Хто яшчэ быў музай Янкі Купалы? Вернемся ў час, калі паэт ужо апублікаваў першыя вершы, але яшчэ не пераехаў у Вільню.
1906. Яхімоўшчына
У 1906-1907 гадах Янка Купала працаваў на вінакурні ў Яхімоўшчыне, што ў 20 км ад Маладзечна. Будынак завода захаваўся да нашых дзён, там цяпер музей. Там паэт закахаўся ў дзяўчыну, якую звалі Эмілія. У 1906 годзе ён пісаў:
“І соладка сэрцам сваім не раз чую,
Што я не жадаю цябе, а люблю.
Люблю, як сястрыцу сваю дарагую,
Шаную, як родную матку сваю”.
1905-1908. Ніжні Сноў
У Ніжнім Снове (сёння аграгарадок Сноў) Купала працаваў на вінакурні памешчыка Гартынга. Пра прыгажуню, якую ён там сустрэў, паэт піша, што “першы раз усур’ёз закахаўся”. У вершы “На адвітанне” паэт пісаў ёй:
“Яшчэ раз будзь шчасліва, дзяўчынка,
Хоць не лёгка нам шчасця спаткаць!
Я ж адзін, як над рэчкай вярбінка,
Буду жыць і цябе ўспамінаць.
І на памяць, што ў сэрцы мне ўскрэсне,
Чым я жыў так і мучыўся чым,
Злажу самую лепшую песню
Аб табе і каханні тваім”.
Што праўда, імені прыгажуні ў біяграфіі Янкі Купалы не засталося.
Прыкладна з 1907 года
Канстанцыя Буйло пазнаёмілася з Янкам Купалам яшчэ 14-гадовай дзяўчынай, гэта было прыкладна ў 1907 годзе. Паэтка сябравала з ім, а пасля вельмі здружылася з Уладзіславай Францаўнай.
Ці былі ў Янкі Купалы рамантычныя адносіны з Канстанцыяй Буйло, гэта нявырашанае пытанне. Але сяброўства з ёй дакладна было для яго вельмі важным. У 1914 годзе, калі шмат часу ў Купалы адбірала рэдагаванне “Нашай Нівы”, ён усё ж знайшоў магчымасць, каб дапамагчы Канстанцыі Буйло скласці і адрэдагаваць яе зборнік “Курганная кветка”.
Купала і Буйло пабраліся шлюбамі ў адным і тым жа 1916 годзе. Яе мужам стаў шляхціц Віталь Калечыц з-пад Мінска. Пасля яго арышту ў 1933 годзе Янка Купала і Уладзілава Францаўна сталі адзінымі, хто не адрынуў літаратарку.
1937-1941. Грузія