«Бронюсь, куды ты ідзеш?» — скрушна запытаўся Францішак Аляхновіч у Браніслава Тарашкевіча, стоячы на памежным мастку. Пра самы вядомы абмен беларускімі палітвязнямі, піша Ганна Ермаковіч ў «Новым Часе».
«Палітычна мудры крок польскіх уладаў, якія за беларуса патрабавалі ад Саветаў беларуса-ж»
З газеты «Родны Край» (Вільня, 16 верасня 1933):
«У сумных, шэрых буднях нашага нацыянальнага жыцця нейкім ясным праменем сонейка паказалася вестка, для беларускага грамадзянства бадай зусім неспадзяваная.
У выніку паразумення між польскім і савецкім урадамі 6 верасня на граніцы паміж Польшчай і БССР адбылася замена палітычных вязняў: Польшча звольніла з вастрогу і пусціла ў Саветы выдатнага беларускага грамадскага дзеяча і навукоўца Браніслава Тарашкевіча; Саветы ўзамен за яго звольнілі з вастрогу і пусцілі ў Польшчу выдатнага беларускага драматурга і драматычнага артыста Францішка Аляхновіча.
Пад той час, як беларускае грамадзянства шчыра вітае ў мурах старое Вільні вернага сына яе Аляхновіча, такое ж свята спраўляе беларускі Менск, вітаючы Тарашкевіча.
Дзелючыся з нашымі чытачамі гэтай радаснай весткай аб павароце з вастрожных муроў да вольнага жыцця дзвух такіх цэнных культурных сілаў беларускіх, мы лічым сваім абавязкам адзначыць сапраўды шляхетны і палітычна мудры крок польскіх уладаў, якія за беларуса патрабавалі ад Саветаў беларуса-ж».
Браніслаў Тарашкевіч
«Наколькі выезд Тарашкевіча нікога не здзівіў, настолькі яго абмен на Аляхновіча ўсіх шакіраваў. Якая іронія лёсу! Даўнія старыя сябры сталі каля памежных слупоў, як прадстаўнікі варожых палітычны накірункаў. І абодва адначасова атрымалі свабоду пасля шматгадовай вязніцы...», — пісаў у 1933 годзе Антон Луцкевіч.
Сустрэўшыся на памежным мастку, яны прыўзнялі капелюшы, і Аляхновіч скрушна прамовіў: «Куды ты, Бронюсь, ідзеш?».
Чытайце яшчэ: Францішак Аляхновіч: чалавек, які раскрыў страшную праўду пра «самую шчаслівую краіну на Зямлі»
Францішак Аляхновіч добра ведаў, на якія пакуты выракае сябе Тарашкевіч...
«Ён iз вастрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край — гэта адзiн вялiкi вастрог, дзе думка чалавечая сьцiсьненая ў вабцугох савецкага абсурду, дзе ня толькi дзеяць i гаварыць, але й думаць i дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсiх абавязковага шаблёну.
Ён пойдзе ў край белага нявольнiцтва, голаду, нэндзы, людаедзтва, а я — кiруюся на Захад, да «капiталiстычных» гаспадарстваў, дзе буду прынамсi спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госьцi з ГПУ не пастукаюцца да мае гасподы», — пісаў Аляхновіч.
Францішак Аляхновіч
Ён падрабязна апісаў ва ўспамінах гістарычную сустрэчу:
«Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. Зь iм — з двума палiцыянтамi па бакох — той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты мамэнт я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень «капiталiстычнага гаспадарства» меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты... Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце...
Гэтулькi гадоў ня бачыўшы, з зацiкаўленьнем углядаўся я на гэтага чалавека, якi, хоць у добрай веры, усё-ж гэтулькi зламаў чалавечых жыцьцяў, кiруючы вочы сваiх землякоў на мiраж за межавымi слупамi...
Цырымонiя абмену. Адданьне чэсьцi, паклон капялюшом, сьцiсканьне рук, падпiсаньне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер — чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi».
Краязнаўца Кастусь Шыталь адзначаў: «Браніслаў Тарашкевіч пайшоў у СССР. Спачатку то яму магло здацца, што ён на волі, бо вакол не было турэмных кратаў. Затое адразу ён убачыў, як камуністы знішчылі ягоную найважнейшую працу для Беларусі — беларускі правапіс».
8 студзеня 1938 г. Тарашкевіч быў прыгавораны да расстрэлу. Пад нечалавечымі катаваннямі падпісаў даносы на 249 (!) чалавек. Даследчык Леанід Маракоў выказваў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч не быў расстраляны, а загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.
«Камуністычная сістэма — смяротна небяспечная і знішчыла шмат беларусаў. Гэтаксама смяротна небяспечнымі ёсць сістэмы, якія выраслі на спадчыне камунізму», — падкрэсліў спадар Шыталь.
Францішку Аляхновічу было наканавана пражыць яшчэ 11 гадоў пасля вызвалення. Ягоная кніга «У капцюрох ГПУ», напісаная на волі, сталася адным з першых сведчанняў пра жахі ГУЛАГу.
«Францішак Аляхновіч быў забіты ў Вільні ў сваёй кватэры 3 сакавіка 1944 г. Хто яго забіў — чырвоныя партызаны ці АК, невядома да нашага часу. Але перад забойствам Аляхновіч як рэактар газеты «Беларускі голас» пачаў друкаваць спісы беларусаў, забітых АК-аўцамі ў Лідскім павеце», — пісаў гісторык Леанід Лаўрэш.
Чытайце яшчэ: «Дзядзька Тарас! Што чуваць у Вас з беларускай граматыкай?»