Што дапамагае беларускім палітвязням трымацца і перажыць зняволенне? Наколькі цяжка беларускамоўным за кратамі? Што могуць рабіць беларусы за мяжой для вызвалення палітвязняў? Пагаварылі пра гэта з Вольгай Філатчанкавай, былой палітвязынкай, якая адсядзела два гады і 18 дзён па «справе студэнтаў». Таксама Вольга распавяла, як зладзіла навучанне народным танцам у зняволенні, і падзялілася назіраннямі аб буднях за кратамі.
Вольга Філатчанкава перад зняволеннем. Фота з асабістага архіва гераіні.
Вольгу затрымалі 12 лістапада 2020 г., а вызвалілася яна 30 лістапада 2022-га. Былую палітвязынку эвакуяваў Bysol, і цяпер яна жыве ў Польшчы.
— Чаму ты, на той момант выкладчыца БДУіР, праходзіла па «справе студэнтаў»? Ты выступіла ў відэазвароце супрацоўнікаў, але нікога з тваіх калег, здаецца, тады не затрымалі?
— Для мяне таксама гэта пытанне, што я такога зрабіла, каб вылучыцца на той момант з усіх выкладчыкаў Беларусі. Можа быць, трэба быў нейкі прадстаўнік БДУІР, бо затрыманыя былі студэнты з розных універсітэтаў. Можа, патрэбныя студэнты тады ўжо збеглі.
Відэазварот выкладчыкаў БДУіР да студэнтаў і адміністрацыі ВНУ, апублікаваны 27 кастрычніка 2020 г.
— Тым, што ты ў звароце гаворыш па-беларуску, таксама складана патлумачыць затрыманне, бо па-беларуску выступіла і частка іншых выкладчыкаў. Дарэчы, як было з беларускай мовай у турме? Ці лёгка беларускамоўнаму за кратамі?
— Я размаўляла з адміністраццыяй па-руску. З асобнымі палітвязынкамі мы стасаваліся па-беларуску. Некаторыя вязынкі (з маргіналак) у мінскім СІЗА папросту не разумелі беларускай. Калі газета «Новы час» яшчэ выдавалася на паперы і прыходзіла да нас, то яны прасілі перакласці. Вольга Класкоўская, Паліна Шарэнда, Вольга Залатар гутарылі з кіраўніцтвам турмы па-беларуску. Спачатку іх не разумелі, потым падколвалі, нехта злаваўся. А потым звыкліся і пакінулі ў спакоі. Але для адміністрацыі гэта было вялікае дзіва, што нехта можа гутарыць па-беларуску.
— З усіх месцаў, дзе ты была ў зняволенні, дзе было цяжэй за ўсё?
— Я была спачатку ў СІЗА КДБ, потым на Валадарцы. 8 жніўня 2021 г. мяне перавезлі ў СІЗА ў Гомель, мабыць, вызваляючы месцы для патэнцыйных пратэстоўцаў у гадавіну выбараў. Самым цяжкім быў менавіта гэты этап. Для мяне перавод быў нечаканасцю. Спачатку думала, што нас павязуць у Жодзіна, а аказалася, што ў Гомель. Дзякуй Богу, што ў Гомель, а не на Жодзіна, таму што з Жодзіна ў калонію вельмі цяжкі этап, гэта «кругасветка»: вязуць праз Магілёў, па дарозе збіраючы вязняў з іншых гарадоў. У Магілёве яшчэ сядзіш у СІЗА, і потым толькі ў гомельскую калонію трапляеш. Карацей, цяжка вельмі. А тут ноч у цягніку — і ты ўжо ў Гомелі. Так трошкі лягчэй, бо этап — гэта ўвогуле вельмі цяжкае мерапрыемства, бесчалавечнае. Як жывёлаў у гэтыя вагоны набіваюць, у адсек памерам з купэ, толькі там не 4 чалавекі, а 12. І там краты замест дзвярэй. «Другі паверх» раскладаецца ў такую агульную плошчу, дзе можна легчы. Я адразу заскочыла на трэці паверх, дзе звычайна торбы, і ўжо адтуль не злазіла амаль што. Мяне апошнюю ўвапхалі ў гэта купэ, і мне там не тое, што сесці, а стаць не было дзе.
— А дзе было лягчэй за ўсё?
— Пасля таго, як прыйшла адмова па апеляцыі на рашэнне суда, 22 кастрычніка мяне перавялі ў калонію ў Гомель. Там, падавалася б, на цябе не ціснуць сцены, як у СІЗА. Гэта падобна да інтэрната, толькі з вялікімі пакоямі, якія завуцца «секцыямі». Можна выйсці на тэрыторыю каля корпуса (яна завецца «лакальны ўчастак»). На некаторых участках нават былі кветкі, альтанкі, зеляніна. На некаторых — толькі асфальт.
Але маральна ў СІЗА было лягчэй. Там ты сядзіш і цябе асабліва ніхто не чапае, калі ты не вельмі вядомы і не вельмі стратэгічна важны вязень. У мяне было шмат допытаў адразу пасля затрымання, потым яшчэ ў лютым перад закрыццём справы. Потым мы проста чакалі, пакуль справа пойдзе ў суд, потым чакалі судоў, ездзілі на гэтыя суды... Ну, і ўсё. І сядзіш, і сядзіш. Адказваеш на лісты, кніжкі чытаеш, з дзяўчатамі размаўляеш, гуляеш у гульні — нармальна. Але чатыры сцяны. Гэта, канечне, цяжка. І людзі розныя трапляліся. Трэба было з незнаёмымі наладжваць побыт. Не з усімі гэта атрымлівалася. Былі і вельмі цяжкія людзі, і гэта не абавязкова маргіналы, а маглі быць і палітычныя. Але мы стараліся ўсё мірна вырашаць і збольшага ў нас канфліктаў у камеры не было.
У калоніі менш магчымасцяў рабіць хоць нешта з таго, што ты хочаш. Ты там робіш тое, што за цябе вырашылі: акрамя працы яшчэ дзяжурствы, чыстка бульбы... І там вельмі мала часу для сябе. Калі мяне толькі перавялі ў калонію, можна было запісвацца на шпацыры замест відэпраглядаў (так званы «Вектар», дзе паказваюць звычайна нейкія прапагандысцкія рэчы). А пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне гэта скасавалі, усе на «Вектар»!
— Яўгенія Доўгая, кіраўніца ініцыятывы дапамогі зняволеным жанчынам «Палітвязынка», казала, што ў людзей рознага полу — розныя аповеды пра турму. Жанчыны акурат, як і ты, распавядаюць, што амаль не было вольнага часу, а мужчыны — колькі яны прачыталі кніжак і як вучылі замежныя мовы. Чаму такая розніца?
— Жаночых калоній у Беларусі толькі дзве — у Гомлі і ў Рэчыцы (другая — для тых, што здзейснілі паўторнае правапарушэнне). А мужчынскіх турмаў шмат, і парадкі там, канечне, розныя. Але тыя калоніі, пра якія я чула, — там і сапраўды вязні маюць шмат вольнага часу, ходзяць у трэнажорную залу, гуляюць у гульні, чытаюць кніжкі. Ім можна было ляжаць на ложку ўдзень. А нам нават сядзець было нельга, толькі на зэдліку. Толькі ты ляжаш — адразу рапарт, хто-небудзь абавязкова дакладзе адміністрацыі.
Мужыкі, калі што, могуць адказаць кіраўніцтву калоніі. Іх сядзіць, напрыклад, паўтары тысячы. Калі іх дапячы, яны ўстануць і адміністрацыю проста паб’юць. Іх проста баяцца. Там жа шмат сапраўдных крымінальнікаў, якія прайшлі Крым і Рым. Іх бойка не пужае: ну, падумаеш, пасля сплюне пару зубоў у куток, хіба яму ўпершыню? А што жанчыны могуць супраць адміністрацыі? Нічога. Таму кіраўніцтва і робіць, што хоча.
Але на самай справе, я думаю, мужчынам толькі, можа быць, трошку лягчэй сядзець за жанчын, і тое не ва ўсіх калоніях.
— Я часам чытала ў інтэрв’ю былых палітвязынак, што ў зняволенні яны вучылі народныя танцы. Яны не называлі імёнаў, але я разумела, што, мабыць, размова пра тваю ініцыятыву. Распавядзі, калі ласка, як адбываліся гэтыя турэмныя заняткі?
— У СІЗА было больш, чым у калоніі, магчымасцей патанчыць. Нас выводзілі на шпацыры. Наша камера заўсёды хадзіла гуляць. Надзіральнік пытаў: «Гуляем?» — і мы адразу крычалі: «Так!». Выйсці пагуляць можна толькі ўсёй камерай. У нас кіравалі палітычныя. Калі б кіравалі крымінальніцы, ніхто б нікуды не хадзіў. Ім проста нічога не патрэбна. А мы хадзілі. І што там рабіць? Мы танчылі. Спачатку я сама. Прапаноўвала навучыць дзяўчат, але спярша яны адмаўляліся. Потым паглядзелі на мяне, адна далучылася, а потым і ўсе.
Я ўзгадала каля сотні танцаў, а вывучылі мы 43: сярэднявечныя, народныя беларускія, ірландскія... Пад «раз-два-тры», а калі я памятала мелодыю, то напявала.
Мелодыі ірландскіх і шатландскіх, на жаль, збольшага не ўзгадала. Калі памятала прыпеўкі да танцаў — то танчылі пад прыпеўкі, і дзяўчат ім таксама навучыла. З прыпеўкамі ў нас былі танцы «Лявоніха», «Сямёнаўна», «Базар», «Грачанікі». Сярэднявечныя бранлі вельмі зручна танчыць у малым дворыку, бо яны выконваюцца ў коле. Калі траплялі часам на прагулку ў вялікія дворыкі, то танчылі шведскі вальс.
— Што давалі танцы акрамя таго, што займалі час на прагулцы?
— Класна, калі можна ўвесь негатыў выпусціць і атрымаць нейкую асалоду ад рухаў. У СІЗА вельмі мала месца і практычна няма дзе рухацца. Можна займацца ёгай, але для мяне гэта не тое. Для мяне танцы былі глытком свежага паветра. Ты танчыш — і забываешся на ўсё.
Адміністрацыя калоніі абавязаная весці «выхаваўчую працу» і лічыцца, калі вязынка (з непалітычным артыкулам) удзельнічае ў самадзейнасці, то гэта яе добра характарызуе і падвышае шанцы прайсці камісію на замену рэжыму, хоць гэта і рэдкая з’ява, і калі яна адбываецца, то гэта, хутчэй за ўсё, будзе «хімія» з накіраваннем у папраўчую ўстанову, нават не хатняя.
— Ці атрымлівалася танчыць таксама ў калоніі?
— У турме былі розныя конкурсы між атрадамі, мы там таксама танчылі, ладзілі Каляды. Я ўвесь час пісала звароты, каб мне дазволілі весці гурток па танцах у клубе ў калоніі, але ніхто мне не дазволіў.
Як я ўжо казала, у калоніі вельмі мала вольнага часу. Ты можаш хадзіць у клуб, калі табе гэта не забаронена (мне было можна, хаця звычайна палітычным забараняюць), але гэта не вызваляе цябе ад працы, дзяжурстваў, і ты фактычна свой нешматлікі вольны час траціш на падрыхтоўку да мерапрыемстваў. Таму шмат жанчын у турме не ўдзельнічае ў культурным жыцці, хаця маглі і хацелі б. А шмат каму гэта і не трэба.
— А чаму так? Які кантынгент у калоніі?
— Ёсць палітычныя, на момант майго выхаду — 100 чалавек ці болей, таму што не ўсе, хто праходзілі па палітычных артыкулах, былі прызнаныя палітвязынкамі. Нехта баяўся гэтага статусу, за кагосьці баяліся сваякі, хтосьці не ведаў пра такую магчымасць, пра кагосьці не ведалі праваабаронцы. Стаўленне адміністрацыі да людзей з палітычнымі артыкуламі ад факту прызнання іх палітвязнямі, па маіх назіраннях, не мянялася. Яны і так, і так былі на прафуліку, насілі жоўтыя біркі. Дарэчы, відаў прафуліку ў калоніі аж 10, гэта не толькі палітвязні.
Вялікая частка жанчын у турмах — гэта п’яніцы, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, якія абавязаныя ўтрымліваць сваіх дзяцей. Яны трапляюць у кабалу назаўсёды, бо выплаты фіксаваныя, каля 350 рублёў на месяц, а не паўзаробка максімум, як у выпадку аліментаў пасля разводу. Яны проста не могуць зарабіць і выплаціць такія грошы. Падчас знаходжання ў турме пазыка расце. Адзіная магчымасць для іх — вярнуць бацькоўскія правы, тады пазыка перад дзяржавай скасоўваецца. Але гэта рэдка атрымліваецца, нават у жанчын, якія любяць сваіх дзяцей і хацелі б іх вярнуць.
Ёсць дробныя крымінальніцы: махляркі (у тым ліку з банкаўскімі карткамі), зладзейкі. Далей — жанчыны з буйнейшымі эканамічнымі злачынствамі: хабар, перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Іх не надта шмат. Вялікі пласт сядзіць за нанесеныя цяжкія цялесныя пашкоджанні ці няскончанае забойства. Найчасцей гэта жанчыны, якія доўга трывалі хатні гвалт і аднойчы адказалі крыўдзіцелю. Фактычна гэта адны і тыя ж дзеянні — калі хтосьці кагосьці пырнуў нажом ці ўдарыў патэльняй, а здарылася сатрасенне глуздоў. Але залежыць ад таго, як следчыя кваліфікуюць. У жанчын, якіх абвінавацілі ў няскончаным забойстве, амаль няма шанцаў на датэрміновае вызваленне, бо артыкул «наўмыснае забойства» звычайна не трапляе пад амністыю.
Шмат сядзіць па наркаманскім артыкуле 328. Іх хапаюць цэлымі інтэрнэт-крамамі, разам з бухгалтарамі і СММ-шчыкамі, і даюць адразу па 10-20 гадоў. Часта гэта дзяўчаты-падлеткі, якія зрабілі па 1-2 закладкі, а іх «здалі» людзі, што кіруюць наркабізнесам. Колькасць непаўнагадовых увесь час расце: пры мне іх спачатку было 5 чалавек, а калі я вызвалялася — то 33, і гэта пры тым, што калі дзяўчатам спаўняецца 18, іх накіроўваюць у атрады для дарослых. Большасць непаўнагадовых — па артыкуле 328. У непаўнагадовых у гомельскай калоніі асобны атрад, але яны ўсё роўна кантактуюць з дарослымі зэчкамі. Спачатку і дарослых «наркаманаў» трымалі ў асобных атрадах, але некалькі год таму гэта скасавалі, такія атрады пачалі паступова «разбаўляць» людзьмі з іншымі артыкуламі. Я спачатку трапіла ў такі былы «наркаманскі» атрад — і было нармальна. Нармальныя дзяўчаты, гэта ўласна з імі мы ладзілі Каляды. А потым мяне перавялі ў іншы атрад, і было даволі цяжка адаптавацца.
І ёсць яшчэ жанчыны-дзетазабойцы. З тых, пра каго я ведала, са мной сядзела чатыры. Гэта самыя страшныя злачынцы, я лічу.
— Што людзям дапамагае трымацца і перажыць зняволенне?
— Для кожнага па-свойму. Камусьці — лісты. Камусьці — спевы, нейкая культурная дзейнасць, самаразвіццё. Камусьці — моцны характар. Камусьці — прыняцце таго, што з ім адбываецца. Канечне, калі ў цябе наперадзе 2 гады, а не 10, то ты ставішся трошкі па-іншаму. Але ў любым выпадку чалавек можа сам сябе пераканаць, сам сябе падтрымліваць, і навучыцца атрымліваць станоўчыя эмоцыі пасярод усяго гэтага гадства.
Лісты беларускіх палітвязняў на выставе ў Музеі берлінскай сцяны
Я навучылася: калі я тут, значыць, частка майго жыцця праходзіць тут. І жыву я адзін раз. І я буду тут жыць, а не існаваць. Я так вось для сябе вырашыла.
— Што палітыкі і звычайныя беларусы за мяжой могуць рабіць, каб вызваліць палітвязняў?
— У мяне няма ўніверсальнага рэцэпту. Калі ёсць хоць нейкая магчымасць, хай прывідная, вызваліць хоць кагосьці, трэба рабіць хоць штосьці. Адразу ўсіх палітвязняў мы не вызвалім, такая рэальнасць, і трэба гэта прызнаць.
Нехта кажа: «Гандаль, гандаль палітвязнямі!» Ну і што? Спытайце тых, хто сядзіць. Большасць скажа: «Гандлюйцеся, толькі выцягніце нас адсюль».
— А калі палітвязень выходзіць, то ёсць шанц, што яго пакінуць у спакоі, ці варыянт толькі адзін — з’язджаць?
— Былы вязень павінны кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі, пакуль з яго не здымуць судзімасць, то-бок некалькі гадоў. Калі чалавек не працуе, яму могуць сказаць, каб адзначаўся штодня. А працу яшчэ паспрабуй знайдзі. У дзяржаўную ўстанову не возьмуць нават прыбіральшчыцай. Прыватны сектар моцна прасеў, ледзь выжывае. Ды і баяцца браць людзей пасля палітычных артыкулаў. Я па асабістых прычынах заставалася ў Беларусі больш за год пасля вызвалення, але іншым палітвязням раю не чакаць і з’язджаць адразу пасля выхаду з турмы.
Алена Ляшкевіч, budzma.org