Лявон Вольскі прыгадвае дзень, «калі ўсё незваротна зьмянілася» — 24 лютага 2022 года. У гэты дзень, на думку Лявона, таймэр пачаў адлік часу да скону расейскай імпэрыі. І хоць могуць быць часовыя перавагі расейцаў на фронце, можа быць «шмат рознага нэгатыву, болю і выпрабаваньняў», «дні расейскае імпэрыі палічаныя», упэўнены Лявон Вольскі.
Лявон Вольскі
На той момант мы жылі ў Польшчы палову году. Напярэдадні Калядаў мы зьнялі кватэру — цяпер ужо на доўгі тэрмін, бо прыйшло разуменьне, што, бадай, давядзецца тут затрымацца.
Прыйшла другая палова лютага. Нам трэба было ехаць у Фрайбург. У тамтэйшым гарадзкім тэатры мусіла адбывацца дыскусія пра Беларусь, і доўгія зьмястоўныя размовы, якія так любяць немцы, павінныя былі перабівацца маімі песьнямі. Мы вырашылі даехаць на сваім аўто да Бэрліну, а там наш сябра, журналіст, пісьменьнік і вялікі знаўца Беларусі Ingo Petz зарэзэрваваў квіткі на цягнік да Фрайбургу.
— Ехаць доўга, восем гадзінаў, — казаў Ingo. — Таму паедзем з камфортам, гэтым разам удалося ўзяць першую клясу!
Пэрспэктыва праехацца ў першай клясе, нават у вядомым сваёй парадаксальнасьцю Deutsche Bahn, была вельмі прывабнай, і за дзень да чыгуначнага падарожжа мы выехалі на сваім аўтамабілі да Бэрліну.
Надвор’е было надта ўжо неспрыяльнае. Два дні таму пачаўся шторм, кватэру на восьмым паверсе новага дому, здаецца, хістала з баку ў бок. Нягледзячы на зімовы час, ліла залева са шквальным ветрам. У дзень выезду крыху суцішылася, але ня цалкам. Моцныя павевы ветру, здавалася, хацелі зьдзьмуць нашую высокую машыну з дарогі. Ня надта дадавалі імпэту апакаліптычныя карцінкі абапал дарогі — выкарчаваныя зь зямлі разам з бэтоннымі падмуркамі рэклямовыя бігборды і паваленыя дрэвы.
— Ты ўпэўнены, што заўтра не адменяць цягнік? — запыталіся мы ў Ingo, калі ўрэшце дабраліся да ягонае кватэры ў бэрлінскім пралетарскім раёне Obershcöneweide. — Ці то давядзецца ехаць у той Фрайбург на нашай машыне?
— Не, гэта занадта далёка, каб ехаць на машыне, — адказаў Ingo, — будзем спадзявацца, што цягнік не адменяць.
Натуральна, наступнага ранку мы даведаліся, што цягнік не паедзе, бо камунальныя службы чысьцяць рэйкі ад паваленых дрэваў, і давялося ўсё ж такі ехаць на машыне.
У Бэрлін мы вярталіся зноўку пад акампанэмэнт разгулу стыхіі. Вецер быў такі, што цяжка было адчыніць дзьверы машыны на запраўцы. Мы даехалі да нямецкае сталіцы, мяняючыся зь Ingo за стырном, і ўвечары ўсе каналы трансьлявалі прамову Пуціна.
— Усё! — скрушна выгукнуў Ingo. — Гэта вайна!
— Можа, усе ж такі неяк абыйдзецца? — спадзяваліся мы.
— Не! — ён быў непахісны. — Будзе вайна!
Мы вярнуліся ў Варшаву. Гэта было 23 лютага — сьвята для пэўнага кола людзей, да якога мы не належым. Стомленыя пасьля доўгіх і цяжкіх пераездаў, мы праглядзелі навіны і леглі спаць.
А назаўтра ўсё незваротна зьмянілася. Назаўтра была вайна. Ingo не памыліўся.
Можа быць, я памыляюся, але, мне падаецца, што 24 лютага было выбранае не выпадкова — савецкаарыентаваныя расейцы думалі, што ўкраінскае войска будзе актыўна адзначаць дзень савецкай арміі і на раніцу будзе небаяздольнае. Меркавалі па сабе...
Я паглядзеў відэа, на якім калёна расейскае вайсковае тэхнікі едзе заваёўваць Кіеў за тры дні, і мне ўсё стала ясна.
Рэч у тым, што я калісьці служыў у батальёне, які спэцыялізаваўся на рамонце аўтатэхнікі. Таму я выдатна ведаю здольнасьці савецкіх вайсковых ЗІЛаў, КрАЗаў і УАЗаў. Каб гэтыя «карчы» праехалі сто кілямэтраў, за імі мусіць ехаць рэмонтны батальён, каб займацца бягучым рамонтам, бо бяз гэтага ўсё гэтае ламачча проста стане і нікуды не паедзе. Разынка ў тым, што рамонтны батальён будзе ехаць на такіх самых савецкіх раскансэрваваных аўтамабілях 60-х гадоў. І ён мусіць даваць рамонт і сабе самому. Ужо таму мне падалося надта сумнеўным, што Кіеў возьмуць за тры дні. За гэты тэрмін яны да яго папросту не даедуць!
Я неаднаразова пасьля пачатку вайны казаў і паўтару яшчэ раз: для Расеі гэтая інтэрвэнцыя — пачатак самазьнішчэньня, развалу імпэрыі. Не было ніякае нагоды для вайны. Дзеці Бамбаса, прыгнёт расейскамоўных, нацызм, фашызм і тое, што «каб ня мы, дык яны б...» — гэта ўсё агітацыйна-прапагандысцкія казкі для расейскіх пэнсіянэрак, такія самыя, як «а я січас вам пакажу». Што ты пакажаш? Што ўкраінцы хацелі на цябе напасьці? Тут няма чаго абмяркоўваць. Трызьненьне сівай кабылы.
Малюнак Лявона Вольскага
Доўгія дзесяцігоддзі спатрэбіліся б Украіне, каб выйсьці з зоны ўплыву «рускага сьвету». Каб не вайна. Дзеці б вывучалі расейскую мову, чыталі і завучвалі Пушкіна, Някрасава ды Дастаеўскага, вуліцы б стракацелі прозьвішчамі расейскіх дзеячаў, сталыя людзі настальгічна б уздыхалі: «А можа, было б лепей разам з Расеяй?», і вось уся гэтая беспрасьветная беспэрспэктыўная лухта, якая цягнецца ў Беларусі ўжо болей за трыццаць гадоў. А Расея нечакана ні для каго разьвязала вайну, і пытаньні пераходнага пэрыяду зьняліся самі сабою.
Могуць быць часовыя перавагі расейцаў на фронце. Можа быць адкрыцьцё другога фронту, ваенныя дзеяньні супраць Захаду, у якія беларусаў хочуць уцягнуць і, магчыма, уцЯгнуць. Можа быць шмат рознага нэгатыву, болю і выпрабаваньняў. Але я веру і ў глыбіні душы ведаю, што дні расейскае імпэрыі палічаныя. І таймэр тахкае.
І пачаў ён свой адлік тады, чатыры гады таму, 24 лютага 2022 году.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org