Плённым на творчыя сустрэчы стаўся апошні тыдзень красавіка для Сяргея Законнікава і Эдуарда Акуліна. 25 красавіка паэты наведалі Мікашэвічы, дзе ўзялі ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 10-годдзю ўтварэння Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведзскага.
Вось як пракаментаваў паездку ў палескую глыбінку Эдуард Акулін: “На юбілей гімназіі мы ехалі не як сталічныя госці, а як старыя сябры гімназіі. Саюз беларускіх пісьменнікаў мае даўнія і трывалыя сувязі з калектывам гэтай навучальнай установы. Мы з Сяргеем Законнікавым наведаліся ў Мікашэвічы ажно тройчы. Гэтым разам, акрамя творчай, мы выканалі і афіцыйную місію – уручылі дырэктару гімназіі Сяргею Пятровічу Высоцкаму ганаровую грамату ад імя Рады СПБ”.
30 красавіка Эдуарда Акуліна і Сяргея Законнікава ўжо чакалі ў Фаніпальскай гімназіі. Тут у актавай зале паслухаць паэтаў сабралося каля двухсот вучняў старэйшых класаў. Сяргей Законнікаў прадставіў на суд старшакласнікаў вершы са свайго новага паэтычнага зборніка “Дол”, а Эдуард Акулін здалеў захапіць залу сваімі лірычнымі баладамі і песнямі.
Імпрэзы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Фотаздымкі Эдуарда Акуліна.
На фота:
1. Сяргей Законнікаў і Эдуард Акулін.
2. Імпрэза ў Мікашэвічах.
3. Пасля сустрэчы ў Фаніпалі.