8 сакавіка: пачатак вясны, цюльпаны ў кветкавых крамах і ўсмешлівыя прыгожыя жанчыны. Так было кожны год, але на гэты раз настрой чамусьці зусім не святочны. Здавалася б: усё тыя ж кветкі ў палатках, усё той жа надыход вясны, усё тыя ж прыгожыя жанчыны. Аднак адчуванні трывогі, нуды, злосці і сораму скоўваюць нават тых, каго быццам бы не дасягае вайна, хто быццам бы цяпер знаходзіцца ў бяспецы, і чыё паўсядзённае жыццё быццам бы амаль не змянілася. Не, сёлета змянілася ўсё. Цяпер многім з нас сумленне не дазваляе расслабіцца і без пачуцця віны адзначыць звычнае любімае свята. Якія могуць быць святы ў час вайны? Аднак не варта забывацца, што сам Міжнародны жаночы дзень у нейкай ступені зарадзіўся менавіта на фоне вайны — Першай Сусветнай вайны. Давайце сёння ўзгадаем гісторыю гэтага свята, успомнім жаночы рух у Беларусі і пагаворым пра мілітарызм.
У 1910-м на Міжнароднай канферэнцыі сацыялістак знакамітая Клара Цэткін прапанавала заснаваць Міжнародны жаночы дзень. Праўда, дамовіцца аб нейкай адзінай даце тады не змаглі. У розныя гады і ў розных краінах яго адзначалі ў розныя дні, але заўжды гэта былі дні вясны. У 1914 годзе жанчыны Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Нідэрландаў, Расійскай імперыі, ЗША, Швейцарыі і іншых краін адзначылі Міжнародны жаночы дзень менавіта 8 сакавіка.
Нямецкі плакат, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, 8 сакавіка 1914 года Крыніца: voodhause.livejournal.com
Так і ўзнікла традыцыя. Важнай жа датай у гісторыі свята стала 8 сакавіка (ці 23 лютага па старым стылі) 1917 года. Гэты дзень гісторыкі лічаць пачаткам лютаўскай рэвалюцыі, якая паклала канец манархіі ў Расійскай імперыі.
З 1914 года Расійская імперыя ўдзельнічала ў Першай сусветнай вайне. Слабасць дзяржавы і ўрада прыводзіць да бясконцага шэрагу ваенных паражэнняў і бядотнага становішча насельніцтва ў тыле. Менавіта палажэнне Расійскай арміі ў Першай сусветнай вайне прынята лічыць адной з галоўных прычын рэвалюцыі.
8 сакавіка 1917 года ў Петраградзе адзначаўся Міжнародны жаночы дзень. Петраградскія бальшавікі вырашылі скарыстацца момантам і арганізавалі мітынгі шэсця супраць вайны і цяжкага становішча працаўніц. У гэты дзень страйкавала больш за 128 тыс. працоўных, а калоны дэманстрантаў з працоўных ускраін накіраваліся да Гарадской думы. Да думы ж прыйшла працэсія з патрабаваннямі жаночага раўнапраўя. Імператар Мікалай Другі праз чатыры дні падпісаў указ аб дараванні права голасу жанчынам. Аднак такая мера ўжо не магла спыніць рэвалюцыю. Неўзабаве манархія была звергнута, і ўсталявалася ўлада Часовага ўрада.
Жаночая маніфестацыя на вуліцах Петраграда. 23 лютага (8 сакавіка) 1917 года Крыніца: hxn--h1aagokeh.xn
У 1921 годзе на Камуністычнай жаночай канферэнцыі было прынята рашэнне адзначаць Жаночы дзень у маладой савецкай краіне менавіта 8 сакавіка ў памяць пра жанчын-дэманстрантак, якія паклалі пачатак лютаўскай рэвалюцыі.
Як жа тым часам ішлі справы з жанчынамі-актывісткамі ў Беларусі? Калі ў канцы 19 стагоддзя пачалі складацца першыя палітычныя рухі, беларускія жанчыны, вядома, не засталіся ў баку. Давайце прыгадаем, напрыклад, Алаізу Пашкевіч (Цётку). Мы звычайна думаем пра яе як пра таленавітую паэтку, аднак яна была яшчэ і яскравай палітычнай актывісткай. Пры першай беларускай палітычнай партыі Беларуская Сацыялістычная Грамада Алаіза Пашкевіч стварыла першую ў Беларусі жаночую арганізацыю. У траўні 1905 года пісьменніца стала дэлегаткай ад віленскіх работніц на з'ездзе жанчын у Маскве.
Калегай Цёткі па палітычным актывізме была Палута Бадунова – найярчэйшая жанчына з вельмі трагічным лёсам. Палута таксама была членам БСГ, нават была абрана ў Петрасавет, а затым уваходзіла ў кіраўніцтва Вялікай беларускай рады. Напаткаў яе лёс шматлікіх палітычных дзеячаў таго часу: у 1938 годзе Бадунова была расстраляная па ілжывым абвінавачванні.
Алаіза Пашкевіч (Цётка) Крыніца: profil.adu.by
За што змагаліся жанчыны сто год таму – зразумела. Яны хацелі выбарчых правоў, права працаваць і пры гэтым працаваць у добрых умовах. Многім крытыкам фемінізму здаецца, што гэтыя мэты ўжо дасягнуты, і сучасныя актывісткі толькі дарма калыхаюць паветра. Бо згодна з заканадаўствам большасці цывілізаваных краін жанчыны маюць магчымасць удзельнічаць у выбарах, займаць любыя пасады, а дыскрымінаваць іх забаронена. Усё гэта так, але толькі ў тэорыі. Не хацелася б зараз глыбока ўдавацца ў дыскурс сучасных фемінісцкіх тэорый, але давайце проста паспрабуем прыкінуць, колькі жанчын на кіраўнічых пасадах у дзяржаўных і дзелавых сферах мы зможам узгадаць. У разы менш, чым мужчын, так? Прычым, такі перакос датычыцца не толькі постсавецкіх краін, але і цалкам прагрэсіўных заходніх. У чым жа прычына гэтай усё яшчэ пануючай няроўнасці?
Большасць фемінісцкіх тэорый гаворыць, што праблема ў патрыярхаце. Патрыярхат – гэта такая сацыяльная сістэма, якая загадвае жанчынам фемінныя паводзіны, а мужчынам – маскулінныя. Гэта значыць – жанчынам варта быць сціплымі, ціхімі, паслухмянымі, усёдаравальнымі, памяркоўнымі і пакласці сваё жыццё дзеля абслугоўвання інтарэсаў мужчын. Мужчыны ж у сваю чаргу павінны быць моцнымі, прабіўнымі, агрэсіўнымі і ўпартымі. Увогуле, патрыярхат пазбаўляе жанчын права мець голас і якія-небудзь амбіцыі, а мужчынам забараняе праяўляць пачуцці і быць слабым. Аднак, калі б увесь жах патрыярхату абмяжоўваўся пэўнымі забаронамі для жанчын і мужчын, усё было б не так дрэнна. Справа ў тым, што феміністкі лічаць, што менавіта з-за патрыярхату на Зямлі дагэтуль працягваюцца войны.
Таксічная маскуліннасць – папулярны зараз тэрмін, які выкарыстоўваецца ў псіхалогіі і сацыялогіі, каб апісваць мужчынскія паводзіны, якія шкодзяць грамадству. Наша культура з малых гадоў транслюе хлапчукам, што яны павінны быць моцнымі, агрэсіўнымі, самаўпэўненымі. Сапраўдны мужчына, згодна з канцэптам таксічнай маскуліннасці, павінен абавязкова ўдзельнічаць і перамагаць у спаборніцтвах і бойках, дамінаваць і кожны раз даказваць сваё дамінантнае становішча. Ці не гэта мы зараз назіраем на прыкладзе ўладнай эліты Расійскай Федэрацыі? Шмат гадоў уся афіцыйная рыторыка была напоўнена гісторыямі пра тое, якое ў Расіі моцнае войска, як яно зможа ў лічаныя секунды знішчыць ворага, які моцны і адважны ўласна прэзідэнт РФ, а яшчэ пра тое, як усе краіны зайздросцяць расійскай дзяржаве, бо яна абганяе іх ва ўзбраенні і... духоўнасці.
Ваенны парад 9 мая 2021 года на Краснай плошчы Крыніца: cdnn1.img.sputnik.az
Георгіеўскія стужачкі, парады арміі ў цэнтры сталіцы, дзеці ў ваеннай форме – усё гэта неадменныя атрыбуты ідэалогіі мілітарызму, які лагічна выцякае з патрэбы з кімсьці ваяваць і кагосьці перамагаць, інакш існаванне ў прынцыпе не мае сэнсу. Так што сёння ўвесь свет на простым прыкладзе можа ўбачыць, якое страшнае аблічча патрыярхату, і да якіх жахлівых наступстваў насамрэч вядзе свята таксічнай маскуліннасці.
Вернемся да пачатковага пытання: а ці нармальна ў дадзенай сітуацыі ўвогуле святкаваць 8 сакавіка? Насамрэч, праблемы з гэтым днём узніклі даўнавата.
Са свята жанчын, якія змагаюцца за свае правы, яно ператварыўся ў дэкларацыі мужчын, як ім бы хацелася бачыць сваіх жонак і маці прыгожымі і пяшчотнымі захавальніцамі агню для сваіх мужоў. Увогуле, жанчынам раяць заставацца ў рамках канцэпцыі феміннасці, а ў абмен прапануюць букет цюльпанаў.
Дарэчы, традыцыя дарыць цюльпаны зʼявілася дзякуючы адной «віруснай», як зараз бы сказалі, фатаграфіі. У 1973 годзе ў газеце «Известия» была надрукавана фатаграфія начальніка ўчастка сельскагаспадарчага прадпрыемства «Рыгас зіедс», які трымаў у руках велізарны букет цюльпанаў. Прадпрыемства вырасціла каля 40 000 цюльпанаў, якімі і віншавалі жанчын на 8 Сакавіка.
Увогуле, усё спрэс у духу сацыялістычных дасягненняў з «пяцігодкай у чатыры гады», «ударнікамі соцпрацы» і «рэкорднымі ўраджаямі». На жаль, усё, што мы цяпер назіраем ва Украіне, – гэта і не перапрацаваная да гэтага часу траўма савецкага мінулага ў тым ліку.
Мне здаецца, калі б свята 8 сакавіка вярнулася да сваіх першапачатковых сэнсаў, і калі б мы прыўнеслі ў яго сэнсы новыя, то зусім не сорамна было б адзначыць гэтую дату. Калі восьмае сакавіка – гэта не пра жаноцкасць і сямейны агмень, а пра барацьбу з таксічнай маскуліннасцю, то святкаваць заўсёды яго варта, што б ні адбывалася.
Тэкст упершыню быў апублікаваны 8 сакавіка 2022 г.
Д.Г., budzma.org
Ілюстрацыя ў шапцы: life.ru