Рашэнне ўладаў прызнаць выдавецтва Gutenberg Publisher «экстрэмісцкім фармаваннем» «запатрабуе ад нас болей рэсурсу, болей высілкаў, болей асцярожнасці, болей увагі да тых, хто мае дачыненне да нашай дзейнасці». З іншага боку, гэта яшчэ раз падкрэслівае каштоўнасць беларускай кнігі. «Відаць, гэта вялікая сіла».
Сузаснавальніца і шэф-рэдактарка выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева ў інтэрв’ю «Будзьма беларусамі!» кажа, што рашэнне ўладаў, безумоўна, балюча ўдарыла па справе, але «ўсё будзе так, як і запланавана».

Валянціна Андрэева. Фота з асабістага архіву
«Праца будзе працягвацца. Канешне, нам цяпер патрэбныя час і сілы на тое, каб прыняць меры ў сувязі з падзеямі, папярэдзіць людзей, закрыць дастаўку ў Беларусь. Такія дзеянні зрабіць, каб людзі былі ў бяспецы, — распавяла Валянціна Андрэева. — Безумоўна, некаторыя праекты, якія мы планавалі з людзьмі, якія так ці іначай маюць шчыльнейшыя дачыненні да Беларусі, цяпер спыненыя, і на сёння мы не ведаем, як іх аднавіць, або ў якім фармаце аднавіць, або каму перадаць адпаведна гэтыя праекты. Мы не маем пакуль адказу на гэтыя выклікі, думаем пра гэта. Занадта мала часу яшчэ прайшло ад гэтага рашэння, трэба асэнсаваць, убачыць перспектывы і праблемы».
Але ўвогуле «гэта не спыніць тое, што мы рабілі, гэта не значыць, што мы перастанем выдаваць кнігі».
Валянціна Андрэева зазначае, што «не бачыць, не адчувае, не разумее ніякай агульначалавечай справядлівасці ў такім рашэнні, у такім прызнанні нашага выдавецтва».
«Проста ад нас гэта запатрабуе болей рэсурсу, болей высілкаў, болей асцярожнасці, болей увагі да тых, хто мае дачыненне да нашай дзейнасці. З іншага боку, такое рашэнне ўладаў яшчэ раз падкрэслівае каштоўнасць беларускай кнігі, яе важнасць, значнасць, эфектыўнасць у гуманістычным спосабе бачання свету, у тым, які свет мы будуем або хочам будаваць, скажам так. І відаць, гэта вялікая сіла», — падкрэсліла яна.

Галоўная рэдактарка выдавецтва Валянціна Андрэева. Фота з асабістага архіву
Нядаўняя хваля рэпрэсій да беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку да выдаўцоў, прызнанні экстрэмістамі ініцыятыў ды выдавецтваў не ёсць нейкім выпадковым збегам абставінаў, лічыць Валянціна Андрэева:
«Я думаю, што мы ўсе сталі крыху расслабленымі, мы ўсе забыліся, што такое асцярожнасць. І калі да нас прыйшла жахлівая навіна пра смерць Рамана Цымберава, занадта шмат у сеціва вылілася не толькі эмоцый, але і фактаў, доказаў, сведчанняў пра нашу працу і наша кола. Мы адкрыліся ў гэты момант. Ясна, тыя, каму не падабаецца тое, што мы робім, тыя, хто хацеў бы, каб беларускай культуры станавілася меней, гэта заўважылі і, напэўна, ім гэта было не ў губу, як кажуць. Напэўна, яны ўбачылі ў гэтым пагрозу, як заўсёды ж, яны ў салідарнасці бачаць пагрозу, у тым, што людзі здольныя аб’ядноўвацца вакол каштоўнасцяў.
«Яны бачаць пагрозу для сваёй ўлады ў згуртаванні вакол беларускага. Як вынік — гэтая хваля рэпрэсій, але яшчэ гэта і сведчанне таго, што мы ўсё яшчэ салідарныя, мы ўсё яшчэ жывыя і і дзейныя».
Што да практычных наступтстваў, то «так, некалькі аўтараў сказалі „стоп“ на ўжо амаль гатовыя кнігі». «І гэта, канешне, удар фінансавы, апроч усяго, бо выдавецкія працэсы каштуюць грошай. І калі праца ўжо практычна была зроблена, а выдаваць кніжку мы не можам, то, зразумела, укладзенае ў тыя працэсы, не акупіцца. Ды й проста крыўдна, што вось хацелася выдаць гэтыя кнігі, а пакуль не разумеем, як гэта зрабіць. Што праўда, мы не чакалі, што будзем першым выдавецтвам, якое стане „экстрэмісцкім фармаваннем“. Але жывём там, дзе жывём. Працягнем працу», — сказала Валянціна Андрэева.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org