычаў мясцовай вытворчасці на аснове мясцовай прадукцыі таксама прыхапіць будзе не лішнім.

Вандруйце разам з «Будзьма!»

Аглядальнік, budzma.org

Глядзіце яшчэ: Гісторыя Турава: ад сталіцы княства да мястэчка