У канцы 2017-га я ўзначаліла моладзевую арганізацыю, пра якую незалежныя СМІ згадвалі да гэтага не сказаць каб часта. Але ў той момант да мяне імгненна і нечакана прыйшла “вядомасць”. Дакладней, хваля інтэрнэт-крытыкі, датычнай маёй персоны і знешнасці (у прыватнасці броваў). На ўласнай скуры я адчула, што гэта за звер такі – кібербулінг. І даведалася, як з ім змагацца.
Вядома, усе мы сутыкаемся з інтэрнэт-тролямі і беспадстаўным цкаваннем у каментарах. Хтосьці спраўляецца з гэтым з усмешкай, хтосьці можа загнаць сябе ў глыбокую дэпрэсію. Сваю хвалю булінгу я перажыла без слёз і істэрык. Досвед, вядома, не самы прыемны, але цікавы, бо новы і дзіўны для мяне – чалавека, які не надта любіць быць у цэнтры ўвагі.
24 снежня 2017-га прайшоў з’езд Моладзі БНФ, дзе адбыліся выбары новага кіраўніка (замест Юрыя Лукашэвіча). Прапусцім падрабязнасці досыць крывавага спаборніцтва кандыдатаў, бо, як вы ведаеце, паводле вынікаў галасавання перамагла “дзяўчына з ярка нафарбаванымі чырвонымі вуснамі і бровамі ў традыцыях Леаніда Ільіча”. Нібыта і недарэчна гучыць такое падрабязнае апісанне знешнасці чалавека, калі размова пра кіраўніка арганізацыі, але, як высветлілася, гэта важны момант.
Першая хваля: бровы, мемы, цкаванне блізкіх
Пасля публікацыі навіны першая рэакцыя была нібыта і станоўчая: віншаванні ад сяброў, аднагрупнікаў і сям’і. Чытаць каментары асабліва не было калі, і дабралася я да іх толькі ранкам наступнага дня. Першы прачытаны каментар, калі не памыляюся, быў такі: “Выбралі за бровы”. Шчыра кажучы, ён мяне па-сапраўднаму развесяліў. Да гэтага не чула, што з бровамі нешта не так, але каментатарам, напэўна, бачна лепш. Але ў асноўным былі “арыгінальныя” каментары а-ля “тэма цыцак не раскрытая”, параўнанні з Брэжневым, сэксісцкія вершыкі і здагадкі пра тое, якім менавіта чынам прыгожая дзяўчына можа заслужыць высокую пасаду. Такое ўражанне, што інтэрнэт-тролі дзейнічаюць больш-менш паводле аднаго шаблону, бо такога кшталту каментары былі і на іншых сайтах.
Варта адзначыць, што блізкія падтрымлівалі і раілі не звяртаць увагі на негатыў, але я і не думала пакутаваць. Так склалася, што я ніколі не прымала блізка да сэрца беспадстаўную крытыку. І мне гэта дапамагло.
Неўзабаве пачалі клікаць на інтэрв’ю. Памятаю, як страшна было ісці на інтэрв’ю з “Нашай Нівай”, ведаючы пра іх прыярытэты ў тэмах і скандальнасць. І сапраўды: паабяцаўшы не закранаць асабістыя тэмы, ужо праз паўгадзіны журналіст пачаў распытваць, колькі ў мяне было хлапцоў, як мне спадабацца, а таксама пра прычыны майго расставання з былым.
Шмат непрыемнага пісалі ў сацыяльных сетках, таму давялося адключыць магчымасць звяртацца праз асабістыя паведамленні. Порцыя цкавання дасталася і майму былому хлопцу, якому таксама пісалі пра мяне. Пачалі з’яўляцца мемасікі (вось яна, папулярнасць!), але я нічога асабліва дрэннага ў гэтым не бачыла, бо многія з іх сапраўды былі дасціпныя і не крыўдныя.
Зноў жа, шмат пра бровы — улюбёная тэма каментатараў, яна ўжо і мяне весяліла. Раілі запісацца на курсы макіяжу, нехта нават асабіста напісаў, што можа падказаць добрага майстра. Паважаныя канапныя візажысты, я раблю такія бровы, бо мне так падабаецца, а не праз тое, што не ведаю, як зрабіць інакш. Таму, даруйце, я пабуду крыху яшчэ “Брэжневым”.
У твітары, наколькі я ведаю, разгарэлася сапраўдная хейт-вайна, але мяне там, на шчасце, няма. Нават крыху шкада мясцовых разумнікаў, якія так намагаліся мяне зачапіць, таму што большая частка вынікаў іх творчасці так і засталася без увагі цемнабровай гераіні. Але некаторыя шэдэўры ўсё ж трапілі да мяне, таму ў якасці бонусу прыводжу парачку найбольш “дасціпных” жарцікаў:
“Когда ко мне на брови приходят светленькие девушки и вместо палетки блонд просят графит, то кажется, что это агентура Анечки Смилевич”; “Если объединить в одном человеке волосы Дзерманта, брови Смилевич, глаза Максима Пушкина, нос Мотолько, усы Л., улыбку Солодухи, шею Шуневича, сиськи Ситник, руки Ермошиной, тело Щёткиной и ноги Александра Глеба,то получится человек, который выживет при любом президенте Беларуси”.
Можна хіба парадавацца, што ў некаторых хапае фантазіі прыдумаць нешта арыгінальнае.
Другая хваля: адлічэнне, “разам да цкавання!”
У нейкі момант падалося, што ўсё нарэшце заціхла і пачалася адносная адліга, але цягнулася яна нядоўга.
Калі ты сябра недзяржаўнай моладзевай арганізацыі (не гаворачы ўжо, што ты яе кіраўнік), будзь упэўнены, што рана ці позна праз твае перакананні ў цябе ўзнікнуць праблемы з вучобай ці працай, а яшчэ цябе хутчэй за ўсё чакаюць “суткі”. Мой адпачынак у санаторыі “Акрэсціна” яшчэ, відаць, наперадзе, але ціск ва ўніверсітэце сапраўды пачаўся, і неўзабаве мяне напаткала “непалітычнае” адлічэнне.
Пасля гэтага пра мяне пачалі пісаць проста паўсюль.
Каментатары быццам падзяліліся на дзве фракцыі, і калі адны падтрымлівалі і спачувалі, іншыя былі перакананыя, што я толькі прыкрываюся палітычнай дзейнасцю, а насамрэч проста не падрыхтавалася да сесіі, маючы планы з’ехаць за мяжу. Былі нават меркаванні, што я і кіраўніком Моладзі БНФ толькі для гэтага і зрабілася. І, вядома, у большасці выпадкаў усё гэта ў нецэнзурнай форме.
Зайсці ў фэйсбук і не пабачыць у стужцы пастоў пра сябе (а пад імі і негатыўныя каментары) было проста немагчыма. Я даўно перастала чытаць каментары, а пасля гэтага не чытала ніводнай публікацыі ў СМІ пра сваё выключэнне, бо проста не хацела псаваць настрой. Так дасюль і не прачытала.
Але зразумела, што нішто не вечнае. Інтэрнэт-тролям таксама рана ці позна надакучвае скіроўваць усю сваю энергію на адну асобу, і яны сыходзяць шукаць новую ахвяру.
Цяпер пра маё абранне, бровы і адлічэнне ўсе забылі, а новых інфанагодаў, вартых усеагульнага абмеркавання, з майго боку не было. Можна адпачыць, рыхтуючыся да новай магчымай хвалі булінгу. Зрэдку сустракаю негатыўныя згадкі пра сябе. Звычайна гэта альбо нешта шмат разоў бачанае, альбо такая лухта, што і чытаць нудна. Напрыклад, не так даўно быў прапагандысцкі артыкул, апублікаваны на пракамуністычным сайце, дзе сцвярджалася, што ў мяне быў раман з былым кіраўніком Моладзі БНФ, за што той і прасунуў мяне на гэтую пасаду. Застаецца толькі здзіўляцца хваравітай фантазіі людзей, якія гэтым займаюцца, а таксама зайздросціць колькасці вольнага часу ў іх.
Высновы. З такімі “сваімі” і “чужых” не трэба
Падводзячы вынікі, разумееш, што, калі знянацку робішся вядомым (неістотна, у палітыцы ці ў іншай сферы), заўсёды будуць людзі, якія будуць ставіцца да цябе негатыўна. І гэта неабавязкова будуць твае апаненты ў палітычных перакананнях, прадстаўнікі канкуруючай арганізацыі ці хтосьці яшчэ.
Большасць негатыўных каментароў была ад людзей той жа сферы інтарэсаў, што і ў мяне, такая ж прабеларуская моладзь. Аўдыторыя Радыё Свабода і Белсата, чытачы “Нашай Нівы” і наведнікі пабліка “МКБ”… Не актывісты БРСМ ці камуністы. Калі ад іх штосьці і было, дык яно папросту гублялася ў моры агульнага цкавання.
Калі ты заахвочаны сваёй справай, крытыка не зможа цябе зламаць. Шмат працы і іншых праблем было ў той момант: я ўзначаліла арганізацыю на 750 чалавек, страціла месца ва ўніверсітэце. Пагадзіцеся, неяк не да хейтараў. Зрэшты, і я была падрыхтаваная. “Бландзінка з чырвонымі вуснамі ўзначаліла апазіцыйную арганізацыю.” Дзіўна было б, калі б усе праігнаравалі гэты факт.
Калі паважаеш сябе, не будзеш псаваць настрой чужым негатывам, асабліва ведаючы, што ўзровень праўды там блізкі да нуля. Канструктыўнай крытыкі папросту няма. А большасць каментароў — прымітыўнае абмеркаванне знешнасці, імкненне пазубаскаліць і папрактыкавацца ў дасціпнасці. Калі гэта разумееш, неяк і жыць прасцей.
З уласнага досведу магу сказаць: варта папросту не ўспрымаць усё блізка да сэрца, умець пасмяяцца і з сябе і з каментатараў, а таксама навучыцца адрозніваць канструктыўную крытыку ад беспадстаўнага хейту — усё, што неабходна, каб змагацца з кібербулінгам. Не весціся на абразлівыя каментары, быць збоку, а яшчэ лепш — вышэй за гэта. Не карміць троля. Заўважаць пазітыў.
Было шмат негатыву, але і колькі падтрымкі ад зусім розных людзей, нават незнаёмых і нават не з Беларусі. А гэта бясконца натхняе і лепш застаецца ў памяці.
Ганна Смілевіч для budzma.by