У траўні 2025 года ў польскім архіве знайшлі дакумент, у якім гаворыцца, што вядомы беларускі лінгвіст і палітык Браніслаў Тарашкевіч пад катаваннямі НКУС быў вымушаны «здаць» 249 чалавек. CityDog.io пагаварыў з экспертам, каб даведацца, што адбывалася ў тыя гады, як працавала сістэма даносаў і катаванняў і наколькі гэта падобна на сённяшнюю Беларусь.
Браніслаў Тарашкевіч (1892–1938) — аўтар той самай «Беларускай граматыкі для школ» (1918), якая фактычна стала асновай сучаснай літаратурнай беларускай мовы.
Ужо ў 1917-м Тарашкевіч быў адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады (левая палітычная партыя пачатку XX стагоддзя, якая ўздымала пытанне аб нацыянальна-культурнай аўтаноміі для беларусаў). У 1920-м, калі Заходняя Беларусь стала часткай Польшчы, ён стаў чыноўнікам Сярэдняй Літвы, адказным за беларускую асвету. Праз год узначаліў Віленскую беларускую гімназію.
З 1922 па 1927 год Тарашкевіч быў дэпутатам польскага Сейма, дзе распрацаваў праект аўтаноміі для Беларусі і ўзначальваў фракцыі дэпутатаў-беларусаў. Ён актыўна супрацоўнічаў з левымі беларускімі арганізацыямі, стаў сябрам Кампартыі Заходняй Беларусі. У 1927 годзе яго арыштавалі польскія ўлады, абвінаваціўшы ў падрыхтоўцы дзяржперавароту, і прыгаварылі да 12 гадоў зняволення. У 1930 годзе Тарашкевіча вызвалілі датэрмінова, але пазней зноў арыштавалі.
А ў 1933-м польскія ўлады ў рамках абмену перадалі Браніслава Тарашкевіча СССР. У 1937 годзе НКУС арыштаваў Тарашкевіча па справе выдуманай арганізацыі «Беларускі нацыянальны цэнтр». У 1938 годзе яго расстралялі.
Браніслаў Тарашкевіч. Крыніца: csl.bas-net.by
У 1933 годзе польскія ўлады абмянялі Браніслава Тарашкевіча на Францішка Аляхновіча, беларускага пісьменніка і драматурга. Аляхновіч да гэтага некалькі гадоў правёў у савецкіх турмах і лагерах, а потым апісаў свой досвед у кнізе «У кіпцюрах ГПУ», якая стала адным з першых выкрыццяў сталінскай сістэмы ў беларускай і ўсходнееўрапейскай літаратуры.
Па легендзе, калі падчас абмену Аляхновіч і Тарашкевіч сустрэліся твар у твар, пісьменнік сказаў яму: «Бронік, куды ты ідзеш?!» Гэтыя словы гучалі як перасцярога чалавеку, які яшчэ меў ілюзіі аб БССР і думаў, што едзе туды працаваць на карысць беларускай культуры і навукі.
Корпус турмы, у якую патрапіў Тарашкевіч пасля арышту ў Мінску, называўся «адмысловым». Як расказвае гісторык Ігар Станкевіч, гэта было асобнае памяшканне або крыло мінскай турмы, як мяркуецца, у Пішчалаўскім замку, дзе трымалі і катавалі людзей, прыгавораных да расстрэлу.
Туды найперш траплялі людзі з шырокімі сувязямі — вядомыя пісьменнікі, грамадскія дзеячы, палітыкі. Сярод іх, апроч Тарашкевіча, у архівах згадваецца, напрыклад, пісьменнік Андрэй Аляксандровіч.
Дакумент, які пацвярджае стварэнне ў мінскай гарадской турме «адмысловага корпуса». Фота: Archiwum Akt Nowych
Па словах Станкевіча, НКУС спецыяльна адбіраў зняволеных з мноствам сувязяў, разлічваючы атрымаць як мага больш паказанняў на іншых. Прычым прысуды гэтым людзям звычайна выносіліся задоўга да іх выканання — Тарашкевіча, да прыкладу, прыгаварылі да ВМП яшчэ 5 студзеня 1938 года, але расстралялі толькі 29 лістапада таго ж года, амаль праз дзесяць месяцаў. Увесь гэты час такія зняволеныя знаходзіліся ў вельмі цяжкіх умовах і падвяргаліся пастаянным катаванням, часта нават не ведаючы аб тым, што ўжо прыгавораныя да смерці.
Тыя, хто адмаўляўся супрацоўнічаць, падвяргаліся асабліва жорсткім катаванням. А тым, хто пагаджаўся даваць паказанні, даваліся сціплыя паблажкі накшталт дадатковай пайкі або пераводу ў крыху лепшыя камеры.
Вядома, што ў такім «адмысловым корпусе» ўтрымлівалі 247 чалавек, 38 з іх далі паказанні, якімі былі агавораны амаль 3500 іншых. Колькі людзей пацярпелі ад даносаў астатніх зняволеных, не вядома.
Але вядома, што ў гэтых камерах панавала страшная атмасфера. Зняволеных збівалі, катавалі, а сярод іх дзейнічала агентура НКУС: іншыя арыштанты, якіх кармілі лепш і забяспечвалі тытунем, па-зверску здзекаваліся над сакамернікамі, выбіваючы з іх патрэбныя звесткі.
Сам Тарашкевіч, знаходзячыся ў гэтых нечалавечых умовах, назваў прозвішчы 249 чалавек.
Ігар Станкевіч
— У вас няма адчування, што ў 1930-х, калі адбываліся масавыя рэпрэсіі, мінчане спакойна працягвалі жыць, хадзіць на працу, гуляць міма турмы, якая размяшчалася прама ў цэнтры горада?
— Я б не сказаў, што людзі тады жылі нармальна. Людзі жылі ў пастаянным страху, з адчуваннем, што заўтра па цябе прыйдуць. Напрыклад, мая сваячка, якой у 1937 годзе было 11-12 гадоў, расказвала, што бацькі яе папярэджвалі: «Галечка, вось там, пад столлю, зашытыя грошы і дакументы. Калі нас арыштуюць, ты павінна ведаць, дзе што знаходзіцца». Арышты адбываліся рэгулярна: ужо быў арыштаваны яе дзядзька і іншыя сваякі.
Пры гэтым ніхто не ведаў сапраўднага лёсу сваіх блізкіх. Людзям казалі, што іхныя бацькі, мужы ці браты «асуджаныя на 10 гадоў без права перапіскі». Гэта была форма хлусьні: фактычна гэта азначала, што чалавека ўжо расстралялі. Фраза «10 гадоў без права перапіскі» стала эўфемізмам смерці, які выкарыстоўваўся ўладамі аж да канца 1980-х гадоў.
Сваякам паведамлялі, што зняволены памёр ад хваробы: ішэмічнай хваробы сэрца, язвы, пнеўманіі, чаго заўгодна — даведкі прыходзілі з лагераў. А ў 1990-х людзі звярталіся ў КДБ і атрымлівалі зусім іншыя дакументы, ужо з сапраўднымі прычынамі смерці, дзе было пазначана, што чалавека расстралялі.
— Наколькі людзі верылі сталінскай прапагандзе пра рэпрэсаваных?
— Па-рознаму. Некаторыя прыязджалі ў турмы, перадавалі прадукты. Часам іх прымалі нават пасля таго, як чалавек ужо быў расстраляны, прадукты проста забіралі энкавэдзісты. Часам казалі прама: «Больш не насіце, вашага сваяка больш няма». Што менавіта азначала «няма» — не тлумачылі. Людзі здагадваліся, але ўсё роўна спадзяваліся, а раптам вернецца.
Камуністычны рэжым быў людажэрскай сістэмай. І дзейнічаў ён у літаральным сэнсе ў прамысловым маштабе: масава, бязлітасна, знішчаючы мільёны. Гэты маштаб захоўваўся ажно да смерці Сталіна. Пазней тэрор стаў менш масавым, але ён нікуды не знік: былі дысідэнты, рэпрэсіі, людзей адпраўлялі ў псіхіятрычныя бальніцы.
Фота: Unsplash.com
— Дакумент, які пацвярджае, што Тарашкевіч даваў паказанні на іншых людзей, знайшлі ў польскіх архівах. Чаму менавіта там, а не ў беларускіх?
— На самой справе гэтыя дакументы знайшлі не толькі там. Арыгінал выявілі і ў Нацыянальным архіве Беларусі — у асаблівым партыйным фондзе.
Польскія архівы змяшчаюць каля 950 спраў у дачыненні да рэпрэсаваных грамадзян БССР за перыяд з 1919 па 1940 год. Гэтыя копіі ў свой час былі зроблены фондам «Польскі», як мяркуецца, у Цэнтральным архіве КДБ Беларусі і цяпер захоўваюцца ў Архіве новых актаў у Польшчы. Польскі бок збіраў дакументы, якія найперш датычаць польскай меншасці на тэрыторыі СССР, уключаючы Беларусь.
Што да доступу да архіваў у Беларусі: у 2017 годзе намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка заяўляў, што ў архіве КДБ захоўваецца 235,5 тыс. крымінальных спраў аб рэпрэсіях. Аднак у гэтай лічбе, хутчэй за ўсё, не ўлічаны дэпартаваныя, кулакі ды іншыя катэгорыі рэпрэсаваных.
У пачатку 1990-х Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб адкрыцці гэтых дакументаў, але з прыходам да ўлады Лукашэнкі архівы былі фактычна закрытыя. Сёння доступ да спраў маюць толькі прамыя нашчадкі рэпрэсаваных, і тое пры наяўнасці поўнага пакета дакументаў, што далёка не заўсёды магчыма: многія дакументы страчаны, а частка нашчадкаў жыве за мяжой.
Акрамя таго, у 1990-х у Нацыянальным архіве Беларусі пачалі фармаваць базу дадзеных неабгрунтавана рэпрэсаваных. Да 2018 года ў ёй было каля 180 тысяч імёнаў. Першапачаткова яна павінна была быць публічнай, але з 2018 года яе перавялі ў статус «для службовага карыстання». Спробы аспрэчыць гэта ў судзе ў 2020 годзе вынікаў не далі — высветлілася, што інфармацыя аб статусе базы хавалася.
— А чаму беларускія ўлады не публікуюць падобныя архівы?
— Па палітычных прычынах. Па-першае, яшчэ ў 1990-х архівамі кіравалі былыя савецкія службоўцы, не зацікаўленыя ў выкрыцці мінулага. Пазней, ужо пры Лукашэнку, пачалася своеасаблівая «рэстаўрацыя» савецкай ідэалогіі са сцвярджэннем, што ў СССР «усё было цудоўна» і рэпрэсій нібыта не было.
Сённяшнія ўлады, на мой погляд, хаваюць архівы яшчэ і таму, што сталінскія рэпрэсіі надта відавочна пераклікаюцца з сучаснымі палітычнымі пераследамі ў Беларусі: масавымі арыштамі, катаваннямі, дэпартацыямі і фабрыкацыяй справаў.
— Цяпер можна пачуць параўнанні: маўляў, па страху перад рэпрэсіямі 2020-я гады вельмі падобныя на 1930-я. Людзей арыштоўваюць па надуманых прычынах, лісты палітвязням не перадаюць, сваякоў трымаюць у няведанні, ужываюць фізічны гвалт да асуджаных.
— Любыя гістарычныя паралелі, вядома, умоўныя. Але тым не менш можна праводзіць параўнанні. Мы бачым, як у тыя гады людзей арыштоўвалі практычна па фармальных прыкметах. Тады гэта маглі быць проста спісы, напрыклад адрасныя кнігі, у якіх шукалі «падазроныя» прозвішчы. Польскія прозвішчы, яўрэйскія, літоўскія — гэта лёгка магло стаць падставай для затрымання.
Часам схема была прасцейшая: арыштоўвалі аднаго чалавека, ён на допыце называў сваіх сваякоў ці знаёмых — і ўжо на наступны дзень энкавэдзісты прыходзілі за імі. Без доказаў, агентурнай працы і расследаванняў.
Людзі траплялі ў поле зроку АДПУ ці НКВД яшчэ ў 1920-х гадах (скажам, калі нехта ўжо быў высланы) і аўтаматычна траплялі ў новыя спісы ў 1937-1938 гадах. Некаторыя падвяргаліся рэпрэсіям двойчы, тройчы. Падставай магла стаць любая дробязь: антысавецкі анекдот, выпадкова сказанае слова, няслушна вытлумачаная фраза.
У тыя гады не было інтэрнэту, не было сацыяльных сетак, дзе чалавек мог бы «паставіць лайк» ці напісаць каментар, але сутнасць таго, што адбываецца, шмат у чым была тая ж, што і цяпер. Тады і сёння ўлада выкарыстоўвае даносы, сачэнне, спісы і страх. У цэлым можна казаць, што сучасныя «праваахоўныя органы» шмат у чым працягваюць логіку сталінскага НКУС.
Ёсць вядомая фраза, якая прыпісваецца Дзяржынскаму: «Калі ў вас няма судзімасці — гэта не ваша заслуга, а наша недапрацоўка». І, здаецца, менавіта паводле гэтага прынцыпу дзейнічаюць сённяшнія структуры. Калі ты яшчэ на волі, гэта проста таму, што да цябе пакуль не дайшлі.