У нашай традыцыйнай вандроўцы скіруемся на Гомельшчыну ў вельмі не тыповае для турыстаў месца. Туды, дзе толькі пільнае вока вандроўніка, які цікавіцца гісторыяй краю, можа заўважыць адбіткі розных гістарычных перыядаў ды лёсавызначальных падзеяў. Рушым у раённы цэнтр Чачэрск, што ў Гомельскай вобласці. Тут нас чакае вельмі характэрнае для гэтых мясцінаў старажытнае гарадзішча, адну з нешматлікіх захаваных ратушаў у Беларусі, царкву ХVIII стагоддзя ў стылі класіцызм і шмат іншых цікавостак.
Чачэрск, панарама. Фота: planetabelarus.by
Чачэрскае замчышча
Пачаць знаёміцца з Чачэрскам храналагічна слушна будзе са старажытнага гарадзішча, што месціцца на паўночна-ўсходнім ускрайку сучаснага Чачэрска. Акурат тут, на беразе ракі Чачора, перашапачаткова і ўзнікла старажытнае паселішча радзімічаў, якое ўпершыню ўзгадваецца ў Іпацеўскім летапісе ў 1159 годзе як Чачэрск.
Чачэрск, замчышча. Фота: planetabelarus.by
З ХІІІ стагоддзя цэнтр паселішча быў абнесены валам, а найпазней з XIV стагоддзя тут ужо існаваў замак, які трымаў аблогі ў розныя часы з боку татараў, маскавітаў, нават аднойчы быў захоплены паўсталымі сялянамі. Фартэцыя была драўлянай і ў XVII стагоддзі мела ажно 8 вежаў.
Чачэрск, гарадзішча. Фота: planetabelarus.by
Замак праіснаваў да таго, як Чачэрск патрапіў пад уладу Расійскай імперыі. Граф Захар Рыгоравіч Чарнышоў, адзін са шматлікіх фаварытаў Кацярыны ІІ, які атрымаў мастэчка ў падарунак, зруйнаваў замак, што нагадваў пра старажытную гісторыю горада. А на месцы старажытных фартыфікацыйных збудаванняў у 1802 годзе быў узведзены палац Чарнышовых, які праіснаваў усяго пару дзясяткаў гадоў.
Чачэрск, панарама з гарадзішча. Фота radzima.org
Валы замка, як і сцены, да сёння не захаваліся, але абарончы роў, што з паўднёвага ўсходу агінаў замчышча, яшчэ можна пабачыць. Зараз на старажытным гарадзішчы месціцца мемарыял, прысвечаны трагічным падзеям Другой сусветнай вайны. Адтуль таксама адкрываюцца маляўнічыя краявіды на наваколле.
Ратуша
У Чачэрску можна пабачыць адзін з нешматлікіх ацалелых сімвалаў гарадскога самакіравання ў Беларусі — мясцовую ратушу. Вядома, што Чачэрск атрымаў Магдэбургскае права ў 1510 годзе. Праўда, ратуша, якую мы можам пабачыць сёння, пабудаваная ўжо ў 2-й палове XVIII стагоддзя, пасля таго як Чачэрск патрапіў у склад Расійскай імперыі. Будынак ратушы быў узведзены ў стылі класіцызм з элементамі псеўдаготыкі.
Чачэрск, ратуша. Фота radzima.org
Сёння ў ратушы месціцца Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей, дзе дзейнічаюць 7 экспазіцый: «Археалогія», «Іканапіс», «Этнаграфія», «Чачэрскі край у складзе Расійскай імперыі», «Эканамічнае развіццё краю ў ІІ палове XVIII — пачатку ХХ стагоддзя», «Мемарыяльная зала Чарнышовых», «Эха Чарнобылю».
Сярод найбольш каштоўных экспанатаў тут змеявік — абярэг, які датуецца ХІІІ стагоддзем, знойдзены падчас археалагічных раскопак на Чачэрскім замчышчы, калекцыя старадрукаў ХVІІІ стагоддзя, калекцыя антыкварнай мэблі ХІХ стагоддзя і іншыя цікавосткі.
Царква Перамянення Гасподняга
На загад генерал-губернатара графа Чарнышова, якому, як мы ўзгадвалі вышэй, Кацярына ІІ падаравала Чачэрск, у горадзе быў створаны сіметрычны архітэктурны ансамбль: вакол ратушы, на аднолькавай адлегласці ў некалькі кварталаў было размешчана 4 храмы-ратонды: 3 праваслаўныя царквы і езуіцкі касцёл. Езуіты мелі пры касцёле сваю навучальную ўстанову да 1806 года, а будынак касцёла ў стылі класіцызм, узведзены ў 1784, пратрымаўся ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя і быў зруйнаваны ўжо савецкай уладай.
Чачэрск, касцёл 1895
Чачэрск, царква. Фота: planetabelarus.by
З усіх чатырох храмаў, што складалі архітэктурны ансамбль, да сёння ацалела толькі царква Перамянення Гасподняга, пабудаваная ў 1783 годзе ў стылі класіцызм. Будынак узводзіўся як адзін з цэнтральных у горадзе — яго мусіла быць бачна з любой кропкі тагачаснага Чачэрска. За савецкім часам царкву выкарыстоўвалі ў якасці збожжасховішча.
З праваслаўнага храма ў Чачэрску паходзіць унікальны абраз 1678 года, які зараз можна пабачыць у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, «Сашэсце ў пекла». Гэты абраз класічны і адначасова ўнікальны ўзор беларускага іканапісу, бо ён, бадай, адзіная ікона, ацалелая з XVII стагоддзя на Гомельшчыне.
Абраз Сашэсце ў пекла 1678. Фота: planetabelarus.by
Палацава-паркавы комплекс Чарнышовых
З архітэктурнай спадчыны Чарнышовых у Чачэрску захаваўся таксама палацава-паркавы ансамбль, які канчаткова архітэктурна дафармаваўся толькі ў 1860-я гады. На працягу амаль стагоддзя пры кожным новым гаспадары ён неаднаразова перабудоўваўся, таму архітэктурны стыль палаца можна назваць эклектычным. У 2-й палове ХІХ стагоддзя Чарнышовы размясцілі ў Чачэрску сваю родавую рэзідэнцыю, якая стала цэнтрам культурніцкага жыцця расійскага чынавенства.
Палацава-паркавы комплекс Чарнышовых. Фота: radzima.org
Палацава-паркавы комплекс Чарнышовых. Фота: poshyk.info
З 1905 па 1925 гг. тут функцыянавала земская школа. У гады Другой сусветнай палац гарэў, пасля яго перарабілі ў стайню. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку месцілася дзіцячая бібліятэка, дом піянераў і вечаровая школа. У 1975-м тут функцыянавала раённая лякарня. У 2002 г. апусцелы будынак перадалі аддзелу культуры райвыканкама. Зараз былая графская сядзіба шукае новага ўладальніка.
Палацава-паркавы комплекс Чарнышовых. Фота: radzima.org
Бровар ХІХ стагоддзя
У 1860-я гады гаспадары маёнтка ў Чачэрску заснавалі мясцовы бровар, які да сёння функцыянуе як вінаробны завод, таму на яго тэрыторыі патрапіць праблематычна, на будынак можна паглядзець толькі з боку дарогі. За савецкім часам завод пашыраўся, у будынку бровара месцілася лабараторыя па кантролі якасці прадукцыі.
Бровар, Чачэрск. Фота: radzima.org
Чачэрскі вінаробны завод быў створаны тут у 1937 годзе, уласнікам яго быў мясцовы яўрэй Каган Маісей Барысавіч. Пасля Другой сусветнай вайны прадпрыемства працягнула нарошчваць вытворчасць разнастайнай прадукцыі і не толькі алкагольнай. Сёння Чачэрскі філіял Гомельскага вінаробнага завода працягвае працу і нават лічыцца прыбытковым прадпрыемствам.
Бровар, Чачэрск. Фота: radzima.org
Сінагога
У Чачэрску жыло шмат яўрэяў, якія займаліся разнастайнымі рамёствамі ды гандлем. Ужо ў 2-й палове ХVIII стагоддзя тут існавала 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў. На сённяшні дзень захаваўся адзін — колішняя сінагога, узведзеная ў 1800 годзе.
Чачэрск, сінагога. Фота: planetabelarus.by
Будынак мае не шмат дэкаратыўных элементаў, выглядае дастаткова сціпла, але адмыслова дэкараваныя вокны першага паверха вылучаюць сінагогу сярод іншай гарадской забудовы. Сёння ў колішняй сінагозе месціцца малітоўны дом евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў.
Местачковая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя
Чачэрск вылучаецца адметнай драўлянай жылой забудовай, аздобленай выкшталцонымі дэкаратыўнымі элементамі, якія можна пабачыць на карнізах ды ліштвах.
Чачэрск, местачковая забудова. Фота: valatsuga.by
Варта звярнуць увагу на драўляную сядзібу канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў па адрасе вул. Савецкая, 19. Дом мае не характэрны для мясцовасці мезанін (свяцёлку) — дэкараваную надбудову над цэнтральнай часткай будынка.
Чачэрск, жылая забудова. Фота: drewa.by
Дзе заночыць
У Чачэрску ёсць уласная аднайменная гасцініца, пабудаваная ў 1988 годзе, на 37 месцаў і 19 нумароў. Для большасці нумароў санвузел агульны, лядоўня ў блоку, у пакоі ёсць імбрык і тэлевізар. Кошты стартуюць ад 35 BYN.
Чачэрск, гасцініца. Фота: planetabelarus.by
Дзе паесці
З выглядам на Ратушу можна пад’есці ў кафэ «КосмаБар» (Леніна, 5). Тут прапануюць разнастайны фастфуд, сушы, каву, дэсерты. У тым жа будынку месціцца і дзяржаўнае кафэ «Юбілейнае», але там вельмі нестабільны расклад працы. Таму надзейней будзе разлічваць на «КосмаБар», які працуе без выходных ад 12 да 23.
З панядзелка па пятніцу ад 9:00 да 17:30 (перапынак з 14:00 да 15:00) можна пакаштаваць сталоўскай ежы ў «Фрэш-буфеце» (Леніна, 2), а аматарам піцы даспадобы прыйдзецца піцэрыя па адрасе Савецкая, 30 з 9:00 да 18:00.
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Топ-5 гістарычных месцаў на Гродзеншчыне, куды варта паехаць на выходныя