Быць Чалавекам. Быць Беларусам

Валера Руселік піша пра свой шлях да беларушчыны і пра тое, чаму не шкадуе, што «калісьці замест пазыцыі „я — па-за палітыкай“ узяўся за яе напоўніцу».

Некалькі разоў бачыў у нас на «Будзьма беларусамі» незадаволеныя камэнтары: маўляў, чаго вы палітыку цягнеце сюды, вы ж пра культуру і гісторыю, а не пра вось гэта вось усё!

Культура — па-за палітыкай. Гісторыя — таксама. Спорт, адукацыя, прамысловасьць, праваахоўная сыстэма, мэдыцына, навука, літаратура, турызм і г. д. — таксама ж па-за палітыкай, праўда?

Спадарства, вы сур’ёзна? А чаму ж тады палітычныя рэпрэсіі, якія агарнулі нашую краіну, не абмінулі аніводную са згаданых сфэраў? Няўжо ж з-за таго, што палезьлі ў палітыку — вось і атрымалі па шапцы? Альбо ўсё-ткі з-за таго, што раздавальнік па шапцы рэалізоўвае канкрэтную палітычную задачу — каб ніхто, акрамя яго, у палітыку больш ня лез?

1.jpgЯстрамбельскія кадэты ў цішотках з гербам «Пагоня» пад формай. 2015 г. Фота з сацыяльных сетак

Калісьці даўно, яшчэ ў юнацтве, я прыйшоў да беларушчыны й застаўся ў ёй — праз палітыку. 15-гадовым юнаком я захапіўся генэалёгіяй. Шукаючы свае карані, нечакана для самога сябе, маладога крэсовага паляка, заўважыў, што куды ні капну — паўсюль на сьвет выходзіць ня польскасьць, а... беларускасьць. Гэтак уразіўся тады, што падумаў: ну, маўляў, калі продкі — беларусы, жыву ў Беларусі, то...

Тады ж, у 1997-м, захапіўся я быў і журналістыкай. Празь нейкі час трапіў на практыку ў гарадзенскую газэту «Пагоня», якую, аднак, неўзабаве чыноўнікі выкінулі з займанага рэдакцыяй памяшканьня літаральна на вуліцу. На пікеце ў абарону «Пагоні» да мяне падышоў нейкі сівы дзядзька і спытаў мяне па-беларуску: «Дык а ты, хлопча, у якой мове сам размаўляеш?». «На русском языке, — адказаў я тады. І... умомант зрабілася неяк сорамна, а таму я тут жа ціхенечка дадаў, схлусіўшы: — ...і па-беларуску таксама». Дзядзька той усьміхнуўся, усё зразумеўшы, і сказаў: «То што ж ты і так, і гэтак размаўляеш? Ці ж у цябе два языкі? Гэта ж толькі зьмяя мае два языкі, а ў чалавека — адзін. Дый тое язык — ён каб есьці, а мова — каб размаўляць. Запомні!».

Ну і ўсё. Ваганьняў больш не было. Беларуская мова стала маёй адзінай мовай у штодзённым жыцьці.

Што яшчэ згадваецца з 1997 года, дык гэта дыплём «Талент горада Гродна», выдадзены мне тады мясцовым гарвыканкамам. Ооо, пра мяне тады пісала і афіцыйная «Гарадзенская праўда», і тутэйшы тэлеканал здымаў сюжэты — думаю, у мяне вымалёўваліся неблагія пэрспэктывы!

2.jpgВалера Руселік у часы свайго маладафрантоўскага юнацтва. Фота з асабістага архіву

Але...
Калі ты беларускамоўны ў Беларусі, то — хай нават і з дыплёмам ад гарвыканкаму — хоцькі-няхоцькі рана ці позна ты сутыкаесься з палітыкай. І ўсе гэтыя бясконцыя пытаньні «А чего ты по-беларуски разговариваешь? Ты что, бээнэфовец?», і трапляньні ў міліцыю толькі за тое, што патруль на вуліцы пачуў быў маю гаворку, і ўсе гэтыя абразы з высокіх трыбунаў у бок беларускае мовы — усё гэта падала ўва ўрадлівую глебу майго юнацкага максымалізму, выхаванага на творах Джэка Лёндана і Марка Твэна.

Усё было ясна як белы дзень: дзяржава выступае супраць мовы, якою я размаўляю штодня — значыць, гэтая дзяржава выступае супраць мяне!

3.jpgЖыць Беларусі ў Беларусі... забаронена: нацыянальны вокліч афіцыйна прызнаны нацысцкім. Фота Максіма Шведа

Ну і ўсё, далей — лічы, клясычны шлях змагара: «Малады фронт», «Край», іншыя прабеларускія арганізацыі, праца ў незалежных мэдыях, навучаньне спачатку ў беларускіх ВНУ, а пасьля выкідваньня зь іх — за мяжою і, урэшце, перасьлед і вымушаная эміграцыя.

Далёка ня самы прывабны жыцьцёвы шлях, праўда? Наўрад ці з гэткімі пэрспэктывамі можна кагосьці заматываваць прайсьці яго таксама.

Між тым, ёсьць прынамсі два моманты, з-за якіх я не шкадую пра тое, што калісьці замест пазыцыі «я — па-за палітыкай» узяўся за яе напоўніцу.

Па-першае, усе гэтыя гады я пражыў паводле ўласнага сумленьня і сваіх уяўленьняў пра годнасьць. Не скрывіў душою, не саступіў злу, не пагадзіўся зь несправядлівасьцю. І хай я заплаціў сваю цану, але застаўся на баку дабра.

4.jpg Срэбраная бранзалетка з паролем паўстанцаў Каліноўскага на руцэ аўтара. Фота аўтара

Ну й па-другое, для мяне палітыка — гэта ня нейкая там прафэсія і від дзейнасьці, якою займаюцца адмыслова навучаныя людзі. Ну, ведаеце, кухары гатуюць ежу, рыбакі ловяць рыбу, мастакі пішуць карціны, ну а палітыкай займаюцца палітыкі — усё гэта лухта!

Насамрэч палітыка ў шырокім сэнсе — гэта актыўны ўдзел у справах грамады, у якой ты жывеш. Займацца палітыкай — гэта быць неабыякавым да праблемаў і выклікаў, якія ставіць перад табою і тваёю супольнасьцю жыцьцё. І прыкладаць усе намаганьні, каб разьвязаць гэтыя праблемы і адказаць на гэтыя выклікі. Быць салідарным, ініцыятыўным, спагадлівым. Імкнуцца паляпшаць жыцьцё і сваё, і іншых. Быць актыўным грамадзянінам, браць адказнасьць за сябе, за сваю грамаду, за сваю краіну. 

Быць Чалавекам. Быць Беларусам.

Валера Руселік, Budzma.org

Ад рэдакцыі:
Усе ахвотныя маюць магчымасьць прайсьці бясплатны анлайн-курс «Публічная палітыка для пачаткоўцаў» ад адукацыйнага хаба «Нацыя лідараў». У часе заняткаў вы даведаецеся, што такое публічная палітыка, якія мэханізмы яе ўтвараюць, хто такія палітычныя актары, як публічная палітыка ўплывае на грамадзтва Беларусі і як грамадзтва можа ўплываць на палітыку. Заняткі пачынаюцца 9 сакавіка. Зарэгістраваццца можна ўжо цяпер па гэтай спасылцы.