Дзеці рэдка мараць правесці вечар за вывучэннем алфавіту. Але, калі літары з’яўляюцца ў мульціках і гульнях, справа выглядае інакш. Сабралі бясплатныя праграмы і відэа, якія дапамогуць пазнаёміцца з беларускай мовай. Будуць карысныя і дзецям, і дарослым пачаткоўцам.

Ілюстрацыя створана з выкарыстаннем ШІ
Мабільная праграма для вывучэння беларускага алфавіту. Разлічана перадусім на дашкольнікаў, але пасуе пачаткоўцам любога ўзросту.
«Лемантар» мае тры блокі. У першым карыстальнікі бачаць літары і чуюць іх гучанне. Наступныя блокі — моўныя гульні. У адной трэба знайсці літару, з якой пачынаецца слова на малюнку, а ў другой — малюнак, які адпавядае слову.
Інтэрфейс мабільнай праграмы «Лемантар — беларускі алфавіт». Фота: скрыншот з мабільнай праграмы для iOS.
Версія для iOS дае магчымасць выканаць усе заданні на беларускай лацініцы.
Асаблівасці праграмы:
• Націскі ў словах не пазначаны.
• Словы маюць агучку.
Лемантар — беларускі алфавіт для iOS.
Лемантар — беларускі алфавіт* для Android.
* Праграмы ўжо няма ў Google Play, але яе можна заладаваць на сайце APKPure.
Даведка Budzma.org
APKPure — інтэрнэт-платформа, дзе можна заладаваць APK-файлы праграм для Android, калі патрэбная праграма ўжо недасяжная ў Google Play. APK (Android Package Kit) — файл усталёўкі праграмы. Яго трэба заладаваць на смартфон і ўсталяваць уручную. Інструкцыя размешчана на старонцы APK-файла. Рызыкі: файл можа быць пашкоджаны або з вірусам. Аўтарка тэксту ўсталявала на Android праграмы «Лемантар» і Lemantar праз APK-файлы. Вірусаў не знайшла.
Мабільная адукацыйная гульня для вывучэння слоў. Праграму распрацаваў Яўген Сліж з Гродна. Ідэя з’явілася, калі яго сын рыхтаваўся ісці ў першы клас. Яўген захацеў стварыць праграму, якая дапаможа сыну пазнаёміцца з алфавітам і пачаць чытаць.
Інтэрфейс мабільнай праграмы «Lemantar». Фота: скрыншот з мабільнай
праграмы для Android
Логіка гульні: на экране з’яўляецца слова і чатыры фотаздымкі. Гульцы мусяць выбраць той, які адпавядае слову. Словы згрупаваныя або паводле пачатковай літары, або па тэмах: адзежа, космас і інш.
Асаблівасці праграмы:
• Націскі ў словах не пазначаны.
• Словы не маюць агучкі.
Lemantar* для Android. Праграмы ўжо няма ў Google Play, але яе можна заладаваць на сайце APKPure.
Серыя анімацыйных відэа паводле кнігі Ганны Шчуко «Свет літар Пані Понюшкі». Праект «Гаварун» ператварыў ілюстрацыі аўтаркі ў анімацыю і агучыў словы. У роліках прадметы і героі з’яўляюцца на экране ў той момант, калі называецца адпаведнае слова.

Кніга Ганны Шчуко «Свет літар Пані Понюшкі» і скрын з відэа «Беларускі алфавіт» ад праекта «Гаварун». Фота: medisont.by, youtube.com
Фармат відэа:
• Колькасць відэа: 6.
• Працягласць аднаго відэа: 3-4 хвіліны.
Беларускі алфавіт на YouTube.
Кароткія відэа ад «Радыё Свабода» для папаўнення слоўнікавага запасу па пэўнай тэме. У кожнага выпуску яна свая: адзенне, кветкі, Каляды і інш. На экране з’яўляюцца прадметы і іх назвы.

Скрын з YouTube старонкі «Мова са свабодай». Фота: youtube.com
Фармат і асаблівасці відэа:
• Колькасць відэа: 43.
• Працягласць аднаго відэа: да 1 хвіліны.
• Націскі ў словах пазначаны.
• Словы не маюць агучкі.
Мова са Свабодай на YouTube.
Кароткія адукацыйныя відэа з простай анімацыяй, якая ілюструе словы са штодзённай лексікі.

Скрын з YouTube старонкі «Беларуская мова з Ліхтарыкам». Фота: youtube.com
Фармат і асаблівасці відэа:
• Колькасць відэа: 22.
• Працягласць аднаго відэа: 3-5 хвілін.
• Націскі ў словах не пазначаны.
• Словы маюць агучку.
Беларуская мова з Ліхтарыкам на YouTube.
Серыя адукацыйных відэа ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» для дзяцей 5-9 гадоў. У кожным выпуску вядоўца Васіль Дранько-Майсюк распавядае пра сістэму вымярэння даўжыні, вагі, аб’ёму, часу. Пад відэа ёсць дадатковыя матэрыялы ў фармаце PDF з цікавымі фактамі і заданнямі.

Скрын з відэа «Разумняты» і фота дадатковых заданняў, якія далучаны да кожнага выпуску. Фота: youtube.com
Фармат відэа:
• Колькасць відэа: 5.
• Працягласць аднаго відэа: каля 5 хвілін.
Разумняты на сайце Budzma.org
Выбірайце праграмы і відэа, якія найбольш даспадобы, і пачынайце сяброўства з беларускай мовай ужо сёння.
Ганна Ажына, budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.