Неверагодныя беларускія жанчыны: ад Рагнеды да Багінскай. Пачатак

12.10.2020 Гісторыя

Сёлетні народны ўздым часта называюць «жаночай рэвалюцыяй». Маўляў, беларускія жанчыны прачнуліся, расправілі плечы і даюць джазу. Але былі ці нашы суайчынніцы спакойнымі ды рахманымі раней? Дзе ж там!


Сімвалічна, што пунктам адліку масавых маніфестацыяў стала менавіта 9 жніўня. Здаецца, дата прэзідэнцкіх выбараў — усё зразумела. Але ў той жа час 9 жніўня 2020-га споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Дата прайшла цалкам незаўважна, але тым не менш.

Памятаеце, як аматары сімвалаў і знакаў коратка характарызавалі сітуацыю ў Беларусі? «У Вільні адкапалі парэшткі Каліноўсага — і панеслася!..» Роўна гэтаксама можна было б сказаць: «Ларыса Антонаўна справіла свой юбілей — і пайшло-паехала!»

Дык што з нашымі жанчынамі? Ці ведаем мы па імёнах самых пасіянарных суайчынніц з нашай гісторыі?

Рагнеда

рагнхільд.png

Князёўна Рагнеда, або Рагнхільд — дачка Рагвалода, які ўладарыў Полацкам. З такім тыпажам і характарам яна б не горш за Лагерту ўпісалася ў серыял «Вікінгі».

Вядома, што да ганарлівай дзяўчыны ў 970-х гадах сватаўся ноўгарадскі князь Уладзімір, атрымаў адлуп і вырашыў адпомсціць. Узяў Полацк, забіў Рагвалода, а Рагнеду згвалціў і забраў у свой гарэм (вядома як мінімум пра шэсць ягоных жонак). Рагнеда не прабачыла і ў 978-м уначы спрабавала зарэзаць мужанька, але няўдала: той прачнуўся. Ад кары смерцю Рагнеду ўратаваў сын Ізяслаў, які таксама схапіўся за меч і рушыў на бацьку...

Рагнеда ў выкананні акторкі Аляксандры Борціч (2).jpg
Рагнеда ў выкананні акторкі Аляксандры Борціч 

У выніку Уладзімір так і не наважыўся забіць непакорную жонку, але адаслаў з сынам на колішнія Рагвалодавы землі. Так паўстаў горад Ізяслаў (Заслаўль), названы ў гонар сына палачанкі і бацькі-гвалтаўніка. А яшчэ — новая дынастыя полацкіх князёў.

Сама ж Рагнеда стала сімвалам не толькі жаноцкасці ды непакорнасці, але і партызаншчыны. Маўляў, крыўды не прабачаюць ніколі, нават праз гады, а нож заўжды варта трымаць за поясам.

Еўфрасіння Полацкая

ефрасіння.png

Еўфрасіння нарадзілася ў сям’і малодшага сына Усяслава Чарадзея. Лічыцца, што пострыг у манашкі прыняла таемна ад блізкіх. Так знайшла сябе! Заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, напаўняла бібліятэку Сафійскага сабора ў Полацку, кантралявала працэс летапісання, а ў 1150-я яе намаганнямі была збудаваная царква Спаса — вяршыня полацкай архітэктуры.

На яе замову быў створаны і легендарны залаты «Крыж Еўфрасінні Полацкай», выкрадзены з Беларусі ў ХХ стагоддзі. Паводле легенды, калі крыж вернецца на законнае месца, усе злыбеды беларусаў скончацца. А жыццё Еўфрасіння скончыла падчас падарожжа ў Ерусалім у 1173-м.

Ефрасіння Полацкая.png

Невядома, ці была Еўфрасіння фанатычна рэлігійнай жанчынай. Тое, што яна займалася навукай, будаўніцтвам, сама пісала музыку, можа сведчыць зусім пра іншае. Гэта быў чалавек навукі, які мог пазбегнуць сямейных і дынастычных клопатаў толькі адным шляхам — праз манастыр.

Хто ведае, як бы выглядала «жыціе» Еўфрасінні, калі б тая нарадзілася на 900 гадоў пазней. Магчыма, яна б стала вядучым акіянолагам і працавала б у Аўстраліі. Або шукала лекі ад раку дзе-небудзь у Ізраілі... Who knows?

Барбара Радзівіл

Барбара.png

Барбара нарадзілася ў самай заможнай сям’і Вялікага Княства — у доме Радзівілаў. Статусная нявеста дасталася наваградскаму ваяводу Станіславу Гаштаўту, але той хутка памёр. Калі б пажыў даўжэй, імаверна, імя Барбары ведалі б адно навукоўцы.

Барбара Радзівіл у выкананні Анны Дымнай (3).jpg
Барбара Радзівіл у выкананні Анны Дымнай 

Аплакаўшы мужа, Барбара знаёміцца з каралём Жыгімонтам і таемна заручаецца з ім у 1547-м. Гэтаму спрыялі яе браты: Мікалай Руды і Мікалай Чорны. Радзівілы зналіся на інтрыгах не горш за Борджыа і Медычы, таму пралічылі сваю дарогу да ўлады — праз сястрычку. Ад гэтага ўсяго былі ў шоку як кракаўскія алігархі, так і італьянка Бона Сфорца — маці караля. Лічыцца, што яна і атруціла нявестку ў 1551-м, праз год пасля каранацыі.

Лёс Барбары пасля смерці не менш цікавы, чым пры жыцці. Паводле легенды, несуцешны Жыгімонт выклікаў дух жонкі з дапамогай чараўніка Твардоўскага ў Нясвіжы. Умова чарадзея была такая: не чапаць! Жыгімонт не стрымаўся і кінуўся да каханай... У выніку яе дух так і не змог вярнуцца туды, адкуль прыйшоў, а прывід «Чорнай панны» дагэтуль блукае па залах Нясвіжскага палаца.

Смерць Барбары Радзівіл. Побач - кароль Жыгімонт.jpg
Смерць Барбары Радзівіл. Побач — кароль Жыгімонт

Гісторыю нашых Рамэа і Джульеты не аднойчы абыгрывалі мастакі ды літаратары. Шкада, адно польскія і літоўскія. Хто ведае, калі б пра Барбару напісалі сто гадоў таму Багдановіч ці Купала, ці была б класіка беларускай літаратуры такой, якой мы яе ведаем. Кактэйль з кахання і містыкі ў радзівілаўскай пазалоце раскрываецца беларусам толькі цяпер.

Саламея Русецкая 

саломея.png

Саламея — першая з нашых гераіняў, якая нарадзілася не ў княжацкай ці магнацкай сям’і. Яна дачка звычайнага мешчаніна з Наваградка. У 1731-м, калі Саламеі споўнілася 14, яе аддалі замуж за немца-лекара. Немцы на той час былі гатовыя ехаць па грошв і прыгоды на край свету, таму муж забраў жонку ды рушыў у Стамбул.

Саламея дапамагала ў лекарскіх справах і аказалася таленавітай вучаніцай. Успомніла бабульчыны знахарскія рэцэпты, падмяшала туды сучасныя веды з медыцыны, вывучыла лаціну і... пераўзышла мужа! Хутка пачала лекаваць заможных асобаў, набыла вядомасць. Усіх сваіх наступных мужчынаў Саламея таксама пераўзыходзіла: каго вучыла, каму дапамагала грашыма, а наступнага мужа нават выкупіла з рабства. Свае нявольнікі ў Саламеі, дарэчы, таксама былі.

На радзіму Саламея ўжо з рэкамендацыямі і бэкграўндам вярнулася на запрашэнне Міхаіла Радзівіла Рыбанькі ў Нясвіж. Пасля і там стала сумна — пераехала ў Пецярбург да расійскай царыцы Ганны Іаанаўны. Пасля ў Вену. Пасля ў Стамбул... Шляхі нашай авантурнай зямлячкі губляюцца паміж Палесцінай і Егіптам. Год і месца яе смерці невядомыя.

Магчыма, у Беларусі некалі паўстане клініка імя Саламеі Русецкай або прынамсі прэмія для медыкаў за працу ў экстрэмальных умовах. Або на «Беларусьфільме» нарэшце здымуць свой варыянт «Ангельскага пацыента» на дзясятак «Оскараў». Саламея таго вартая!

Эмілія Плятэр

ЭМІЛІЯ.png

Эмілія нарадзілася ў сям’і старога лівонскага роду, які прыжыўся на землях Вялікага Княства. Дзяцінства прайшло на беларуска-літоўскім памежжы акурат пасля завірухі Напалеонаўскіх войнаў. Дзяўчо атрымалася няўрымслівым: апроч чытання Шылера з Гётэ захаплялася конным спортам ды стральбою, а сваёй іконай абрала Жанну д’Арк.

Час Эміліі прыйшоў на пачатку паўстання 1830–1831 гадоў: ёй акурат споўнілася 25! Цікава, што ці то жартам, ці то ўсур’ёз мясцовыя дваране праз рытуал прынялі яе ў сёстры Лівонскага ордэна. «Сястра-мечаносец» далучылася да паўстання, а ў хуткім часе ўжо кіравала атрадам з прыкладна 300 вершнікаў ды касінераў. Ваявала Эмілія ў раёне сучаснага Даўгаўпілса і Коўна.

Эмілія Плятэр у выкананні акторкі Магдалены Асінскай (2).jpg
Эмілія Плятэр у выкананні акторкі Магдалены Асінскай 

Няхай Эмілія і даслужылася да капітана, але для вышэйшага кіраўніцтва афіцэрам яна была максімальна нязручным. Напрыклад, калі ўсе адступалі ў Прусію, Эмілія рвалася прабівацца ў Варшаву на дапамогу іншым паўстанцам.

Нягледзячы на смеласць, Эмілію ўсё ж зламала хвароба. Яе схавалі шляхцічы Абламовічы, выдаючы за маладую настаўніцу сваіх дзяцей. Там на каталіцкія Каляды 1831-га яна і адышла ў лепшы свет.

Эмілія Плятэр.jpg

Вобраз Эміліі Плятэр стаў легендай у народаў-суседзяў: у Польшчы да 1939 года яе партрэт месціўся на банкноце ў 20 злотых. У беларускі сусвет Эмілія толькі пачынае вяртацца — на прынтах і стыкерах, а таксама як прыгожы варыянт імені для нованароджанай дачкі.

Працяг будзе!

Алесь Кіркевіч, budzma.org