Невыносны груз палітычнага крызісу 2021 года спачатку прыціснуў, а потым ушчэнт раздушыў культурніцкую прастору краіны, цалкам змяніўшы правілы гульні на ёй. Адным з адкрыццяў гэтага драматычнага працэсу стала небяспечнасць працы арт-менеджара. Фактычна ўсе прыватныя падзеі, нават тыя, што атрымалі фармальны дазвол ад мясцовых чыноўнікаў, і іх арганізатары апынуліся пад відавочнай пагрозай расправы з боку ўладаў.
Першым сігналам стала закрыццё прасторы «Месца», дзе вясной праходзіў мастацка-публіцыстычны праект «Машына дыхае, а я не», складзены з серыі журналісцкіх фотаматэрыялаў пра катастрафічную непадрыхтаванасць дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя да пандэміі кавіду. Імгненна адна з суарганізатарак выставы і кіраўніца грамадскага аб’яднання «Звяно» Таццяна Гацура-Яворская часова трапіла за краты па надуманай крымінальнай справе. А потым Мінгарвыканкам вырашыў масава зачыніць усе недзяржаўныя арганізацыі і аб’яднанні, палічыўшы іх пагрозай для дзяржавы.
Адчуванне небяспекі яскрава адлюстравалася і ў мясцовым кінафестывальным асяродку. Калі андэрграўнднае «Нефільтраванае кіно», нават з улікам самацэнзуры па адборы беларускіх прац, у пачатку вясны было паўнавартасна праведзена ў прасторы Lo-Fi Social Club, то арганізатары большасці астатніх кінафэстаў вырашылі згарнуць дзейнасць. Так, анансаваны анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно Belarusdocs перанесся на нявызначаны тэрмін і ўвогуле не адбыўся; Міжнародны кінафестываль «Лістапад» пад уплывам уладаў пераўтварылі ў палітычную пляцоўку, не дазволіўшы яго правесці старой дырэкцыі з ужо зачыненага цэнтра «АртКарпарэйшн»; анонсы фестываляў Kinosmena і А1 Smartfilm увогуле не з’явіліся.
Так фактычна незалежнае беларускае кіно ў 2021 годзе ўслед за эмігрантамі трапіла за мяжу. Яго можна было пабачыць у кінатэатрах Польшчы (Bulbamovie і Варшаўскі міжнародны кінафестываль), Нідэрландаў (кінафестываль дакументальнага кіно IDFA), Латвіі (ArtDocFest), Германіі (Берлінале) і г. д. У самой краіне гэтыя стужкі прасочваліся праз віртуальную крыніцу інтэрнэту — іх залівалі на Youtube ці паказвалі на канспіратыўных кватэрных праглядах, якія ладзілі чальцы здымачнай каманды ці іх сябры.
Сімвалам кінавіртуалізацыі стаў кінафестываль краін Паўночнай Еўропы і Балтыі «Паўночнае ззянне», які другі год запар прайшоў анлайн на спецыяльна пабудаванай кінапляцоўцы. Яго арганізатары — Воля Чайкоўская і яе паплечнікі — вырашылі працягваць сваю справу нават у такіх неспрыяльных умовах, адабраўшы ў рэпертуар духапад’ёмныя стужкі, прысвечаныя рэвалюцыйным зменам у былых савецкіх рэспубліках у канцы 1980-х — пачатку 1990-х, а таксама невялічкую секцыю айчыннага кіно.
І хаця сама падзея адбылася ў канцы верасня, я, няхай і з вялікім спазненнем, вырашыў напісаць пра яе беларускія стужкі — амаль што адзіныя, якія ў гэтым годзе змог пабачыць глядач, якому пашчасціла не апынуцца ў эміграцыі.
(Сама)цэнзура як праява часу
Адпачатку трэба ўзгадаць пра (сама)цэнзуру, якая стала праявай сённяшняга часу — і дайшла да «Паўночнага ззяння». Гэта лёгка заўважыць яшчэ па дызайнерскім афармленні падзеі, якое па замове зрабіла гродненская мастачка Руфіна Базлова. Яе чырвона-белыя коміксы пра пратэсты 2020, выкананыя ў стылі фальклорнай выцінанкі, апынуліся не толькі запатрабаванымі ў сеціве, але і трапілі на вокладку аднаго з нумароў расійскага часопіса «Мастацтва кіно». Для фестываля ж было абрана больш лагоднае салатава-белае спалучэнне колераў.
Не абмінулі забароны і праграму праглядаў, куды так і не дабралася бескампрамісная драма «Тры таварышы» беларуска-расійскага рэжысёра і пісьменніка Уладзіміра Казлова. На стужку, дзе шмат ненарматыўнай лексікі і адна абразлівая ўзгадка беларускай улады, не выдалі пракатнага пасведчання, і арганізатары палічылі за лепшае цішком зняць яе з прагляду. Не самы ўдалы кампраміс, але дырэкцыя палічыла больш карысным захаванне добрых адносін з мясцовай бюракратыяй.
Агулам айчынная праграма выйшла акцэнтавана эмігранцкай — у яе трапілі пяць стужак ад аўтараў беларускага паходжання, якія жывуць, вучацца ці працуюць за мяжой. Акрамя ўжо ўзгаданых «Трох таварышаў», у склад увайшлі:
• дэбютная праца з ЗША Анастасіі Сергіені «Сойка»;
• вучэбны эцюд «Агульная мова» дырэктаркі «Паўночнага ззяння» Волі Чайкоўскай, якая зараз вучыцца ў эстонская кінашколе;
• рэфлексіўная стужка «Кунашыр» беларуска-французскага дакументаліста Уладзіміра Казлова (аднафамільца аўтара «Трох таварышаў»);
• дыпломная праца «Тата» Марыі Якімовіч, вучаніцы кракаўскай Акадэміі мастацтваў.
Збіраў праграму другі год запар экс-рэдактар «Беларусьфільма» і кінакрытык часопіса «Мастацтва» Антон Сідарэнка. І калі мінулагодняя спроба атрымалася вельмі эклектычнай і пёстрай, датычная розных тэмаў, то гэтым разам cклалася вельмі канцэптуальная падборка, засяроджаная на прыватных праблемах ці жыццёвым вопыце сучаснай постсавецкай моладзі, прадстаўнікамі якой большасць рэжысёраў і з’яўляецца.
Пра што кіно
Найбольш глыбокай праявай інтымных перажываняў апынулася аўтабіяграфічная праца «Тата» Марыі Якімовіч. У ёй маладая дзяўчына, голас якой чуваць за кадрам, спрабуе асэнсаваць драму сваёй сям’і, шчасце якой разбурыла цяжкая хвароба і паводзіны яе бацькі. Рэжысёрка спалучае дакументальныя здымкі, алічбаванае home video і анімацыю ў стылі калажу, каб падзяліцца з гледачом унутраным болем — і вынік сапраўды кранае і ўражвае. Гібрыдная мастацкая форма эфектна абрамляе крызіс сямейных стасункаў, якія не скончыліся відавочным разводам, а вырадзіліся ў маральна цяжкае сажыцельства ў адной кватэры.
Менш удала фіксуе аналагічны экзістэнцыйны крызіс, які саспеў за гады сумеснага жыцця бацькоў, Воля Чайкоўская, што вырашыла дадаць у конкурс уласнага фестываля свой дэбют — «Агульную мову». У ёй аўтарка абірае метад размовы па душах на камеру — і калі з маці атрымоўваецца выйсці на даверлівы кантакт, то тата ад «допыту» ўпэўнена ухіліўся агульнымі фразамі. Пазл камунікацыі не складваецца, агульную мову з родзічамі рэжысерка так і не змагла адбудаваць, але гэта толькі яшчэ раз падкрэсліла факт адасобленасці нават самых блізкіх людзей.
Пераехалая з Мінска ў Нью-Йорк фатографка і рэжысёрка Анастасія Сергіеня паклала свой жыццёвы досвед у падмурак першай ігравой працы «Сойка». Гэта тыповая драма пра адзінокага чалавека ў вялікім горадзе, пабудаваная на вялікай колькасці клішэ аб пакутах эмігрантаў: пратэрмінаванае жытло, адсутнасць грошай, дрэнная праца — і расхваляваны голас бабулі ў тэлефоннай слухаўцы. У пэўнай ступені постаць Сергіені нагадвае пра яшчэ адну амерыканскую экспатку — Дар’ю Жук, аўтарку «Крышталя». Яна таксама рэфлексавала аб пераездзе ў Штаты ў стужцы «Сапраўдная амерыканка». Хто ведае, можа, і Анастасія самарэалізуе сябе такім жа чынам.
Больш песімістычны партрэт сучаснай моладзі атрымаўся ў магілёўска-маскоўскага аўтара Уладзіміра Казлова. У «Трох таварышах» ён паказвае адзін дзень з жыцця расійскага «офіснага планктона» канца 2010-х. Хлапцоў без унутранай маралі і годнасці, якія жывуць фізіялагічнымі інстынктамі, якія іх у рэшце рэшт даводзяць да справядлівай кары. Як у гіперрэалістычнай літаратуры, так і ў мікрабюджэтным кіно Казлоў застаецца бескампрамісным ад пачатку і да канца, выцягваючы на экран усе болевыя кропкі постсавецкага грамадства. З-за гэтага ён раздражняе праўладныя колы Беларусі і Расіі, што толькі лішні раз запэўнівае ў моцы плакатнага публіцыстычнага выказвання.
З усёй праграмы моцна выбіваецца толькі «Кунашыр» — разважанне пра праявы мілітарызму і імперскіх амбіцый Расіі на адным з Курыльскіх астравоў, дзе да Другой сусветнай вайны жылі японцы. Яе аўтар — беларускі дакументаліст Уладзімір Казлоў — ужо амаль трыццаць год жыве ў Францыі, дзе мантуе свае стужкі, прысвечаныя «рускаму міру». «Кунашыр» не стаў апафеозам яго працы — вялікіх адкрыццяў аб жыцці нашых усходніх суседзяў там няма.
Што дакладна ёсць — падказкі для самых уважлівых для адказу на пытанне, чаму беларусы працягваюць жыць па прынцыпах савецкай краіны, якая ўжо трыццаць гадоў як афіцыйна знікла з мапы свету.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org