Культура кожнага сучаснага народа грунтуецца на падмурку, якi сфармаваўся на аснове старажытных пракультураў i сягае глыбокай даўнiны, прасякнутай вераваннямi ў звышнатуральнасць прыроды i яе праяваў. Кожны народ мае свой мiфалагiчны комплекс, заснаваны на гэтых вераваннях i ўяўленнях, якi да нашых дзён данёс рудыменты найбольш архаiчнага культурнага пласта. Традыцыйная культура беларусаў да гэтага часу захоўвае значную колькасць старажытных мiфалагiчных элементаў.
Паколькi само iснаванне чалавека залежала ад прыроды, нашыя продкi не выдзялялi сябе з навакольнага свету. Мiфалагiчнае мысленне аб’ядноўвае ў адно цэлае ўсё, што знаходзiцца i здараецца навокал (прырода, жывёлы, раслiны, нябесныя целы, стыхii, ежа, жытло, прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, адзенне i iншыя вырабы), адушаўляе i адухоўлiвае яго, надзяляе звышнатуральнымi ўласцiвасцямi. Усе падзеi i кампаненты навакольнага свету звязаныя татальнай залежнасцю адно ад аднаго, узаемаўплываюць адно на адно, уяўляюць сабою суцэльны арганiзм. Дзеля падтрымкi гэтага арганiзму як ўстойлiвай, упарадкаванай, цэласнай касмiчнай сiстэмы адбываецца ўсеабдымная рытуалiзацыя жыцця (побыту, працоўнай дзейнасцi, сямейнага жыцця, пражывання каляндарнага часу). Кожны аб’ект сакралiзаванай этнакультурнай прасторы набывае не толькi ўтылiтарныя функцыi, але i сiмвалiчнае значэнне, звышнатуральныя ўласцiвасцi i характарыстыкi. Прадметы i аб’екты аказваюцца падзеленымi чалавечым уяўленнем на жаночыя – мужчынскiя (гарчшок – гладышка), чыстыя – нячыстыя (конь – воўк), карысныя – небяспечныя. Некаторыя з iх могуць быць адначасова i ў адной, i ў другой iпастасi: агонь i полымя, якiя могуць не толькi сагрэць, асвяцiць, ачысцiць, але i апячы, спалiць, знiшчыць.
Прадметы i рэчы, надзеленыя празмернымi ўласцiвасцямi, маглi быць сродкамi магii, варажбы, чараўнiцтва. Выдзяляюцца прадметы з высокiм семiятычным статусам (напр., каравай, маска). Такiя прадметы патрабавалi асаблiвага стаўлення да сябе ўжо падчас вырабу. Выпяканне i ўпрыгожванне караваю, напрыклад, суправаджалася комплексам рэгламентацый, абмежаванняў, магiчных дзеянняў, каб ён стаў паўнавартым сiмвалам шчаслiвага шлюбу.
Такiя аб’екты чалавечай культуры як хата, печ, касцюм таксама мелi строга рэгламентаваную форму, структуру, аздабленне. Кожны прадмет вырабляўся са строгiм выкананнем пэўнай “карыснай” тэхналогii стварэння, надзяляўся карыснымi i небяспечнымi якасцямi i толькi тады ўключаўся ў свет чалавека.
Агонь
Як Бог выгнаў першага чалавека з раю, та чалавек пачаў дрыжаць ад холаду. От Бог вялеў яму ўзяць два кускі моцнага дзерава й церці іх. Як чалавек паслухаў Бога й тое зрабіў, та дзераво й загарэлася й сагрэла чалавека. Падгледзеў чорт, як чалавек грэецца, украў у яго трохі божага агню да як упёк стос лому, дак агонь шыбануў роўна з лесам. От чорт, каб пагрэцца, як скочыў у агонь, дак на ём уся шэрсць паскверлася, а сам ён абгарэў, бы галавешка. От затым ён такі чорны, што аж блішчыць, толькі зубы да бялкі белыя. Пабачыў чорт, што агонь пячэцца, да й занёс яго ў пекла, каб там агнём мучыць грэшныя душы. Ад тых часаў агонь служыць і людзям і ліхім.
Прыйдуць к табе: «Дай мне агонь». «Браце, не сягоня…» я буду, там, сеяць жыта, цi карову гнаць на пасту, я не дам. I ў такiя днi, калi пачынаеш што дзелаць, не даём. Што хочаш будзеш рабiць, дак не давай. У другiя днi можна, кажам «Назаўтра дам».
Кусь, Жыжаль, кусь!
Раса
Пад белаю бярозаю
Пала раса сцюдзёная,
А другая мядовая,
А трэцяя залатая.
Сцюдзёную таптаць буду,
Мядовую збіраць буду,
Залатую шанаваць буду.
Стаіць вярба сярод двара,
На той вярбе – залата раса.
Прыляцелі райскія пташкі,
Залату расу абцерушылі.
Вышла-выбегла красна дзяўчына,
Шаўкову хусту разаслала
І панясла да злотнікаў.
– Вы злотнічкі-надобнічкі,
Вылейце тры надобкі.
Перша надобка – залаты персцень;
Друга надобка – руцвяны вянок;
Трэццяя надобка – шаўковы каберац.
Залаты персцень – на ўпадабанне;
Руцьвяны вянок – на заручанне;
Шаўковы каберац – на шлюбаванне.
Ой у недзелю рано
Молодзенька Ганулька
У сад ходзіла,
Iз руты росу брала,
Росою умываласа,
А косою уцераласа.
Росою росенькою,
А косою русенькою.
Яначка – дзіця разумнае:
Ён мора селязнём плывець,
Ён поле сакалом ляціць,
У вароцех расой падзець,
На дварэ князем станець.
Зара-зараніца, красная дзявіца, па небу хадзіла, ключы ўраніла, як сонца ўзыйшло i ключы найшло.
Арэлі
А на гарэ сонца, калышуцца дзеўкі,
Гу-ля-лё, рана маё!
“Вяроўку ўкрадзем к бацькоў, лапці абуем і гарцуем цэлы дзень. Як калыхаліся, дык пелі:
Соракі, соракі, соракі, соракі,
Сорак вяровак порвалі, порвалі, порвалі,
Сорак дошчак зломалі, зломалі, зломалі,
Сорак вузлаў звязалі, звязалі.
А я калышуся і не баюся,
Скінуся з дошкі ды разаб’юся.
* А качэлі на любое дзерава вешалі?
* Два ўкапаюць сталбы, не сталбы, а на касіну так. А патом бальшую толстую палку.
* Доску, а не палку.
* Не. Доска ламаеца. Палка ж.
* Ну і калышуцца і песні пяюць. І так ужэ закалышуць, што ой-ё-ёй! Высокае. А ета ж нізка. Доска. Як разгоняцца – дак –о-о-о-й! Ні так, што дзеці.
Як я была малюсенька –
Калыхала матуленька,
Ой дуба-дуба-дуба,
Дзяўчына мая люба.
А як сталі падрастаці –
Сталі хлопцы калыхаці.
Ой дуба-дуба-дуба,
Калыхалі мяне хлопцы
То ў рэшаці, то ў каробцы,
То рукамі, то нагамі,
То пад бочак кулакамі.
* эта на Соракі.
Карагод
Ды хадзіў карагод
Каля нашых варот.
Я чула, бачыла,
Не паспела сказаць,
Карагодам назваць,
Ды у хату пазваць
І віном частаваць.
Вянок
Ой сіняя волошынка,
А хто цебэ тут посеяв?
Сеяв мэне сухі чэцьвэр,
А п’ятніца полівала,
А субота вэнкі віла,
А недзелька поносіла,
Бога долі прасіла.
— Ты, Купалінька,
Да і дзе ты была,
Да што ты рабіла?
— Да ў бару была,
Я краскі збірала.
— Нашто красачкі?
— Я й вянкі віці.
— А нашто вяночкі?
— Дзевачцы на галоўку.
Бліны-яешня
“На Дзяды пячэм бліны і аладачкі. Аладачкі маленькія – ета памерлым дзецям, а вялікія бліны – дарослым. На кожнае вакно кладзём па аладачцы. Дзяды ноччу прыходзяць вячэраць, дак ета для іх”.
На Дзяды “босую” яешню пяклі – крухмал заварваеш кіпячоным малаком, сем-восем яец – і ў печку, яешня абязацяльна. Елі ўсе з адной міскі. Пасля вячэры стол не ўбіралі, закрывалі белым абрусам. Гаварылі, што яны (дзяды) прыходзяць і ядуць.
Ай, калядачкі,
Бліны-ладачкі.
Ай, рана-рана,
Бліны-ладачкі.
Ай, мікольскія
Бліны не такоўскія.
Ай, рана-рана,
Бліны не такоўскія.
А васільскія
Бліны блізкія.
Ай, рана-рана,
Бліны блізкія.
Вясельны каравай
Вясельны каравай – абрадавы хлеб, абавязковы атрыбут беларускага вяселля. Яго выпяканне, упрыгожванне, перанос з аднаго месца правядзення абраду на другое, раздзел паміж родам суправаджаліся пэўнымі, строга рэгламентаванымі рытуальнымі дзеяннямі, прыгаворамі, песнямі. Каравай – сімвал будучага сямейнага шчасця, дабрабыту, па яго форме прадказвалі, якое будзе жыццё ў маладых. Для выпечкі караваю запрашаліся самыя паважаныя, абавязкова замужнія жанчыны, якія маюць дзяцей.
Старшая коровайныца коло саду ходыла,
Коло саду ходыла, дай калыну ломыла…
Дай калыну ломыла, коровая квітыла:
Ой ты ж муй короваю, я ж тыбэ убыраю.
То в лыст, то в барвынок,
То в зэлэныйі квіты,
То в зэлэныйі квіты, коб любылыся діты.
Для прыгатавання каравая браліся “з сямі палёў пшаніца, з сямі крыніц вадзіца, з сямі кароў масла, а яец паўтараста”. Падчас прыгатавання караваю прысутнічаюць не толькі анёлы, але “сам Бог коровай місыть”.
Чэрэз новыйі сіны
Тры ангелі лэтілы.
Лэтілы, лэтілы,
Дай на покуті сілы.
Дай пыталы, пыталы,
Чы коровай гібалы?
Ой шчэ ны гібалы,
Й оно так спочыналы.
Ой, гібнытэ, гібнытэ,
Да квітыны кладітэ,
По краёх – сыр да масло,
Посырод – долю-шчасце.
Пяклі каравай і ў маладога, і ў маладой. Каравай маладога часта ўпрыгожвалі месяцам, зробленым з цеста, каравай маладой – чырвонай калінай, барвінкам.
Ой був жэ я у пэчы,
Дай опік собі плэчы.
Коб жэ мні сыр да масло,
Ко б моё тіло згасло.