Археолагі знайшлі агароджу двара сінагогі і артэфакты XVII-XVIII стагоддзяў у Ваўкавыскім раёне

У размешчанай у Ваўкавыскім раёне вёсцы Ізабелін з багатай гісторыяй праводзяцца археалагічныя раскопкі. Цяпер ажыццяўляецца рэстаўрацыя архітэктурнага помніка XVIII стагоддзя — барочнай сінагогі. У будучым тут плануецца арганізаваць музейную экспазіцыю, піша Белта.


Archiealahičnyja raskopkiФота інстытута гісторыі НАН Беларусі

У канцы мінулага года тут быў знойдзены падмурак невядомага будынка. Як высветлілася, гэта былі пабудовы так званай кляйне шуль — малой сінагогі, збудаванай у 80-х гадах XVIII стагоддзя.

У сувязі з рэстаўрацыяй патрабуецца археалагічны нагляд за землянымі працамі. У новым сезоне была знойдзена лінія каменнага падмурка каля дарогі ў цэнтры вёскі. Высветлілася, што гэта агароджа сінагагальнага двара, што дазваляе вызначыць параметры гэтай канфесійна-грамадскай структуры XVIII — першай паловы XX стагоддзя ў цэнтры вёскі.

Акрамя таго, была знойдзена цікавая калекцыя артэфактаў, у тым ліку набор кафлі з геаметрычным арнаментам для печы XVII стагоддзя, што сведчыць аб наяўнасці будынкаў у гэтым месцы ў названы перыяд. Аб актыўнай гандлёвай дзейнасці ў вёсцы кажа выяўленая шкляная пломба ад бутэлькі джыну XVIII ст., магчыма, кантрафактнай, з таўром LOND(O)N.

Як адзначаюць вучоныя, далейшыя даследаванні, захаванне і магчымая дэманстрацыя аб’екта магчымы толькі ў рамках усяго комплексу сінагагальнага двара XVIII — першай паловы XX стагоддзя, гістарычна сфарміраванага ва ўсходняй частцы Галоўнай (Рынкавай) плошчы Ізабеліна.

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.