Вам «не да законаў»? Ну, і нам тады — таксама...

02.03.2026
Гаворачы пра ўдары па Іране, Беньямін Нетаньяху згадаў пра «вечнасць Ізраіля». Самі ўдары па галоўным ворагу — Іране — маюць забяспечыць тую вечнасць. Цікава, што ніякай дыскусіі ў Ізраілі наконт яго вечнасці — няма. І быць не можа.

Kirkievicz-Alies.jpgАлесь Кіркевіч

Мы ўвесь час неяк сарамліва прагаворваем сваё «Жыве Вечна!» у адказ на «Жыве Беларусь!». А ці сапраўды — вечна? А што такое вечнасць? А можа, лепш проста — «Жыве»?.. У ізраільцян чамусьці такіх пытанняў не ўзнікае. Бо іх краіна і яе лёс — гэта абсалют. Іхняя вечнасць.

Кожнаму — свая «вечнасць»

Ну, добра, яўрэі любяць Ізраіль. А да чаго тут ракетныя ўдары? Да таго, што як «вечнасць» пэўнай краіны нельга давесці навукова, так і патрэбу ва ўдарах супраць суверэннай краіны — нельга абгрунтаваць паводле міжнароднага права. Немагчыма.

natanijachu.pngПрэм'ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху. Скрыншот відэа

Бо «вечнасць», як і суверэнітэт, у кожнага свая. У Ізраіля, у Ірана, у ЗША, у Бахрэйна... Міжнародная сістэма каардынат — проста не існуе. Няма агульнай лінейкі правілаў, якія б вымяралі ў аб’ектыўным вакууме вагу інтарэсаў таго ці іншага народа. Ці — вагу супольнага дабра для ўсіх. Кожнаму — свая «вечнасць».

Парадаксальна: міжнароднымі нормамі доўгія гады карысталіся акурат тыя рэжымы, якія найчасцей іх парушалі.

Расіяне крычалі пра «дзяцей Данбаса» ў той час, як запускалі ракеты па жылых дамах. Прыхільнікі Мадуры згадалі пра міжнароднае права, калі іхнага лідара ў кайданках вывезлі насуперак міжнароднаму праву. Таго Мадуру, які парушаў усе магчымыя правы і нормы.

Вагон no smoking, дзе палова — курыць

Само паняцце міжнароднага права — страціла сэнс. Прынамсі, у тым прачытанні, якое было прынятае пасля Другой сусветнай. Але праблема не ў тым, што Трампу ці Нетаньяху — «не да законаў». А ў тым, што ўсім іхным апанентам «не да законаў» было ўжо даўным-даўно.

Які сэнс у міжнародных правілах ветлівасці, калі частка імі карыстаецца, а частка — не? Гэта як вагон цягніка, дзе вісіць вялікая шыльда NO SMOKING, але частка пасажыраў усё адно курыць. Сэнс?..

nosmoking.jpeg

Кожная сістэма, як і кожная рэлігія, з часам збірае крытычную колькасць памылак. Неабходная перазагрузка — як камп’ютару, бо працаваць ужо немагчыма. Была Венская сістэма міжнародных адносінаў, якая зламалася падчас Крымскай вайны. Была Версальская сістэма, якую зламала Другая сусветная. Усё мінае.

Таму і ліць слёзы па той сістэме, якая ламаецца на нашых вачах, няма сэнсу. Тыя ж галасаванні ў ААН, на жаль, занадта часта ставалі зручным полем для гульняў дыктатараў. Круцілі, як хацелі. Дакруціліся. Уявіце, што чалавек увесь час падпальваў дамы, а калі ў яго самога выбухнуў балон з газам — лье слёзы і кліча пажарных. Так і тут.

«Табе ўсё можна, бо табе нічога не можна»

Праблема замулянай цытаты пра «не да законаў» у тым, што яе аўтар перамог у сітуацыі, калі яго апанентам акурат было «да законаў». А законы — ён памножыў на нуль. У аднабаковым парадку. Канешне, з такім раскладам перамагчы немагчыма. А вось калі ўсім «не да законаў»...

Усім — дык усім. Як пісаў Каліноўскі, звяртаючыся да народа: «Табе ўсё можна, бо табе нічога не можна». Калі ніякіх правоў няма, то і абмежаванняў таксама. Шанцы выраўніваюцца.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org