Як патрапіць у Афіны? Падаецца, адказ відавочны — набыць квіток на самалёт і ляцець у Грэцыю. Але ёсць і куды прасцейшы варыянт. Бо ў нас свае Афіны зусім побач — на Дзятлаўшчыне. Гаворка пра «Наваградскія Афіны». Чаму так называлі колішні маёнтак у вёсцы Лапушна, дзе пабачыць Неапальскага анёла-ахоўніка і якімі яшчэ цікавосткамі багатая Дзятлаўшчына, распавядаем у тэксце. Чытайце і натхняйцеся на вандроўкі па роднай Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
1. Барысаглебская царква
У вёсцы Накрышкі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці з захаваных да нашых дзён маўклівых сведкаў мінуўшчыны варта звярнуць увагу на Барысаглебскую царкву, што месціцца ў цэнтры паселішча. Яна была закладзена як грэка-каталіцкая ў 1790 годзе Францішкай Стравінскай. Новы будынак, ужо мураваны, у стылі позняга класіцызму, на месцы старога быў узведзены ў 1821 годзе. Пасля скасавання уніі расійскімі ўладамі ў 1839 годзе храм быў аддадзены праваслаўным і істотна перабудаваны ў 1886 годзе, набыўшы рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. У такім выглядзе можна пабачыць царкву і сёння.
Фота: planetabelarus.by
2. Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Вядома, што на пачатку XVII стагоддзя Дзятлава ўзгадваецца як мястэчка, якім валодае славуты магнацкі род Сапегаў. Укладальнік Статутаў Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ў 1624 годзе ўзводзіць тут касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў стылі ранняга барока з рысамі готыкі, пры якім будуе шпіталь. Храм месціўся на цэнтральнай Рынкавай плошчы, якая сёння мае назву 17 верасня. У 1743 годзе ў Дзятлаве адбыўся моцны пажар, падчас якога пацярпела вялікая колькасць жылых будынкаў і згаданы касцёл. Тады і было прынятае рашэнне аб ягонай перабудове ў стылі віленскага барока.
Фота: planetabelarus.by
Фундаваў узвядзенне мураванага храма наступны ўладальнік Дзятлава Мікалай Фаўстын Радзівіл, праектаваў храм прадстаўнік ордэна бернардзінцаў архітэктар Аляксандр Асікевіч. Ягонай руцэ належыць і праект знакамітых касцёла і кляштара ў вёсцы Баруны, што на Ашмяншчыне. У 1882 годзе пасля чарговага пажару ў касцёле быў заменены дах. У астатнім яго можна пабачыць сёння амаль у аўтэнтычным выглядзе. Касцёл дзейнічаў і ў час далучэння Дзятлава да Расійскай імперыі, і за савецкім часам. Унутры храма варта звярнуць увагу на сем алтароў у стылі ракако, захаваных ажно з XVIII стагоддзя, і на арган рукі майстра Вацлава Бярнацкага 1911 года.
Фота: argany.by
3. Палац Радзівілаў
Ужо згаданы чарговы ўладальнік Дзятлава Мікалай Радзівіл, фундатар касцёла, у 1751 годзе пабудаваў непадалёк ад храма прыгожы палац у стылі ракако, які таксама можна пабачыць сёння. Увесь сядзібна-паркавы ансамбль складаўся непасрэдна з палаца, гаспадарчых пабудоваў, пазней закладзенага за наступнымі гаспадарамі колішняга мястэчка Здзецел (ранейшая назва Дзятлава) Солтанамі пейзажнага парку з некалькімі круглымі сажалкамі ды сістэмай водных каналаў з маляўнічымі масткамі праз іх.
Фота: planetabelarus.by
Апошнім уладальнікам дзятлаўскага палаца быў Станіслаў Солтан, які атрымаў Дзятлава, пабраўшыся шлюбам з дачкой Станіслава Радзівіла Францішкай. Ён валодаў мястэчкам з канца XVIII стагоддзя і да паўстання 1831 года, у якім прыняў актыўны ўдзел. Пасля паразы інсургентаў маёмасць Станіслава Солтана была канфіскаваная расійскімі ўладамі, якія праз час размясцілі ў прыгожым палацы вайсковыя казармы. На малюнках палаца канца ХІХ стагоддзя можна пабачыць вежы, якіх не мае сучасны будынак. Меркавана, яны былі страчаны акурат пасля перапланіроўкі сядзібы ў казармы. Напачатку ХХ стагоддзя, за польскім часам, у будынку месцілася школа, за савецкім часам у колішнім палацы быў шпіталь.
Палац Радзівілаў у Дзятлава, Напалеон Орда, 1861–1877
4. Капліца святой Тарэзы
У вёсцы Лапушна захаваліся рэшткі калісьці велічнага і ўтульнага сядзібна-паркавага ансамблю Наркевічаў-Ёдкаў, які называлі ў свой час «Наваградскімі Афінамі».
Сядзіба Наркевіч-Ёдкаў у Лапушна, 1915–1918. Будынак быў зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны
Лапушна вядомая з ХІХ стагоддзя, калі тут уладарыў род Пілецкіх. Да Наркевічаў-Ёдкаў паселішча перайшло праз шлюб дачкі Тэафіліі Пілецкай з Ануфрыем Наркевічам-Ёдкам, а пасля таго, як яна аўдавела, з малодшым братам першага мужа Тамашом Наркевічам-Ёдкам.
Фота: holiday.by
Пасля Тамаша ў маёнтку гаспадарыў ягоны сын Раман з жонкай Марыяй. Іх адзіная дачка Тарэза памерла ва ўзросце пятнаццаці год у 1898-м, а праз дзесяць год, у 1908-м, на ўзлеску, дзе была пахавана Тарэза, яе бацькі ўзвялі цагляную капліцу Св. Тарэзы ў стылі класіцызм, якую мы можам пабачыць у Лапушне сёння. У той жа каплічцы знайшлі свой спачын і Раман з Марыяй. Капліца за савецкім часам знаходзілася ў заняпадзе і была адноўлена толькі ў 1994 годзе.
Фота: valatsuga.by
Фота: holiday.by
5. Касцёл Божага Цела
Маёнтак Дварэц да Лістападаўскага паўстання, за ўдзел у якім яго і сканфіскавалі ў гаспадароў, належаў роду Завішаў. З таго часу тут нічога не захавалася. Але з часоў наступных гаспадароў Пратасевічаў застаўся велічны касцёл, які з’яўляецца візітоўкай Дварца. Пратасевічы былі каталікамі, але падчас паўстання стары касцёл, фундаваны Андрэем Завішам, згарэў, таму імі было прынята рашэнне закласці новы, мураваны. На той час царскімі ўладамі было забаронена ўзводзіць мураваныя каталіцкія храмы, таму жонка тагачаснага гаспадара Дварца Апалінарыя Пратасевіч мусіла прасіць асабістага дазволу на тое ў Пецярбургу. Так, не без фінансавай дапамогі яшчэ аднога славутага роду Радзівілаў, у 1905 годзе ў Дварцы паўстаў касцёл Божага Цела ў неабарочным стылі, які мы можам пабачыць і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Сама Апалінарыя Пратасевіч, якая ініцыявала пабудову касцёла, да яго асвячэння не дажыла. У памяць пра жонку на яе магіле на мясцовых каталіцкіх могілках муж Апалінарыі ўсталяваў вялікую скульптуру анёла, якую прывезлі ў Дварэц ажно з Неапаля. Месцічы ўжо больш за сто год распавядаюць легенду пра тое, што гэты анёл на Раство тройчы аблятае вакол Дварца і па сённяшні дзень бароніць паселішча ад усіх нягодаў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: @futureal
6. Касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў
Галоўнай архітэктурнай перлінай у вёсцы Раготна, вядома, з’яўляецца касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Храм быў узведзены на месцы згарэлых папярэднікаў на ўзгорку сярод паселішча ў 1840 годзе ў стылі позняга класіцызму.
Фота: holiday.by
Пасля паўстання 1863–1864 гг. касцёл быў аддадзены расійскімі ўладамі праваслаўным вернікам і перароблены пад царкву. За Саветамі ў будынку колішняга касцёла было размешчана збожжасховішча, але некаторыя іконы і іншыя ўнутраныя аздабленні храма мясцовым вернікам атрымалася ўратаваць і зберагчы да 1989 года, калі бажніца была вернута вернікам зноў.
Фота: poshyk.info
7. Царква Раства Багародзіцы
Галоўнай архітэктурнай славутасцю Явара з’яўляецца царква Раства Багародзіцы. Храм быў узведзены жыхарамі мясцовых вёсак на ўласныя грошы. У 1927 годзе, пасля свята Тройцы, акурат па сканчэнні царкоўнай службы ў вёсцы Явар адбылася моцная навальніца, праз якую вялікая частка хатаў і будынак царквы былі моцна пашкоджаныя. З таго часу месцічы зноў узяліся за аднаўленне сваёй святыні, толькі ўжо не з дрэва, а мураванай. Новы храм быў асвечаны ў 1932 годзе. Вядома, што бетонныя блокі, з якіх складалі царкву, выраблялі ў Явары мясцовыя жыхары. Захаваліся звесткі пра стварэнне драўлянага іканастасу і крыжа на купал таксама намаганнямі месцічаў. Вось такая беларуская талака атрымалася на прыкладзе адной царквы.
Фота: planetabelarus.by
З усталяваннем савецкай улады ў 1939 годзе царква часова была зачынена. Але ў гады Другой сусветнай зноў адчыніла свае дзверы для вернікаў, да яе была дабудаваная плябань. Доўгія гады ў Яварскім храме не спыняліся службы і за савецкай уладай, але ў снежні 1963 года мясцовае кіраўніцтва усё ж дамаглося закрыцця царквы, а ў 1969 годзе, выпадкова ці не, тут адбыўся пажар, у будынка згарэў дах. Ад яго засталіся адно сцены. Храм атрымалася аднавіць толькі ў 1990-х гадах. 4 снежня 1992 года ў адноўленым будынку адбылося ўрачыстае асвячэнне царквы, якая і сёння захавала сваю колішнюю назву — царква Раства Багародзіцы.
8. Касцёл Святога Юзафа
Асноўнай архітэктурнай перлінай Руды-Яварскай з’яўляецца касцёл Святога Юзафа — рыма-каталіцкі храм, помнік архітэктуры драўлянага дойлідства. Бажніца была ўзведзена ў 1936 годзе, асвечана 10 жніўня 1937 года. Пасля прыходу да ўлады Саветаў у 1939 годзе касцёл быў нечакана перададзены праваслаўным вернікам. Царква тут праіснавала да 1976 года, калі святыню ўсё ж зачынілі і ў памяшканні колішняга храма зрабілі сховішча пад патрэбы мясцовага калгаса. Толькі ў 1990-я храм вярнуўся назад да каталікоў.
Фота: planetabelarus.by
ПЖ, budzma.org