Пра смерць палітыка і грамадскага дзеяча паведаміў Ігар Кулей, сын жонкі Аляксандра Мілінкевіча.
Аляксандр Мілінкевіч. Фота: Белсат
Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, працаваў настаўнікам, навуковым супрацоўнікам і выкладчыкам. Быў кандыдатам фізіка-матэматычных навук, аўтарам дзясяткаў навуковых прац па квантавай электроніцы і лазернай тэхніцы.
У 1990–1996 гадах Мілінкевіч займаў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама, дзе адказваў за адукацыю, культуру, ахову здароўя, спорт, СМІ, міжнародныя сувязі і захаванне гістарычнай спадчыны.
Ён заснаваў і ўзначальваў грамадскае аб’яднанне «Ратуша», быў кіраўніком гродзенскага «Таварыства беларускай школы» і Беларускай асацыяцыі рэсурсных цэнтраў. У 2001 годзе кіраваў перадвыбарчым штабам Сямёна Домаша.
У 2005 годзе Аляксандра Мілінкевіча абралі адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Паводле афіцыйных звестак, ён заняў другое месца. У 2006–2016 гадах Мілінкевіч узначальваў Рух «За Свабоду». З 2022 года быў пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.
У 2006 годзе Еўрапарламент узнагародзіў яго прэстыжнай прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
Аляксандр Мілінкевіч таксама займаўся краязнаўствам і захаваннем гістарычнай спадчыны. Ён удзельнічаў у пошуках пахавання апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне і арганізаваў рэстаўрацыю старажытнага вежавага гадзінніка на Фарным касцёле ў Гродне.
Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Аляксандра Мілінкевіча. Светлая памяць.