Кастусь Езавітаў — чалавек-міністэрства. Ён займаўся ўсім: войскам, палітыкай, адукацыяй, дыпламатыяй, падручнікамі, газетамі. Майстар перамоваў. Афіцэр. Палітык. Педагог. Прапагандыст. «Агент» савецкай выведкі. Арганізатар «беларускага легіёна СС»... — усё гэта змяшчалася ў адным чалавеку.
У Беластоку пабачыў свет раскошны зборнік — «Кастусь Езавітаў. Выбранае». Гэта першая кніга з серыі «Спадчына БНР». Яе ўкладальнікі — Наталля Гардзіенка, Юры Грыбоўскі, Лявон Юрэвіч.
Кніга доўгачаканая. Раней спадчына Езавітава была расцярушаная па зборніках ды архівах. Зараз — пад адной вокладкай мы маем успаміны, публіцыстыку, вершы, паказанні савецкім органам. А яшчэ — вялізны масіў ліставання (ды не абы з кім: з Ларысай Геніюш, Адамам Станкевічам, Міколам Абрамчыкам, Аляксандрам Чарвяковым і г. д.).
Кніга ўражвае не столькі аб’ёмам старонак (больш за 700), колькі маштабам асобы галоўнага героя.
Гэта — летапіс шалёнага тэмпу жыцця чалавека, які паспеў паспрабаваць усе магчымыя актыўнасці для беларускага дзеяча таго часу. Езавітаў замяняў сабой не адно, а некалькі міністэрстваў: Абароны, Асветы, Замежных справаў, а яшчэ — Дом Друку.
Калі ўзяць перыяд 1917-1920 гадоў, то акажацца: Езавітаў — паўсюдна. Як кадравы вайсковец — бярэцца за арганізацыю беларускай арміі. Кароткі час з’яўляецца камендантам Менска. Удзельнічае ў абвяшчэнні БНР. У Эстоніі дамаўляецца з Балаховічам пра пераход на службу Беларусі. Кіруе беларускім гарнізонам у Горадні. У Менску стварае культурніцкае таварыства «Бацькаўшчына». У краінах Балтыі — працуе як дыпламат...
Кастусь Езавітаў сярод бацькоў БНР (сярэдні ў другім шэрагу)
Заўважце, самому Езавітаву ў 1918 годзе — 25 гадоў. Гэта не перашкодзіла яму стаць «першым беларускім палкоўнікам», а далей і «генералам»!
«Маладое віно яшчэ бродзіць», — піша пра яго Антон Луцкевіч.
«Каб не было яго, было бы шмат горш», — удакладняе Клаўдзі Дуж-Душэўскі.
На першы погляд, Езавітаў бярэцца за ўсё, але — нічога не даводзіць да фіналу. Атрымліваецца «езавітаўшчына»: шмат шуму без толку. Але як працаваць, калі няма кадраў? Гэта ж не пра амбіцыі, а пра кадравы голад. Няма грошай. Няма саюзнікаў. Сярод саміх беларусаў няма разумення патрэбы ва ўласнай дзяржаве... Можна толькі ўявіць, якіх поспехаў дамогся б гэты энергічны чалавек у спрыяльнай сітуацыі ды з рэсурсамі пад рукой.

Кастусь Езавітаў за працай, 1928 г.
Езавітаў ніколі не быў прафесійным палітыкам. Але меў якасці палітыка: дыпламат, перамоўшчык, майстар камунікацыі. Не адкідваў ад сябе людзей, а прыцягваў. Дамаўляўся з усімі: немцамі, латышамі, Саветамі, абруселымі беларусамі, нават — латгальскімі стараабрадцамі! Акурат гэтых якасцяў, як правіла, не ставала айцам БНР.
У 1920-х Кастусь Езавітаў стаў архітэктарам «латгальскага цуду». У незалежнай Латвіі беларуская меншасць (пад 100 000 чалавек) была арганізаваная найлепей і была прыкладам: школы, культурніцкія арганізацыі, кнігі, часопісы, удзел у выбарах. Езавітаў меў ідэю: Латгалія — мае стаць беларускім П’емонтам, донарам нацыянальнага руху.
Як гэта зрабіць без рэсурсаў? Ніяк. Або — браць у тых, хто дае. Адсюль кантраверсійная старонка яго біяграфіі: супраца з савецкім Паўпрэдствам у Рызе.
Але Езавітаў крок за крокам праходзіў усе этапы тагачаснага беларускага руху: БНР, сімпатыі да БССР, развітанне з ілюзіямі, супраца з немцамі... Розніца ў тым, што ён быў не спажыўцом беларушчыны, а яе стваральнікам. А тут цяжка захаваць «белае паліто».
Не трэба ва ўсім гэтым бачыць «пераабуванне». Езавітаў браў грошы ў Камінтэрна, але пускаў іх — на беларускія школы. Чаму, уласна, Саветы і парвалі з ім стасункі. У Латвіі некалькі разоў сядзеў у турме, меў забарону на публічную дзейнасць. У БССР, у адрозненне ад Ластоўскага ці Смоліча, так і не паехаў. Калі ў Саветаў і было для яго нейкае «заданне» — то Езавітаў яго свядома заваліў.
Кім быў Езавітаў па поглядах? Нацыяналістам. Не сімпатыкам беларушчыны, не адраджэнцам, не сацыялістам, не аматарам беларускай культуры, а — класічным нацыяналістам. Сярод яго тэкстаў няма глыбокіх ідэалагічных працаў, а вось крэда — ёсць. Выпісанае ў вершы, які з’явіўся пасля вызвалення з рыжскай турмы:
«У куце больш не маю бажніц —
Мапа там, а на ёй — Беларусь...»
Езавітаў не тэарэтык, а практык (нягледзячы на аб’ём напісанага). Сваё крэда ён сцвярджаў учынкамі — працай. Яго шлях — шлях нацыянальнага эгаізму. Не асабістага, але — нацыянальнага. Мэта: незалежная дзяржава. Усё іншае, уключна з саюзнікамі і метадамі — часовае. Беларусь — вечная.
Пры ўсім гэтым ён заставаўся рэалістам. Нацыянальныя пастулаты, паводле Езавітава, «...павінны быць абаперты ня толькі на юрыдычна праўнай падставе, але яшчэ і на беларускі штык». Ужо будучы цяжка хворым, згубіўшы больш за 16 кг, у Берліне 1945-га, пад бомбамі, ён далей працягваў справу жыцця. На той момант — цалкам безнадзейную справу.

Кастусь Езавітаў і прэмер БНР Язэп Варонка
Рэдка пішуць пра тое, што перад затрыманнем СМЕРШам генерал спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. На той момант для яго ўсё было скончана. Адзін з запісаў яго «берлінскага дзённіка», з лютага 45-га: «Усё гарыць». Гарэў не Берлін, а яго мары — пра незалежную Беларусь.
Езавітаў на той момант быў адным з апошніх бацькоў БНР. Тых, хто прымаў у 1918-м Трэцюю Устаўную грамату. Іхны час — «час бацькоў» — сышоў. Усё, што паспелі і не паспелі, усе перамогі і грахі — усё гарэла ў агні, бо пачыналася цалкам новая эпоха. Эпоха — дзяцей. А далей — унукаў...
Цікава, ці думаў пра гэта сам Канстанцін Езавітаў у маскоўскай Лубянцы, а пасля ў менскай Амерыканцы, куды яго даставілі, ледзьве жывога, каб выцягнуць апошнія паказанні перад гібеллю?..

Кнігу «Кастусь Езавітаў. Выбранае» можна набыць у інтэрнэт-краме Kamunikat
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.