Неверагодныя беларускія жанчыны. Ад Рагнеды да Багінскай. Заканчэнне

14.10.2020 Гісторыя

Сёлетні народны ўздым часта называюць «жаночай рэвалюцыяй». Маўляў, беларускія жанчыны прачнуліся, расправілі плечы і даюць джазу. Але ці былі нашы суайчынніцы спакойнымі ды рахманымі раней? Дзе ж там!


Сімвалічна, што пунктам адліку масавых маніфестацыяў стала менавіта 9 жніўня. Здаецца, дата прэзідэнцкіх выбараў — усё зразумела. Але ў той жа час 9 жніўня 2020-га споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Дата прайшла цалкам незаўважна, але тым не менш.

Памятаеце, як аматары сімвалаў і знакаў коратка характарызавалі сітуацыю ў Беларусі? «У Вільні адкапалі парэшткі Каліноўскага — і панеслася!..» Роўна гэтаксама можна было б сказаць: «Ларыса Антонаўна справіла свой юбілей — і пайшло-паехала!»

Дык што з нашымі жанчынамі? Ці ведаем мы па імёнах самых пасіянарных суайчынніц з нашай гісторыі? Першыя пяць імёнаў мы ўжо назвалі, а цяпер рэшта.

Цётка

Алаіза.png

Алаіза Пашкевіч, вядомая нам са школьнай парты толькі як Цётка, у рэальнасці мела каля 30 творчых псеўданімаў. Большасць — мужчынскія імёны накшталт Гаўрылы. Такі быў час — жорсткі, мужчынскі. Паводле легенды, упершыню «цёткай» яе назваў рабочы на мітынгу, гукаючы: «Добра цётка кажа!»

Па характары ж Алаізе нашмат больш пасаваў бы псеўданім Cor ardens — «палымянае сэрца». Яго пісьменніцы падорыць Антон Луцкевіч, але адно пасля яе смерці.

Алаіза Пашкевіч - Цётка (1).jpg

Алаіза Пашкевіч пражыла насычанае і нетыповае для тагачаснай жанчыны жыццё. Нарадзілася ў польскамоўнай шляхецкай сям’і ў Новым Двары. Пасля была вучоба ў Вільні да страты прытомнасці. У літаральным сэнсе: ад голаду. Пасля — палітыка, захапленне сацыялізмам, беларускай справай, Рэвалюцыя 1905 года. Ну і ўрэшце паэтычны дар, расцярушаны на некалькі дзясяткаў сабраных у пару зборнікаў.

Помнік Цётцы ў Шчучыне.jpg
Помнік Цётцы ў Шчучыне

Усё жыццё Цёткі — як полымя свечкі на вятрыску. Дзіцячы часопіс, які яна выдавала, так і называўся — «Лучынка». Хварэла на сухоты, таму магла згаснуць у любы момант. Разам з тым старалася сагрэць рукі ўсім, хто побач. Вершамі, папяровымі нумарамі «Нашай Нівы», практычнай дапамогай у шпіталях падчас Першай сусветнай. Дапамагаючы іншым, Алаіза захварэла сама — у краіне бушавала эпідэмія тыфу. Лучынка Алаізы Пашкевіч згасла ў 1916 годзе.

Цётка на значку.jpg
Цётка на значку

Паўліна Мядзёлка

мядзёлка.png

Акторка, настаўніца, валанцёрка, палітзняволеная, мемуарыстка, агент выведкі... Наша Мата Хары. Ці не самая кінематаграфічная з беларускіх жанчын — гераінь ХХ стагоддзя. Пакуль толькі патэнцыйна. Зрэшты, пачатак ужо пакладзены ў сёлетнім фільме пра Янку Купалу. Там Мядзёлка — спакуслівая femme fatale, праз якую пакутуе паэт.

Паўлінка нарадзілася ў сям’і арганіста ў Будславе. Падчас навучання ў Вільні лёс звёў яе з Бядулем, Каганцом, Цёткай, Ядвігіным Ш, ну і, вядома, з Купалам. У 1913-м у Пецярбургу прайшла прэм’ера купалаўскай «Паўлінкі»: п’есы пра жанчыну і для жанчыны. Для яе адной. Паводле легенды, Купала сам вучыў Паўліну цалавацца падчас рэпетыцыяў.

Паўліна Мядзёлка (3).jpg

Рэвалюцыя і грамадзянскай вайна падштурхнулі Мядзёлку пераключыцца на палітыку. Яе спадарожнік і будучы муж эсэр Тамаш Грыб змагаўся з польскай уладай у Заходняй Беларусі. Паўлінка пайшла па тым жа шляху, за што неаднойчы трапляла за краты. Сядзела таксама і ў гарадзенскім астрогу: вязні запомнілі, як элегантная дзяўчына няспешна зацягвалася папяросай падчас шпацыраў у дворыку...

У 1920-х Мядзёлка перабралася спачатку ў Прыбалтыку, пасля ў СССР. Там яна праходзіла па справе сумнавядомага «Саюза вызвалення Беларусі». Вынік — высылка ў Казань. Лічыцца, што Паўлінка мела кантакты з савецкімі органамі і пэўны час працавала па Купалу. Паэт ніяк не мог выкінуць з галавы яе вобраз. Ёсць звесткі, што ў гатэлі «Масква» ўлетку 1942-га, калі Купала скочыў у лесвічны пралёт, без Мядзёлкі таксама не абышлося: выходзіў ён нібыта з яе нумару...

Апошнія гады «ракавая жанчына» нацыянальнага руху дажывала ў Будславе, дзе і напісала мемуары ў форме споведзі пад назвай «Сцежкамі жыцця».

Ларыса Геніюш

геніуш.png

«Мама» — найбольш трапная мянушка, якую Геніюш літаральна заслужыла ў савецкіх лагерах у Комі АССР. Мянушку, вышэйшую за любыя ўзнагароды. Яе вершы тады называлі «глюкозай». Чыталі, перадавалі, завучвалі на памяць. Да Геніюш пад крыло збіраліся іншыя вязні-беларусы, каб не ўпасці духам, не забыць, хто яны ды адкуль.

Ларыса Геніюш з сямёй (2).jpg
Ларыса Геніюш з сям'ёй

Навучэнка Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Дзяячка эміграцыі. Жонка паспяховага лекара. Сярод бурлівых і супярэчлівых падзеяў 1940-х Ларыса Антонаўна спрабавала рабіць тое, што магла. Пісала вершы, друкавалася, ратавала архівы БНР. Усё гэта ёй прыпомнілі напрыканцы вайны, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Чэхаславакію. У СІЗА КДБ Мінска паэтку дапытваў асабіста Цанава. Яе і мужа засудзілі на 25 гадоў...

Ларыса Геніюш з сямёй (1).jpg
Ларыса Геніюш з сям'ёй

Далей была лагерная адысея: голад, этапы, бесчалавечнае стаўленне аховы. Усё гэта можна знайсці ў аўтабіяграфічнай кнізе «Споведзь». Вярнуўшыся з мужам на Радзіму пасля адбыцця тэрміну, Ларыса Антонаўна так і не прыняла грамадзянства БССР: засталася грамадзянкай БНР. Да самага скону за ёй сачылі, цкавалі, не давалі жыцця.

Лагерная роба Ларысы Геніюш у руках а.Аляксандра Надсана (2).jpg
Лагерная роба Ларысы Геніюш у руках а.Аляксандра Надсана 

А ў сціплую хатку ў Зэльве цягнуліся паэты, мастакі, інтэлігенцыя. Нават наскрозь савецкі паэт і франтавік Максім Танк аддаваў даніну павагі мужнай жанчыне, спрабаваў дапамагчы.

Сёння ля царквы ў Зэльве стаіць помнік Ларысе Антонаўне, за які стваральнікі не раз рубіліся з мясцовымі ўладамі. А далёка за мяжой, у Беларускім музеі ў Лондане, як рэліквія захоўваецца яе лагерная роба з нумарам «287».

Станюта

станюта.png

«Беларуская Мадонна: глянеш — перажагнацца хочацца!» — так пра Стэфанію Міхайлаўну казалі калегі па тэатры. Высокая, прыгожая, гатычная — вобраз нібы спісаны з познесярэднявечнай сакральнай скульптуры. Большасць роляў Стэфаніі Станюты ў савецкіх фільмах былі эпізадычнымі. Але паводле рэжысёраў, тыя эпізоды часцяком уражвалі больш за выхады галоўных герояў.

Стэфанія Станюта (1).jpg

А яшчэ Стэфанія Станюта — равесніца стагоддзя, якая большую частку жыцця пражыла ў Мінску. У дзяцінстве ёй давялося прысутнічаць на афіцыйнай сустрэчы з Мікалаем Другім. У 1920-я — граць ролі ў пастаноўках яшчэ не забароненага на той час Уладзіслава Галубка. Падчас Другой сусветнай у Томску яна ладзіла тэатральны гурток з параненымі жаўнерамі. З 1932-га і да канца жыцця працавала ў Купалаўскім, дзе сыграла каля 200 роляў.

Стэфанія Станюта (3).jpg

Нават у 90-гадовым узросце Стэфанія Міхайлаўна трымалася ў добрай форме: шмат шпацыравала, апекавалася валацужнымі катамі, а ў хаце рабіла маскі ды самаробныя каралі з дрэва.

Стэфанія Станюта (4).jpg

Апошнім часам прозвішча Станюта зноўку замільгала ў СМІ. Размова пра гімнастку Меліціну Станюту, якая заўсёды падкрэслівае, што падобная да сваёй прабабулі, а яе поспехі — гэта таксама і гены вялікай акторкі.

Ніна Багінская

багінская.png

Невысокая жанчына ў чорным паліто, якую складана ўбачыць на вуліцы без сцяга — гэта Ніна Багінская. Раней некаторыя нават падсмейваліся і не маглі зразумець: навошта той сцяг ці плакат «Свабоду народу!», вышыты на спіне? Зразумелі адно сёлета. І ацанілі. «Бабуля беларускай рэвалюцыі» — жывы сімвал, да якога можна дакрануцца і падзякаваць.

Ніна Багінская (1).jpg

Ніне Багінскай 73 гады. На маніфестацыі і акцыі пратэсту яна ходзіць з 1988-га. Па стане на 2019 год яна была вінаватая ўладам больш за 16 000 даляраў — гэта штрафы, якія налічыў ёй суд за гады супраціву.

Ніна Багінская (2).jpg

Паводле першай спецыяльнасці — мантажніца радыёапаратуры. Паводле другой — геолаг, выведнік прыродных сховішчаў нафты і газу. Яшчэ адна спецыяльнасць — швяя. Апошняе, будучы на пенсіі, прыдалося найбольш: спадарыня Ніна шые сцягі і для сябе, і для іншых пратэстоўцаў.

Ніна Багінская легендарнае фота 2006 году.jpg
Ніна Багінская легендарнае фота 2006 году

Пасля фразы «Я гуляю!», якую Багінская выпаліла агаломшанаму АМАПаўцу ўлетку 2020-га, жанчына стала адной з ікон супраціву. А яшчэ, відавочна, сімвалам пераемнасці некалькіх пакаленняў пратэстоўцаў. Дзякаваць Богу, спадарыні Ніне нарэшце ёсць каму перадаць свой сцяг.

Арт з Нінай Багінскай і сілавіком.jpg
Арт з Нінай Багінскай і сілавіком

Алесь Кіркевіч, budzma.org