Міжнароднае агенцтва па дыстрыбуцыі дакументальнага кіно Filmotor набыло правы на фільм беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы «Лісты» (Letters From the Silenced Country) напярэдадні ягонай прэм’еры на Венецыянскім кінафестывалі, піша zerkalo са спасылкай на Variety. Фільм прысвечаны рэпрэсіям у Беларусі.
З матэрыялаў фільма «Лісты». Крыніца: DocEdu Foundation
Filmotor будзе прадстаўляць карціну на сусветным рынку — кампанія зоймецца продажам правоў тэлеканалам і прасоўваннем стужкі на кінафестывалях. Яна грунтуецца ў Чэхіі і надае адмысловую ўвагу фільмам з Цэнтральнай Еўропы, у яе каталогу — карціны, адзначаныя Берлінале, Венецыянскім кінафестывалем і шматлікімі іншымі пляцоўкамі.
«Мы з нецярпеннем чакаем магчымасці паказаць «Лісты» свету. Гэта глыбока кранальны і мастацка значны партрэт супраціву ў сучаснай Беларусі», — напісала агенцтва ў Facebook.
Заснавальніца і дырэктарка кампаніі па продажах і фестывальным прасоўванні Мікаэла Чайкова адзначыла ў каментары Variety, што Куціла з дапамогай анімацыі, архіўных матэрыялаў і асабістай перапіскі герояў стварыў пранізлівы вобраз чалавечай годнасці перад дыктатурай.
Часткова анімаваны дакументальны фільм расказвае пра сучасную Беларусь праз гісторыі людзей, якія перажылі турму, рэпрэсіі і выгнанне — тых, чые галасы прымусіў замаўчаць аўтарытарны рэжым пасля мірных пратэстаў 2020 года. Пачатак вайны ва Украіне справакаваў новы супраціў і новы віток рэпрэсій, з-за якіх адкрыта казаць пра палітыку ў Беларусі стала практычна немагчыма. Сюжэт фільма выбудаваны вакол лістоў, якія ў такіх умовах застаюцца адным з нямногіх спосабаў сувязі палітвязняў з навакольным светам.
Карціна расказвае пра гэта праз гісторыі некалькіх герояў, у тым ліку загінуўшага ў турме Вітольда Ашурка і некалькіх з’ехаўшых з краіны.
Сусветная прэм’ера «Лістоў» адбудзецца на 83-м Венецыянскім міжнародным кінафестывалі, які пройдзе з 2 па 12 верасня, у пазаконкурснай праграме Venice Open, пісаў раней «Позірк». Гэта будзе першы фільм сучаснага беларускага аўтара на гэтай пляцоўцы.
«Лісты» знятыя фондам DocEdu (Польшча) у капрадукцыі з літоўскай Moonmakers і нямецкай Inselfilm Produktion. Праект падтрымалі Польскі кінаінстытут, Літоўскі кінацэнтр і фонд Connected Foundation, а супрадзюсарамі выступілі польскі тэлеканал TVP, культурны цэнтр EC1 Lodz і нямецкі ZDF пры ўдзеле ARTE і Deutsche Welle.
Прадзюсар фільма Міраслаў Дэмбіньскі, які ўзначальвае фонд DocEdu, распавёў выданню, што ў 2006-м ужо здымаў фільм пра рэпрэсіі ў Беларусі — «Урок беларускага». З таго часу змяніўся толькі маштаб: пасля 2020 года ціск на нязгодных стаў значна шырэйшы, чым раней. Паводле яго слоў, галоўным выклікам для Куцілы было зняць фільм пра людзей, якіх нельга зняць, — і, як лічыць прадзюсер, рэжысёру ўдалося знайсці для гэтага мастацкае рашэнне.
Андрэй Куціла з гран-пры фестывалю дакфільмаў «Чалавек пад пагрозай», Лодзь, 2022 год. Фота: facebook.com/andrei.kutsila
Андрэй Куціла — вядомы дакументаліст, сузаснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Баранавічах Брэсцкай вобласці, скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Сярод яго вядомых работ — Summa, якая атрымала прыз IDFA за лепшы дакументальны фільм сярэдняй даўжыні ў 2018 годзе і «Сярэбранага Лайконіка» на кінафестывалі ў Кракаве ў 2019-м.
Пасля пратэстаў 2020 года Куціла быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і пасяліўся ў Польшчы, у Лодзі, дзе стажыраваўся ў галоўнай польскай кінашколе. У 2021 годзе ягоная карціна «Калі кветкі не маўчаць» — пра беларускіх жанчын, якія выходзілі ў ланцугі салідарнасці з кветкамі пасля пратэстаў 2020 года, — стала найлепшым дакументальным фільмам Варшаўскага кінафестывалю.